Трэці этап генацыду
Падыходзіць да завершаньня распрацоўка трэцяга этапу «антытэрарыстычнай апэрацыі» расейскіх войскаў у Чачэніі, заявіў у пятніцу першы намесьнік начальніка Генштабу Расеі Валеры Манілаў. Між тым, другая фаза генацыду чачэнскага народу канчаецца пад шалёнае рыкаценьне самалётаў і сьвіст ракетаў, пры дапамозе якіх расейцы пасьпяхова ператвараюць Грозны ў бязьлюдныя руіны.
Па словах генэрала з характэрным прозьвішчам, апэрацыя па «вызваленьні Грознага» працякае ў згодзе з плянам: для чачэнскай сталіцы ноч на 26 лістапада сталася самай забойчай ад пачатку баявых дзеяньняў. У пятніцу авіяцыя фэдэральных сілаў зрабіла больш за 100 вылетаў у раён Грознага. Грозны стаўся аб’ектам так званага «дывановага бамбаваньня», факт якога ўпарта адмаўляецца расейскім камандаваньнем. Тыя, хто прыйшлі «ўсур’ёз і надоўга», зьбіраюцца «заставацца тут назаўжды», відаць, дзеля таго каб жыць у пустэльні: маштабы мэтадычнага руйнаваньня інсургенцкае рэспублікі ўзрастаюць. Посьпехі фэдэралаў відавочныя: пад іхным кантролем ўжо каля ста селішчаў. Але якім коштам здабываюцца перамогі? Нягледзячы на заявы Генштабу аб тым, што расейцы трымаюцца палітыкі «мінімізацыі ахвяраў як сярод мірнага насельніцтва, так і сярод вайскоўцаў», колькасьць ахвяраў ужо перавысіла 5 тысячаў чалавек, прычым больш за паўтысячы зь іх — расейскія салдаты.
Ня дзіва, што Расея плянуе абвесьціць амністыю для баевікоў і ўвогуле імкнецца да паступовага згашэньня, заціраньня канфлікту. Па-першае, вайна зацяглася, а ваяваць узімку расейцы, як мы памятаем, ня дужа ўмеюць. Па-другое, склалася катастрафічная сытуацыя з уцекачамі. І па-трэцяе, нягледзячы на тое, што Эўропа ў Стамбуле, хаваючы вочы за сваімі тлустымі і асьцярожнымі капіталістычнымі пальцамі, ня здолела дастаткова голасна выказаць Расеі сваё «фі», палітыкі Супольнасьці, як і ў выпадку з Косавам, прытрымліваюцца розных поглядаў на канфлікт. Аднак, відаць, такі-сякі ўціск на Крэмль вядзецца на пазаафіцыйным дыпляматычным узроўні. Асабліва рэзка выказваюцца супраць палітыкі Масквы францускія і нямецкія ўлады.
У Беларусі ж на знак падтрымкі чачэнцаў у Горадні наладзілі збор гуманітарнай дапамогі ўцекачам.
Анатоль Прасаловіч