«Ланцуг свабоды»: спантанны і эфэктны
Беларуская апазыцыя навучылася праводзіць прыгожыя палітычныя акцыі. Нават у дзесяціградусны мароз, у цёмны час сутак, безь ніводнай улёткі ў Менску (першы правал новага Фронту) і бяз згадкі пра акцыю ў «Народнай волі» на «Жывую сьцяну Свабоды» прыйшло каля 2000 менчукоў, хоць ня ўсе са сьвечкамі, а ня ўсе тыя, што са сьвечкамі — з донцамі плястыкавых бутэлек, безь якіх сьвечкі гаснулі на вятрузе. Ланцуг расьцягнуўся ад Якуба Коласа да кінатэатру «Кастрычнік».
Мінакоў на праспэкце гэта моцна ўражвала. Ашаломленыя, яны пыталіся, што вымусіла столькіх людзей у такі мароз стаяць на вуліцы, а даведаўшыся, сымбалічна далучаліся.
Акцыя была прымеркаваная да трэцяй гадавіны перавароту, а таксама супраць саюзу з Расеяй. Саюзу не атрымалася. Пакуль што. Афіцыйная вэрсія — з-за хваробы Барыса Ельцына. (Неафіцыйна кажуць, што Пуцін «ня даў дзеду таблетак», і таго ўжо няма.) Але кожны з тых, хто стаяў 24-га ў жывым ланцужку, адчувае гонар, мяркуючы, што ў зрыве ганебнага падпісаньня ёсьць і яго, хай і маленькая, але заслуга. Па сканчэньні акцыі затрымалі 5 юнакоў, двух зь іх афіцыйна папярэдзілі.
Каля 1000 чалавек выйшлі на аналягічную акцыю ў Горадні (трох, у тым прафэсара Астроўскага, затрымалі), пара дзясяткаў — у Берасьці, дзе прадстаўнікі грамадзкасьці пасьля шчэ і ўручылі пэтыцыю пратэсту ў расейскае консульства.
Цяпер у вялікіх масавых акцыях будзе зроблены перапынак да вясны. Але ясна, калі ў сьнежні дамова ўсё ж будзе падпісвацца, дык людзі самі выйдуць на вуліцы, каб засьведчыць свой пратэст.
А што да заплянаваных акцыяў, дык старшыня БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што ўжо хутка будзе распачатая падрыхтоўка да паўнавартаснага «Маршу Свабоды-2», які пройдзе ўвесну 2000 году.
Аляксей Шыдлоўскі