Шарэцкі зьняў бел-чырвона-белы сьцяг

 

На тым тыдні да старшыні Шарэцкага прыехаў прызначаны на сэсіі Вярхоўнага Савету генэральны пракурор Беларусі, дэпутат Рыгор Пракаповіч.

Пасьля цырымоніі прадстаўленьня адбылася прэс-канфэрэнцыя для журналістаў. Яна праводзілася ў сядзібе Таварыства Беларускае Культуры, дзе месьціцца і кабінэт С.Шарэцкага. Перад прэс-канфэрэнцыяй сп.Шарэцкі загадаў зьняць са сьцяны бел-чырвона-белы сьцяг, чым выклікаў абурэньне гаспадароў памяшканьня. Аднак мусілі ўсё ж зьняць...

У пачатку новы пракурор паспрабаваў сказаць пару словаў па-беларуску:

— Шаноўныя спадарыні! Шаноўныя сябры! Мне вельмі прыемна быць у гэтым гістарычным будынку разам з вамі. Але па некаторых абставінах далейшую размову з вамі я буду вымушаны весьці на расейскай мове!

Гэты пасаж выклікаў неўразуменьне асабліва ў замежных журналістаў, бо ніхто ня ўцяміў, што гэта за “некаторыя абставіны”... На запыт карэспандэнта радыё “Polonia”, чаму з залі прыбралі беларускі сьцяг, пракурор адказаў так:

— Сёньня я ўсім вам хачу тут патлумачыць, што быў адзін цікавы момант у гісторыі, калі адзін генпракурор увязаўся моцна ў палітыку і што зь ім здарылася. А той пракурор, які сядзіць перад вамі, ніякай палітыкай займацца ня будзе! І будзе рабіць толькі тое, што прадугледжана законам! І я прашу лічыць вашыя пытаньні некалькі некарэктнымі і нясвоечасовымі.

Тутака ўжо і ў беларусаў, і ў небеларусаў усё ў галовах паблыталася. Што ж тады палітыка, калі ня згода заняць пасаду апазыцыйнага генпракурора? І чаму некарэктна пытацца ў беларускага пракурора пра беларускі сьцяг? Пры чым тут законы?

Аднак блытанінай усё гэта падаецца толькі на першы погляд. Пракурор сапраўды мусіць выконваць законы, прынятыя парлямэнтам. А менавіта Вярхоўны Савет 13 скліканьня заканадаўча адмяніў наш сьцяг, і герб, і мову. Цяпер яны і ў Вільню са сваімі законамі прыехалі...

Пасьля афіцыйных мерапрыемстваў віленскія беларусы вярнулі сваю сьвятыню на месца.

Г.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0