лісты ў рэдакцыю

 

Адаму Глёбусу

Паважаны спадар!

Прачытаў Вашага «Пачварніка». Спадабалася. Разоў дзесяць перачытаў «Графітыста» — ізноў лёгка чытаецца, зразумела... але. Вось аб гэтым «але» я хачу з Вамі і пагаманіць.

Хто я? Я ня крытык, не літаратуразнавец, я карыстальнік, спажывец, чытач, які ў маленстве любіў чытаць. Кніжкі навучылі мяне думаць, стварылі сьветапогляд рамантычны, добразычлівы...

«Графітыст» — гэта не аповед, гэта казка... Вы толькі дакрануліся да тэмы і зрабілі скок у бок. Дзякаваць Богу, што хоць герой апавяданьня перамог, адкусіўшы лейтэнанту чэлес, і самае галоўнае, уцёк, што ўжо зусім фантастычна.

Вы карыстаецеся мовай ляканічнай, выразнай, вы ўжо валодаеце прафэсіяй. Вы — прафэсіянал. І вельмі шкада, што карыстаецеся сваім талентам ня вельмі як.

Сёньня беларускаму грамадзтву і беларускай літаратуры патрэбны свой Чэхаў, свой Купрын, свой Лёндан — той, хто піша шмат.

Трэба, каб напісалі, напрыклад, пра самага героя нашага часу — «баязьлівага чалавека». Мы чытаем у прэсе, што амонавец, якога цішком запыталі, ці атрымаў ён задавальненьне ад біцьця людзей у «бітве на Першамайскай», сказаў «не» і апусьціў вочы. «Я — з вамі» — шапнуў іншы міліцыянт на той жа бітве. Напісалі б пра тых, што ў душы — з намі, а на справе — зь імі.

Вось тэма дык тэма. Бацькі здраджваюць сваім дзецям. Заплюшчваюць вочы на відавочныя рэчы, не змагаюцца за будучыню сваіх дзяцей. У той час як прафэсійныя службы ФСБ рыхтуюць новы расейскі парадак. У гэты ж час нават адукаваныя людзі дазваляюць сябе замбаваць і толькі лыпаюць вачыма, уторкнуўшыся ў тэлескрынку.

Паважаны Адаме!

А калі б, напрыклад, лейтэнант у «Графітысьце» ня соваў чэлеса куды ня трэба, а проста адпрацаваў прафэсійны ўдар на мастаку, склаў пратакол і засадзіў чалавека на год у турму?

А каб потым праз 15 гадоў дачка ўжо маёра Алеся Марчука выйшла замуж за сына Казіміра Малюкевіча — на ўсю Эўропу вядомага мастака, які стала жыве ў Вільні? А каб апісаць адчуваньні былога лейтэнанта, а цяпер маёра Алеся Марчука, некалі жвавага, задзірыстага, што страціў на Каўказе нагу, калекі, жонка якога нядаўна памерла ад раку? Вось ён сівы, змучаны чалавек на вясельлі сустракае свайго Свата...

Адзін змоўчаў, другі пачырванеў, пабялеў, пасівеў... Вось тэма: «За ўсё ў жыцьці трэба плаціць. І прыходзіць час зьбіраць камяні».

Паважаны Адаме!

Чакаю ад Вас значных, цудоўных аповедаў.

Кастусь Травень


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0