Першы помнік Каліноўскаму

У Салечніках пад Вільняй адкрылі помнік Каліноўскаму. Не ўявіць сабе такога помніка ў Менску

 

Чаму першы і адзіны помнік нацыянальнаму герою Беларусі ставіцца за самаю беларускай мяжой? І чаму менавіта сёньня, напярэдадні падпісаньня дамовы з Расеяй, супраць «інтэграцыі» зь якой змагаўся і загінуў Кастусь Каліноўскі?

Прысутнасьць на ўрачыстасьці пасла РБ У.Гаркуна ды іншых афіцыйных асобаў ускосна нагадала пра той халодны сакавіцкі дзень 1864-га і натоўп па-зімоваму адзетых людзей на засьнежаным пляцы ў блізкай адсюль Вільні, дзе загадам расейскага генэрал-губэрнатара Мураўёва 26-гадовы беларус Каліноўскі быў павешаны як бандыт.

Дзякуючы гэтай паралелі дзьве цырымоніі — карная і шанавальная — праз трэцюю, крамлёўскую, зблыталіся, нібы ў п’есе абсурду. Занадта шмат супярэчлівых падтэкстаў... Бясспрэчна адно — помнік ёсьць і ён разьлічаны на вечнасьць. Тут яму нішто не пагражае. Найперш — з боку прарасейскіх уладаў Беларусі.

За савецкім часам вобраз Каліноўскага сотні разоў стваралі ў скульптуры, але помнікаў — няма. Каб прыглушыць антырасейскі сэнс дзейнасьці змагара, яго малявалі вучнем расейскіх рэвалюцыйных дэмакратаў. Узброены беларускі паўстанец-касінер ляпіўся то «заснавальнікам беларускае ленініяны» Грубэ, то аўтарам нязьлічоных партрэтаў Сталіна ды Мао Азгурам. Менавіта Азгураў бюст Каліноўскага стаіць на радзіме героя ў Сьвіслачы.

Пры канцы 80-х ідэя помніка Каліноўскаму авалодала масамі. Разважалі, дзе ставіць — у Менску ці мо ва ўсіх райцэнтрах... Але чамусь было вырашана паставіць яго толькі ў Горадні. Конкурсныя праекты Фінскага, Шатэрніка, Дранца разыходзіліся «ў розныя бакі». Гэта тлумачыцца тым, што Каліноўскі, узброены беларускі нацыяналіст і зацяты ўніят, «пранік» у беларускую савецкую ідэалёгію «пад чужою лічынаю» — як абаронца сялян, і ў такой гіпастазіі перакачаваў у незалежнае беларускае грамадзтва, якое не гатовае было прыняць ягоны антыімпэрскі радыкалізм. Таму яго ўяўлялі то вершнікам, які мкне ў атаку, то рэдактарам, які вычытвае карэктуру... Дыктатар-якабінец? Ідэйны беларускі нацыяналіст? Каталіцкі фундамэнталіст? Завадатар мужыцкага бунту? Сацыяліст-утапіст? Ліхі атаман?

Былі адкрылі рахунак на гарадзенскі помнік, але тут і новыя павевы наляцелі... А больш як два гады таму беларусы зь Літвы папрасілі ўрад Беларусі дапамагчы паставіць помнік Каліноўскаму ў Салечніках. Ініцыятарам выступіў загадчык тутэйшага Беларускага культурнага цэнтру Пётра Малафей. Ён сам асабіста знайшоў для яго ў ваколіцах Салечнікаў гранітны валун. Міністэрства культуры Беларусі зрабіла замову вядомаму скульптару Валяр’яну Янушкевічу.

Павялося, што менавіта Янушкевіч рэпрэзэнтуе Беларусь для замежжа яшчэ ад тых першых, элеганцкіх шыльдаў з Пагонямі на ўваходзе ў МЗС, мэмарыяльнай шыльды Скарыны для Падуі (копія на італьянскім пасольстве ў Менску) і Агінскага для Флярэнцыі. Сам родам зь мястэчка, з Ракава, Янушкевіч ясна ўявіў сваю задачу: паставіць помнік у заходнебеларускім мястэчку герою тутэйшай гісторыі Каліноўскаму.

Чаму ў Салечніках? Тут побач, дзе Рудніцкая пушча сыходзіць у Катранскую, была лясная друкарня «Мужыцкае праўды». Тут быў маёнтак сям’і Далеўскіх, адзін зь якіх, Тытус, быў лепшым сябрам і асабістым ад’ютантам Каліноўскага. У тутэйшых ваколіцах багата паўстанцкіх магілаў. Тут гераічна загінуў адзін з кіраўнікоў паўстаньня Людвік Нарбут, у баі пад Дубічамі... Па-трэцяе, Каліноўскі падпісваў свае адозвы «Яська, гаспадар з-пад Вільні».

Здарожаны інсургент, бяз зброі і сьцягоў, без крыжоў і тэатральных аркушоў паперы. Спыніўся, каб спарадкаваць ліхаманкавы бег думак, якія рояцца, рояццца ў галовах тых, хто гукае да зброі. Стылістыка ўзыходзіць да рамантызму ХІХ ст. Міцкевіч на гары Аюдаг...

Подпіс на чорным граніце зроблены беларускаю лацінкаю.

Не магу ўявіць сабе помніка Каліноўскаму побач з помнікамі Сувораву, Дзяржынскаму і Леніну. У РБ пакуль гаспадараць Калініны. Час Каліноўскіх пакуль яшчэ не прыйшоў.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0