«Сёньня кожны сьвядомы беларус на вагу золата»

З польскім гісторыкам Ежы Клачоўскім размаўляе Сямён Букчын

 

Ежы Клачоўскі — заўважная постаць сёньняшняй Польшчы. Салдат Арміі Краёвай, удзельнік Варшаўскага паўстаньня ў гады вайны, актыўны дзяяч «Салідарнасьці» ад пачатку 80-х, сёньня ён дырэктар Інстытуту Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, прафэсар Каталіцкага ўнівэрсытэту ў Любліне. Пералічыць усе ягоныя тытулы і пасады — справа складаная. Але згадаю, што ён ад 1993 г. ганаровы доктар Гарадзенскага ўнівэрсытэту. 75-гадовы вучоны надзвычай актыўны. Сярод ягоных працаў асаблівую значнасьць у навуковым сьвеце набылі творы з гісторыі хрысьціянства ў Польшчы. Для нас, безумоўна, важная цікавасьць, зь якой прафэсар Клачоўскі сочыць за падзеямі ў Беларусі. Наша гутарка адбылася ў кулюарах канфэрэнцыі, што адбылася ў Любліне да 450-х угодкаў Люблінскай Уніі.

— У выступах удзельнікаў канфэрэнцыі асабліва падкрэсьлівалася думка пра тое, што Люблінская Унія заклала падмурак сёньняшняга працэсу эўрапейскага аб’яднаньня. Ці няма тут пэўнай гіпэрбалізацыі ды рамантызацыі тых даўных падзеяў? Тым больш, што сёньняшняя Беларусь, прынамсі палітыка яе ўладаў, скіраваная якраз у адваротны бок — як мага далей ад Эўропы. Наш правіцель так і выказаўся, ён, маўляў, сваю краіну «за цывілізаваным сьветам не павядзе».

— Вы слушна аддзялілі саму Беларусь ад палітыкі яе кіраўніцтва. Сапраўды, будучыня Беларусі ў руках саміх беларусаў і нікога іншага. Я думаю, што ў вас нямала разумных людзей, што разумеюць, якую гістарычную, культурную нацыянальную спадчыну, зьвязаную з эўрапейскай традыцыяй, яны маюць. Гэтыя людзі, безумоўна, надзеленыя пачуцьцём адказнасьці за лёс свае краіны. Сапраўдныя сябры Беларусі ў Эўропе таксама добра разумеюць важнасьць беларускага ўкладу ва ўсходнеэўрапейскую культурна-гістарычную традыцыю. Безь Беларусі нельга зразумець самую сутнасьць Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта нельга забываць, гэта трэба захоўваць, берагчы, перадаваць дзецям і ўнукам як нацыянальны скарб. Асабліва ў цяперашніх умовах, калі кожны сьвядомы беларус літаральна на вагу золата. Болей, болей павінна ў вас быць людзей, якія сапраўды пачуваюцца беларусамі. Толькі пры такім працэсе колькасьць можа перайсьці ў якасьць.

 

— У нас сёньня нямала пішуць пра беларусаў як пра народ са страчанай гістарычнай памяцьцю, што толькі невялікая частка моладзі, нейкая частка інтэлігенцыі сапраўды захоўваюць цягу да нацыянальнага ідэалу. Яшчэ некалькі гадоў таму казалі пра нацыянальнае адраджэньне, але вось не атрымалася, працэс затармазіўся, калі не пайшоў назад...

— Я разумею вашыя цяжкасьці. Але ня трэба забываць, што надзвычайна важная ўмова ў цяжкія часы — захаваць і ўмацаваць нацыянальную, інтэлектуальную, грамадзкую эліту. Яе страта — гэта страта ўсяго, найперш — будучыні. Бо без эліты немагчымыя ператварэньні ані ў палітыцы, ані ў эканоміцы, ня кажучы ўжо пра культуру. І гэта важна для ўсіх народаў.

 

— Ведаеце, у нас неяк аддзяляюць магчымасьць прагрэсыўных сацыяльных пераменаў ад нацыянальнага моманту. Маўляў, быў бы чалавек добры...

— Важна зразумець, каго ён прадстаўляе, гэты добры чалавек. Калі толькі самога сябе, дык і сацыяльныя інтарэсы, якія ён нібыта бароніць, ня маюць яснай пэрспэктывы. Чалавек, які ведае адкуль ён родам, ня толькі ў фізычным, але, можа быць, найперш у духоўным сэнсе, можа карыстацца вялікім даверам у грамадзтве, калі, вядома, здолее выклікаць гэты давер сваёй біяграфіяй, сваёй асобай, нарэшце.

 

— У асяродку беларускай нацыянальнай эліты нямала расчараваньняў, жаданьня зьехаць, эміграваць...

— Паехаць за мяжу — гэта ня самае страшнае. Галоўнае і там захоўваць сябе як беларусаў, захоўваць сваю нацыянальную адэкватнасьць.

 

— Сёньня ў вашай прэсе абмяркоўваецца праблема, ці можа Польшча быць прыстанкам для гнанай, выгнятанай з краіны беларускай нацыянальнай эліты...

— Мне ўяўляецца, што ў значнай ступені тут сваё слова маглі б сказаць беларусы Польшчы, якія прадстаўляюць розныя грамадзкія арганізацыі з нацыянальным ухілам. Студэнты, прагнаныя зь беларускіх ВНУ за ўдзел у палітычнай дзейнасьці, вучацца сёньня ў польскіх унівэрсытэтах. Моладзь, дзе б яна ні жыла, ні вучылася, не павінна забывацца пра свае карані. Вось чаму я яшчэ раз падкрэсьліваю важнасьць захаваньня нацыянальнай эліты. І перадусім — на глебе нацыянальнай культуры. Нацыянальныя палітыкі могуць пацярпець паразу. А нацыянальная культура заўсёды будзе заставацца глебай для новай хвалі ўздыму, адраджэньня. Бо тут нараджаецца найбольш пераканаўчая грамадзкая, сацыяльная аргумэнтацыя, якой ня мае чаго супрацьпаставіць бязродны, пазбаўлены нацыянальнага пачатку рэжым. Відавочная рэч: сёньня ўлада прайграе нацыянальным інтэлектуалам Беларусі.

 

— Улада, вядома, прайграе, але як прабіцца нацыянальным інтэлектуалам да замардаванай афіцыйнаю прапагандай, задуранай, саветызаванай часткі беларускага грамадзтва — вось у чым праблема.

— Гэта, безумоўна, ваша трагедыя. Тут трэба разважаць, аналізаваць... Ня можа быць гатовых рэцэптаў. Але адзін я ведаю і гатовы паўтараць бясконца: трэба захаваць нацыянальную эліту і разам зь ёй сапраўдны беларускі дух.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0