Цяжкая ношка дабрачынцаў

 

13 лістапада ў ангельскім горадзе Лідз адкрылася сустрэча прадстаўнікоў дабрачынных арганізацыяў, якія дапамагаюць Беларусі.

 

Сёлета прыехала больш за 100 чалавек ад дзясяткаў розных суполак. Гэткія сустрэчы склікае Chernobyl Children Project — вялікая аргнізацыя на чале зь Ліндай Уолкер. Гаварылі пра каардынацыю між сабою ў справе адпраўкі канвояў з грузамі ў Беларусь, пра тое, каб разам арэндаваць транспарт, а таксама, каб супольна рабіць невялікую газэту.

Зацікавіла ўсіх паведамленьне пра менскі дзіцячы госьпіс — прытулак для сьмяротна хворых. Ён існуе на грошы замежных ахвярадаўцаў. Дзяржава не дае, таму грошай госьпісу хранічна не стае, а сьмяротнікаў усё больш. Кіраўнічка госьпісу Ганна Гарчакова казала, што крытычная сытуацыя склалася ў Берасьцейскай вобласьці, дзе на рак дзеці хварэюць усё болей, а лекар для безнадзейных — адзін на ўсю вобласьць. Дык хочуць людзі заснаваць невялікія госьпісы таксама ў Берасьці ды Гомелі.

Дабрачыннасьць у Беларусі — неверагодна складаная й дарагая справа, — казалі ўдзельнікі сустрэчы. Дзяржава неахвотна дае палёгкі дабрачынцам, часта вымагае ўсякія падаткі, дзярэ грошы за ліцэнзіі. Апроч таго, у Беларусі авіяквіткі, інтэрнэт (а значыць, і электронная пошта), звычайная міжнародная пошта каштуюць шмат даражэй, як у Брытаніі — адной з дарагіх краінаў Эўропы. Грошы на дабрачыннасьць шукаць нялёгка, дык людзі й шкадуюць кожнага змарнаванага фунту.

У Брытаніі дабрачынна працуюць дзясяткі звычайных, незаможных людзей, грошы на помач Беларусі — на прыём і лячэньне дзяцей — зьбіраюць па цэрквах і нават у пабах. Увогуле брытанцы — вельмі ахвярныя людзі. Шмат чаго на ахвяраваньні робяць у сваёй краіне і шмат грошай іншым народам аддаюць.

Дабрачынцы ня радыя, што прыходзіцца супрацоўнічаць зь цяперашняй уладай РБ, некаторыя спынілі кантакты, сталі дапамагаць іншым краінам — гора ў сьвеце хапае. Але ж і ў Беларусі робіцца ўсё горш і горш. Брытанцы ведаюць, што праз дабрачыннасьць ня зьменяць на лепшае сытуацыі ў нас. Што ў сілах — выратаваць ад голаду, сьмерці, хваробаў хоць частку людзей, якія потым сваёй радасьцю, натхнёным энтузіязмам будуць дзяліцца зь іншымі. Вось і стараюцца рабіць свае добрыя справы як найлепш.

Алесь Нешчарда, Лёндан


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0