менскія нетры

Неруш

Менск выгодна адрозьніваецца ад іншых эўрапейскіх сталіцаў тым, што тут яшчэ зьберагліся запаветныя куткі некранутае прыроды, што цешаць вока і супакойваюць нэрвы сёньняшняга ўшчэнт зурбанізаванага беларуса. Адна гэткая неруш месьціцца між самай беларускай вуліцай гораду (вул. Беларуская) і чыгуначным мостам церазь Сьвіслач. Нельга сказаць, што на гэтыя схілы, зарослыя альшэўнікам, лаўжамі ды фантастычных памераў дзядоўнікам, ніколі не ступала нага чалавека — раскіданыя дзе-нідзе шкляныя і керамічныя аскалепкі, бітую цэглу, парэшткі разабраных машынаў можна беспамылкова ідэнтыфікаваць як прадукт антрапалягічнае культуры. Месцамі вышэйазначаны прадукт дасягае надзвычайнае канцэнтрацыі, праз што ўнікальны прыродна-ляндшафтны запаведнік «Заброшка» (так яго называюць зрусіфікаваныя жыхары вуліцы Беларускай), ператвараецца ў сьметнік. Улетку гэтыя зарасьнікі, абстаўленыя з усіх бакоў інтэрнатамі БДУ і БДТУ, робяцца месцам паломніцтва менскіх эксгібіцыяністаў, якія звычайна ладзяць свае пэрфомансы перад студэнткамі, што позна вяртаюцца дахаты па сьцяжынцы ўздоўж Сьвіслачы. Зараз, канечне, з прычыны холаду і адсутнасьці маскіроўкі, тэатральны сэзон закрыты. Доўгі час дадатковы калярыт запаветным мясьцінам надавалі напаўразбураныя будынкі, што былі месцам сталага жыхарства для асобаў без пастаяннага месца жыхарства (якія таксама часам маглі — праўда, з мэтай экспрапрыяцыі матэрыяльных каштоўнасьцяў — перастрэць запозьненага мінака на мосьце церазь Сьвіслач). Можа таму гэтыя хаты і ссунулі летась бульдозэрам...

І ўсё ж, нягледзячы на такога кшталту рамантыку, менчукі ў вольны час з большай прыемнасьцю прыйдуць сюды, чым у які парк культуры і адпачынку — з тае, відаць, прычыны, што міліцыянты тут зьяўляюцца рэдка і можна, не цікаючыся, выпіць пляшку-другую ды пагутарыць за жыцьцё.

Андрэй Скурко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0