Дакладнасьць прагнозу — 25 %

На Цэнтральным савецкім тэлебачаньні (ЦТ) быў такі дыктар Балашоў. Чытаць афіцыйныя тэксты ў праграме «Час» яму ня надта давяралі. Занадта мяккія ў яго былі інтанацыі. Але ягоную каронную фразу на разьвітаньне ведаў увесь Савецкі Саюз: «І пра надвор’е». У гэтую фразу, а таксама ў шырокую ўсьмешку на твары дыктар укладаў усю сваю душу й сэрца, усё сваё майстэрства — так, як яго вучылі і як ён разумеў сваю прафэсію. У ягонай фінальнай фразе ўтрымлівалася непрапарцыйна шмат аптымізму. Яна гучала як апафэоз тагачаснага савецкага тэлебачаньня.

Але гучала занадта патасна і таму, хутчэй, забаўна.

Таму дыктара, які, да таго ж, з гадамі пачаў дапускаць памылкі, перасунулі на апошнія выпускі навінаў, а потым і ўвогуле перасталі выпускаць у эфір.

У сучасным беларускім інфармацыйным этэры падобныя інтанацыі ўявіць сабе немагчыма. Весткі з палёў гучаць як весткі з франтоў. А весткі пра замежнае жыцьцё — так, каб было зразумела: вораг абавязкова будзе разьбіты. Пад бліскучымі ва ўсіх сэнсах строямі ад модных фірмаў, нават на вядучых жаночага полу, яўна вымалёўваюцца пагоны. Зашпіленыя ўнутры на ўсе гузікі і адмабілізаваныя, вядучыя абодвух палоў гатовыя ў кожны момант даць адпор.

Тым ня менш, ёсьць дзьве тэмы, на якіх сучасныя вядучыя дазваляюць сабе разьняволіцца і гаварыць з гледачом шчыра й эмацыйна — гэта надвор’е й спорт.

Асабліва спорт. Паколькі ад надвор’я, як вядома, залежыць ураджай, яно таксама застаецца аб’ектам стратэгічнай важнасьці, і за ім пільнуе найвышэйшае начальства. Да таго ж, надвор’е — рэч зьменлівая, і таму небясьпечная.

У сацыялістычнай Польшчы прагноз надвор’я па радыё ўмяшчаўся ў адну ўнівэрсальную формулу амаль на ўсе выпадкі жыцьця: «Захмужэне дужэ люб умеркованэ». Дарэчы, гэтая формула выдатна падыходзіць і для апісаньня надвор’я ў Беларусі. Прыкладна ў 80 адсотках выпадкаў...

Не магу ўтрымацца, каб не прывесьці выпадак з адным чэскім кінарэжысэрам (здаецца, гэта быў Мілаш Форман). Перад тым як ехаць здымаць натуру, ён патэлефанаваў у бюро прагнозаў, каб даведацца пра надвор’е ў патрэбнай мясцовасьці. Сыноптыкі абяцалі, што будзе сонечна. А якая верагоднасьць прагнозу? — спытаўся рэжысэр. 25 % — быў адказ. Ясна, значыць, верагоднасьць дажджу — 75 %, падумаў рэжысэр і адмяніў здымкі. У наступныя дні сапраўды ліў дождж.

Што тычыцца спорту, дык тут у нас усё вядома, як правіла, наперад. Колькасьць мэдалёў на алімпійскіх гульнях. Месца ў «васьмёрцы» ў хакеі гарантаванае, мінімум, яшчэ некалькі гадоў. Беларускія майстры вялікай ракеткі стабільна выступаюць на турнірах ATP.

Кансыстэнцыя Вагнэра

Вось толькі з футболам, які палымяна любяць мільёны заўзятараў, праблемы. То бок з футболам таксама даўно ўсё зразумела. Ні беларускім камандам у клюбных турнірах, ні нацыянальнай зборнай у адборачных турнірах чэмпіянатаў Эўропы і сьвету нічога, што называецца, ня сьвеціць. Толькі самыя зацятыя аптымісты маглі яшчэ падлічваць шанец зборнай Беларусі перад матчам са зборнай Баўгарыі ў Сафіі пасьля поўнага правалу ў Менску.

Беларускія спартовыя камэнтатары зь вялікім задавальненьнем камэнтуюць матчы Лігі Чэмпіёнаў і ЎЭФА, а таксама ангельскай, гішпанскай, нямецкай ды іншых нацыянальных супэр‑ або экстра‑лігаў. Ня кажучы пра матчы фінальнай пулькі Кубку сьвету. Яны дэманструюць бліскучае веданьне біяграфіяў замежных зорак футболу, а таксама іхных сваякоў, каханак, знаёмых сваякоў і г.д. А таксама выказваюць сябе знаўцамі футбольнай тактыкі й стратэгіі трэнэраў, разьбіраюцца ў дрыблінгу ды тонкасьцях распасоўкі, ведаюць стан калена або зьвязак на левай і правай назе амаль кожнага гульца.

Пры гэтым ня будзем кранаць мову й моўны запас нашых футбольных ды іншых спартовых камэнтатараў. Канстатуем толькі, што ніхто зь іх даўно не карыстаецца дзяржаўнай беларускай мовай у сваіх рэпартажах (хоць часам любяць ужыць дарэчна і недарэчна якое‑небудзь беларускае слоўца). Што тычыцца асаблівасьцяў камэнтароў на расейскай мове, дык яны, збольшага, апісваюцца ў кнізе «Цяжкасьці расейскай мовы». Вось толькі адзін з маленькіх шэдэўраў, пачутых нядаўна з вуснаў вядомага футбольнага камэнтатара: «Мяч свечей взмывает под куполом стадиона».

Але ж калі даводзіцца весьці рэпартаж з матча нацыянальнай зборнай, ды яшчэ на родным стадыёне, кудысьці ўвесь патас і эрудыцыя камэнтатараў зьнікаюць. Зьнікае й слоўны запас. Дзеяньні футбалістаў апісваюцца пераважна ў наступных катэгорыях: «Ну, што ж ты!? Куды?...Эх! Ну!!! Як так можна?!...» і г.д. Тактычныя меркаваньні трэнэра ўяўляюцца камэнтатарам суцэльнай невытлумачальнай загадкай, а турнірная будучыня зборнай — «туманнай». Хаця які ўжо там туман на пачатку лета, за год да чэмпіянату Эўропы?

Аднак, не забываючы пра абавязак перад гледачамі, футбольныя камэнтатары імкнуцца зрабіць свой рэпартаж больш разнастайным і пачынаюць разважаць на тэмы, якія ня маюць простага дачыненьня да футболу.

Так, у матчы Беларусь — Баўгарыя іх зацікавіў баўгарскі футбаліст на прозьвішча Вагнэр, зь цёмным колерам скуры. Абодва камэнтатары некалькі разоў з задавальненьнем адгукнуліся наконт выгляду гульца, называючы яго «вельмі цікавым баўгарскім футбалістам», «калярытным». А адзін нават заявіў, што Вагнэр вылучаецца ня толькі сваім прозьвішчам, але й… «кансыстэнцыяй» (!)

Праявы расізму сустракаюцца на футбольных палёх усяе Эўропы. Гэта праблема. Праз выказваньні асобных футбалістаў наконт прычоскі альбо формы носу спаборніка спыняліся матчы. Італьянскага гульца, які ўскідваў руку на полі ў нацысцкім вітаньні, дыскваліфікавалі й штрафавалі. Дыскваліфікоўвалі цэлыя стадыёны пасьля расісцкіх лёзунгаў на трыбунах. Але пачуць расісцкія выказваньні з вуснаў спартовых камэнтатараў, ды яшчэ на дзяржаўным тэлеканале…

«Краіну трэба ратаваць»

Беларускім камэнтатарам пашчасьціла, што іх чулі толькі айчынныя заўзятары. Гэтаксама пашчасьціла Аляксандру Ціхановічу, які падчас трансьляцыі быў адным зь вядучых апошняга конкурсу «Эўрабачаньня». Пра выканаўцу з Сэрбіі, якая ў выніку заняла першае месца, артыст некалькі разоў сказаў: «А я думаў, гэта карэйскі хлопчык». Пашчасьціла яму таму, што гэты камэнтар ня мела магчымасьці пачуць публіка ў Хэльсынках, Бялградзе, Пусане, у шмат якіх яшчэ месцах плянэты.

Гэты жарт, відавочны, спадабаўся і асноўнаму вядучаму, які ня толькі не зрабіў суразмоўцу заўвагу наконт, мякка кажучы, некарэктнасьці падобных выказваньняў, але й сам адпускаў кепікі ў падобным стылі.

Не выпадае выхоўваць вядучых і артыстаў — дарослых людзей, у якіх за плячыма ёсьць пэўнае выхаваньне, адукацыя, практыка. Калі густу й такту няма — яго й ня будзе. Вось толькі незразумела адно. Калі сучасная эўрапейская эстрада, прасьцей кажучы, папса зь яе сучаснымі брэндамі, у тым ліку модай на нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю, выклікае такую гідлівасьць у нашых журналістаў і артыстаў — навошта ўвогуле ўдзельнічаць у такіх конкурсах, як «Эўрабачаньне»? Навошта паказваць яго ў сваёй краіне? Навошта ехаць у Хэльсынкі немалой камандай, улучна з журналістамі, за дзяржаўны кошт? Каб чарговы раз даць адпор «уплыву» Захаду? А Калдун, значыць, ёсьць сымбалем славянскай эстэтыкі, якая процістаіць заняпаду заходняй цывілізацыі?

На пытаньне журналісткі адной беларускай эфэм‑станцыі, пра што ён думаў на сцэне, выступаючы ў паўфінале, Дзіма Калдун адказаў: «Што краіну трэба ратаваць». Маладому сьпеваку, прынамсі, уласьцівыя іронія й самаіронія, у яго захавалася нармалёвая самаацэнка. Старэйшаму пакаленьню артыстаў, якія моляцца адразу двум багам — Мамоне і Палігімніі (у старажытных грэкаў муза Палігімнія адказвала за мастацтва хваласьпеваў) — нармальнай самаацэнкі яўна не хапае.

Кампэнсуецца гэты комплекс непаўнавартасьці выпадамі на адрас чужога выгляду, чужой культуры, расы, сэксуальнай арыентацыі. І называецца гэта вельмі проста: адсутнасьць культуры. Так бы мовіць, «у савецкіх уласны гонар».

Зьвярнулі ўвагу на адну дэталь перад матчам Беларусь — Баўгарыя? Нацыянальны гімн Баўгарыі сьпявалі амаль усе футбалісты зборнай, ды яшчэ падпявалі заўзятары на трыбунах. Гімн Рэспублікі Беларусі (крыху перапрацаваны гімн БССР) не сьпяваў амаль ніхто зь беларускай зборнай. І на полі футбалісты ў чырвоных майках і зялёных трусах паводзілі сябе так, быццам ня ведаюць — хто яны, адкуль і што робяць на полі. У адрозьненьне ад каманды баўгараў, дзе ўсе — ад Дзімітара Бербатава да чарнаскурага Лусіё Вагнэра — гулялі, як нацыянальная зборная, з годнасьцю й упэўненасьцю ў сабе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?