Адам ГЛЁБУС

Мой Рым

Падарожныя зьдзіўленьні

 

Рым — цяжкі горад. Ён цяжкі, як мармур, як задуха, як сьмерць. Рым належыць Рыму. Ён поўны сонца, пякельнай гарачыні і пракаветнай цывілізацыі. Ён пацяжэў утрая пад час зацьменьня Сонца. Адзінаццатага жніўня дзевяноста дзявятага году а дванаццатай пачалося зацьменьне. Людзі паспыняліся й праз чорныя шкельцы пачалі разглядаць неба. Ад Сонца застаўся акраец, падобны да ветаха. Зьмізарнела, зьнікчэмнілася ў нікчэмнасьці ўсё існае. Адно вечны горад павялічыў уласную значнасьць.

Пад час зацьменьня на пляцы Гішпаніі я спаткаў маладую японку з тварам, падобным да поўні ў тумане. Яна была адрошаная. Апакаліптычная зьява яе абыходзіла. Зрэшты, як і астатніх японцаў на плошчы. Пэўна таму, што культура Японіі — культура Месяца, культура ценю, культура адлюстраваньняў, а не сьвятла. Культуры Сонца: Грэцыя, Рым, Эўропа... Культуру беларусаў можна параўнаць хіба што зь ледзь заўважным серпікам Маладзіка. І гэты Маладзік досыць добра быў мне відаць з пляцу Гішпаніі, побач зь якім у кавярні “Грэка” геніяльны Гогаль напісаў, што толькі адсюль ён добра бачыць Расею.

Я ня ўбачыў Расеі з італійскага пляцу. Падманваць цябе няма сэнсу. Мае падарожныя накіды вымагаюць адно праўды. Калі зь іх зьнікне дакладнасьць, ты не даруеш, я ведаю. Таму, праўда й праўда пра рымскую ваду...

Рымляне п’юць ваду з-пад крану і проста з фантанаў. Яны ганарацца сваёю вадой. Рым яшчэ ў часы старажытных аквэдукаў гарантаваў кожнаму глыток добрай, горнай, смачнай вады. Ён і цяпер гарантуе чысьціню вады ў кране. Але я так і не пакаштаваў той вады. Досьвед вандроўніка не дазваляе пераступіць праз правіла: ня пі з лужыны, бо перакінесься ў казьляня. Ня пі! І хай сабе калюжына рымская, і аздабляў яе сам Джавані Бэрніні. Лепш зайсьці ў кавярню й замовіць халоднай кавы, пасядзець, паразважаць пра дзьверы...

У рымскіх кавярнях трапляюцца такія вузкія дзьверы, што прашчаміцца ў іх можна адно бокам, і толькі чалавеку няпоўнаму. Мне вельмі спадабаліся такія дзьверы. У Рай вядуць дзьверы вузкія. Павер, можа яшчэ вузейшыя, чым у згаданых кавярнях. Зусім не такія ў Ватыкане. Раскоша Ватыкану неацэнная.

Ёсьць жарт… На пытаньне: чаго ня ведае Бог? Адказваеш: ня ведае, колькі грошай у Ватыкану. І маеш рацыю. Бо, калі ходзіш па Ватыкане, ня тое, што грошы, чалавечае жыцьцё каштуе няшмат. Сьвятло, веліч, вечнасьць... Пра іх думаеш, яны хвалююць. А грошы? Добра, каб была дробязь ахвяраваць на рэстаўрацыю, ня больш. Але дробязь мусіш аддаць, бо Ватыкан і ўвесь Рым патрабуюць вечнай рэпарацыі.

Ходзіш па Рыме, блукаеш, бадзяесься й такое наплывае адчуваньне, што зараз возьмеш і правалісься ў антычныя катакомбы. Абрынесься, паб’есься й ня вылезеш ніколі. І тады варта зайсьці ў касьцёл. У Рыме столькі вялікіх касьцёлаў, што можна бясконца гуляць у інтэр’ерах. Разглядаць алтары, сьценапіс, скульптуры... Маліцца, спавядацца, каяцца, калі заўгодна. У касьцёлах людзей мала, рухаюцца павольна, гавораць усе шэптам. Нават, калі ксёндз чытае Біблію, атрымліваецца ціха. Касьцёлы ратуюць. І ня толькі ў Рыме. У Празе, у Барсэлёне, у Вільні... А ў Менску чамусьці не. Затое ў нашай сталіцы гадзіньнікі паказваюць больш-менш дакладны час.

У невялікім гарадку Гаеце, што стаіць на ўзьбярэжжы паміж Рымам і Нэапалем, я заўважыў татальную няспраўнасьць гадзіньнікаў. У адным не стае стрэлкі, у другім — лічбаў, а ёсьць і такія, што на адзін бок цыфэрбляту паказваюць адзін час, а на іншы — другі. А сонечныя гадзіньнікі ўсе як адзін пакрыўленыя, іржавыя й нежывыя. Асабліва дзівіць: ні на адным цыфэрбляце ты не пабачыш дакладнага часу. Амаль такую ж карціну я назіраў і ў Рыме. Італія чамусьці ня любіць гадзіньнікаў. Напэўна, за гадзінамі на вуліцах сочаць адно прастытуткі.

Каго-каго, а прастытутак у Рыме шмат. Розныя, на ўсе густы: маладзенькія, старыя, трансвэстытныя, сьціплыя, нахабныя... Але асабіста мяне зьдзівіла толькі адна. Я ішоў начной вуліцаю. Бачу, на скрыжаваньні стаіць хлопец і глядзіць на мяне квадратнымі вачыма. Непрыемна, скажу табе шчыра. Чужы, як ні павярні, горад. Ноч. А на цябе глядзяць так, нібыта носіш на галаве рогі. Не зварочваю. Раўняюся зь ім і чую жаночы голас. Азіраюся й бачу... За рогам дому, на ходніку, сядзіць на кукішках і спраўляе патрэбы маладая прастытутка. Верне, ліе й размаўляе па сотавым тэлефоне. Спыняцца ня стаў. Якая мне да іх справа. Але ж зьдзівілі прастытутка з сутэнёрам.

Прастытуткі ў Рыме вельмі ваяўнічыя. На тое ёсьць прычына. Па-лацінску й італьянску публічны дом называюць “люпанар” ад лацінскага слова lupus — воўк, а прастытутак завуць ваўчыцамі. Менавіта прастытутка выкарміла братоў Ромула й Рэма, якія заснавалі вечны горад. Але такая брудная, калі зірнуць з боку публічнай маралі, міталягема не магла ляжаць у фундамэнце імпэрскай ідэалёгіі. Рымляне скарылі ўвесь тагачасны сьвет, а іх сталіцу заснавалі паўвыблядкі. Ідэолягі ператварылі прастытутку ў сапраўдную ваўчыцу. Але сучасныя рымлянкі лёгкіх паводзінаў небеспадстаўна лічаць сябе наступніцамі легендарнай ваўчыцы. У Рыме адчуваецца татальная археалягізацыя мысьленьня.

Каб стаць сапраўдным археолягам, трэба нарадзіцца ў Рыме. Відавочна. Ну, а калі ты не нарадзіўся ў сонечным горадзе, а жаданьне быць археолягам неадольнае, трэба ехаць у Рым і там жыць і капаць. Менавіта каля руінаў Капітолію я падумаў: археалёгія — гэта таксама культывацыя зямлі. Наагул культаў і культывацыяў існуе безьліч. Італьянцы культывуюць яшчэ й дупы сваіх абраньніц.

Італьянцы любяць трымаць жанчын на руках. Заводзяць у мора, бяруць на рукі, трымаюць і цалуюць. Зразумела, у вадзе вялікія дупы італьянак лёгкія й прыгожыя. Насамрэч, дупы ў іх неверагодна вялікія адносна ўсяго астатняга. Яшчэ Карэл Чапэк параўноўваў рымскіх жанчын з дарычнымі калёнамі. Пагадзіцца зь ім цяжка. Бо дзе ты бачыў калёну на тонкіх ножках. Хіба што ў чапэкаўскія часы большасьць італьянак насіла доўгія спадніцы. Але ў век тэлевізіі старачэскае параўнаньне кульгае на абедзьве нагі. Гэтымі нагамі запоўненая ледзь ня ўся тэлевізійная рэкляма. На ўсіх каналах прапаноўваюцца рамяні з маторамі, каб з дапамогаю вібрацыі зганяць тлушч з таўсьценных сьцёгнаў і клубоў. Яшчэ рэклямуюць чарадзейныя кроплі для пахуданьня, масьці й цэляфанавыя нагавіцы. Але ад ўсіх намаганьняў вынік амаль нулявы. Толькі мора ратуе дупы італьянак. Дарэчы, ёсьць мужчыны, якія бачаць у жанчыне перш-наперш дупу, такім у Італіі — Рай. Але я ня з тых, хто аддае перавагу менавіта гэтай частцы жаночай сутнасьці. Але гэта мітусьня.

Празь мітусьню сёньняшняга дня, праз раскошу баракальнага й рэнэсанснага каталіцызму ў Рыме выразна праступаюць рысы велічнага паганства старажытнай імпэрыі. Паганства — аснова, на якой вытканыя ўзоры хрысьціянства. Таго самага, на якім трымаецца юдахрысьціянская цывілізацыя Эўропы. І не крывіся ад патэтыкі, я й сам усё цудоўна разумею. Агульныя словы, абстрактныя велічыні... А пабачыш паліцыянтавага сабаку ў аэрапорце, і патас зьнікне.

У аэрапорце паліцыянт водзіць сабаку — вялікага рудога аўчара. Той прынюхваецца, азіраецца, шукае наркотыкі. Відавочна, сабака хоча знайсьці наркотык. А я думаю, што яго паводзяць-паводзяць па залях чаканьня, а потым завядуць у клетку й дадуць, гады рымскія, наркотык. А як інакш ён будзе шукаць сярод аэрапортнага тлуму ў вечным Рыме свой імгненны кайф?

 

Рым, жнівень 1999 году


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0