каляндар

200 ГАДОЎ ТАМУ

1799. Пяць гадоў як задушылі паўстаньне Касьцюшкі. Але расейцы яшчэ не пачуваюцца ў нашым краі гаспадарамі. У Эўропе неспакойна. Усіх пужае Напалеон. Неўзабаве ён абвесьціць сябе імпэратарам. Ягоная параза ў паўночнаафрыканскай выправе нікога ня ўводзіць у зман — «хлопчык трэніруецца». У складзе напалеонаўскага корпусу Дамброўскага ваюе беларуская, дакладней, літоўская шляхта.

 

Тым часам расейцы падзяляюць «новадалучаныя» тэрыторыі на Беларускае й Літоўскае генэрал-губэрнатарствы. Намесьнікам апошняга прызначылі Міхаіла Кутузава, таго самага, «які бяз вока». На гэтай пасадзе ён праслужыць тры гады, а ў 1801-м губэрнатарства падзеляць на Віленскую і Гарадзенскую губэрні. Гэты час пазначаны расейскім імпэрскім лёзунгам «мы наш, мы новы мір пастроім». Напрыклад, ужо два гады як актыўна будуецца Бярэзінская водная сыстэма. Але галоўныя праекты зьвязаныя з гарадамі.

 

У 1799 складаецца плян перабудовы Менску. На тагачасным ускрайку места закладаюць парк, які сёньня палохае прыежджых дзіўнаватаю назваю «Горкаґга»...

 

У Вільні па-польску выдадзены «Полацкі палітычны каляндар», Станіслаў Юндзіл публікуе «Прыкладную Батаністыку».

 

У вёсцы Калюжыцы на Меншчыне нараджаецца жывапісец Валенты Ваньковіч, а наваградцу Адасю Міцкевічу, партрэт якога ён намалюе праз 29 гадоў, ужо цэлы годзік!

 

Два гады як зачынілі Магілёўскую друкарню, заснаваную арцыбіскупам, пісьменьнікам і славістам, дзядзькам В.Дуніна-Марцінкевіча, С.Богушам-Сестранцэвічам.

 

Праз трынаццаць гадоў беларусы сустрэнуцца на Барадзінскім полі ў розных войсках, каб праз пару месяцаў працягнуць распачатую за Касьцюшкам традыцыю масавага сыходу на Захад. Але вера ў тое, што навалу з Усходу можна спыніць, будзе перадавацца з пакаленьня ў пакаленьня аж да нашых дзён.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0