Уводзіны ў моду летняга сэзону — адмыслова для тых, каму ў такую сьпёку лянота хадзіць далей, чым па любімую газэту.

Карцінкі на дзяўчатах

Аголены прыкус беднага Ёрыка — ілюзія сьмяротнай усьмешкі — гэта малюнак, які дызайнэры сёлета намагаюцца нацягнуць на грудзі кожнай дзяўчыне. На тоненькіх тканінах маечак, побач з сэрцайкамі і кветачкамі, шчэрацца чарапы і скрыжоўваюцца косткі. Схадзіце на апошнюю частку «Піратаў Карыбскага мора» — можа быць, вы таксама захопіцеся пірацкай эстэтыкай на ўсё гэтае лета.

Вы ня любіце мора і піратаў? Хочаце прыгодаў на зямлі? Сярэднявечная геральдыка і могілкавыя гатычныя літары — тое, што ў спалучэньні зь лёгкай летняй маечкай або баксэрскай майкай на стройным дзявочым стане нараджае вясёлую іранічную эклектыку.

Сэрцы бравых рыцараў, guns, roses і вострыя шыпы на ружавых сьцяблінах. Чорна‑белая ружа, праткнутая праз сэрца вашага Дон‑Кіхота, ці ружа, якая калючым сьцяблом абвівае яго меч? Заканадаўцы модаў напладзілі столькі варыяцыяў сымбаляў рыцарскай рамантыкі, што можна разгубіцца.

Апроч прапанаваных варыянтаў, можна зьвярнуць увагу на вопраткавы фэтыш — розныя знаёмыя і незнаёмыя твары ў вас на майцы ці сукенцы. Ламаграфія, шаўкаграфія, поп‑арт — партрэты, якія вы будзеце насіць на сабе, могуць адлюстроўваць вашы асабістыя прыхільнасьці або быць ня больш чым стылёвымі дэталямі.

«Ёсьць у нашым у калгасе прыгажуня слаўная...»

Прэч урбанізацыю — летам мы едзем на вёску да бабулі, на лецішча да сяброўкі, у лес, на луг, мора, возера і раку! А гэта значыць, што можна дастаць з шафаў шырокія блюзкі з бавоўны, топы з карункамі, сялянскія сарафаны ў дробную кветачку, сукеначкі ў гарошак, спадніцы, пад якімі загуляецца вецер. Чым больш знойдзеце вінтажных шортаў і кашуляў — тым весялей будзе праходзіць ваш загарадны адпачынак. Можна нават правесьці спаборніцтва на колькасьць бабуліных рэчаў, якія зоймуць годнае месца ў вашым модным гардэробе. Толькі абавязкова памятаць, што вінтаж заканчваецца там, дзе заканчваюцца і актуальныя для сёньняшняй моды дэталі. А там ужо пачынаецца сэканд‑хэнд.

Карлсан, які жыве паўсюль

Летні сэзон — ён жа сэзон лётны. Здымаем з карлсанаў камбідрэсы — і паляцелі астываць ад сьпёкі ў аблоках. Сёлета толькі самы лянівы мадэльер не паказаў паміж астатніх сваіх вынаходак якую‑небудзь варыяцыю камбінэзону. Праца, вечарынка, глямурная тусоўка ці нават спатканьне ля ракі Сьвіслач — цяпер ёсьць камбінэзоны для любой жыцьцёвай аказіі. Шорцікі і безрукаўка, лёгкі шоўк, які хавае ад сонца ўсё цела, або нават карункавы камбінэзон — гэта, відаць, яшчэ і вельмі зручна. Нават калі камбінэзоны заселяць усе вашыя шафы, не забывайце пра тры летнія сылюэты, маючы якія, нашмат прасьцей выбірацца з дому. Па‑першае, сукенка‑пэплас — найчасьцей з шоўку ці шыфону — трымаецца на адным плячы і перавязваецца на таліі. Па‑другое, доўгі топік з высокай таліяй і аголенай сьпінай. І па‑трэцяе, вядома ж, спадніца‑аловак вышэй за калена. Дызайнэры сьцьвярджаюць: маючы гэтых траіх, вы не прапусьціце лета міма!

Купальле must go on!

Калі вам падабаецца ваш леташні купальнік — нічога і не прадпрымайце, лішнія грошы лепш патраціць на сродкі для загару, тым больш, што якасная «сонечная» касмэтыка каштуе нямала. Аднак тым, для каго выбар новага купальніка — справа прынцыповая, варта ведаць, што гэтым летам ізноў актуальныя паласатыя купальнікі з марской і акіянічнай атрыбутыкай. Палосы ў асноўным гарызантальныя, а вось іх колер і шырыня — цалкам на ваш густ. Палосы здаюцца нецікавымі — набывайце купальнік з кветкавымі матывамі. Буйныя і яскравыя экзатычныя кветкі або дробная трапічная зеляніна добра выглядаюць на проста і сьціпла пашытых купальніках. Калі вы хочаце быць глямурнымі, выбірайце купальнікі агрэсіўныя, залатыя, з імітаванай леапардавай або зьмяінай скуры, сьмела адкрытыя, асымэтрычныя, эратычныя... Толькі памятайце, што глямур — гэта высокі кошт. Набываць падробную раскошу на Чэрвеньскім рынку вельмі непажадана.

Пахі і смакі

Нягледзячы на тое, што шалёна моднымі робяцца моцныя і складаныя водары, усходнія і шыправыя (напрыклад, Euphoria ад Calvin Klein, Hypnose ад Lancome і Lovely ад Сары‑Джэсікі Паркер), а на топе парфумавых гіт‑парадаў побач з традыцыйным Chanel № 5 апынуўся Armani Code для жанчын, цёплы і пачуцьцёвы водар‑двайнік мужчынскай вэрсіі, летам парфума павінна значна аблегчыцца. Салодкія, гаркавыя, глыбокія пахі варта пакінуць да восені, а пакуль прыдбаць нешта сьвежае, ненавязьлівае і кісла‑салодкае.

Нашы смакавыя і водарныя прыхільнасьці цесна зьвязаныя. Таму, выбіраючы летнюю парфуму, падумайце, чым вы любіце перамагаць гарачыню і ласавацца ў цяньку. Можа быць, халоднай кавай з мускатным арэхам (Ice Men ад Thierry Mugler), ці ананасамі і мангавым марозівам (Sunset Heat ад Escada), або мандарынкамі і экзатычнымі ягадкамі лічы (Very Irresistible Summer Sun ад Givenchy). Раней смакавыя ноты былі толькі садавінавымі, але цяпер можна знайсьці самыя разнастайныя матывы: ад крэм‑бруле да белай шакаляды. Мая сяброўка так і робіць: прыходзячы ў парфумавую краму, «замаўляе» розныя смачнасьці і заўсёды задаволеная абраным пахам.

Будзьце шчасьлівыя гэтым летам, не забудзьцеся пабегаць басанож, наведаць канцэрты і фэстывалі, пажыць у намётах, налавіць рыбы, надыхацца морам, паглядзець чужыя краіны і прыгожыя гарады. Каб ні пра што не шкадаваць увосень, калі мы ў чарговы раз застынем у роздуме перад расчыненай шафай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?