Пра што мы марым?

Апытаньне “НН”

 

Ці можна ўбачыць мару цэлага народу? І ці здатны чалавек самому сабе адказаць на пытаньне пра сваю сапраўдную мару?

Паэт Славамір Адамовіч кажа пра мару аб нармальнай краіне Беларусі, дзе ён і ягоныя сябры й аднадумцы будуць жыць годна — “адпавядаць свайму статусу”. Што да асабістага лёсу, Славамір кажа, што заўжды хоча быць поўным фізычных і творчых сілаў...

Кабета — дырэктар дробнай прыватнай фірмы — кажа, што яна выхаванка старой традыцыі. Таму ў яе заўжды была мара сустрэць мужчыну, за якім “як за каменнай сьцяной”. Цяпер у яе ёсьць муж, дзіця. У справах і ў сямейнай гаспадарцы ўсё ладзіцца. Але кабета скардзіцца, што яе пужае адсутнасьць мараў:

— Штовечар кладуся спаць і думаю: ёсьць у мяне мары ці не? Дзіцёнак кажа — мама, чаму ва ўсіх маці сядзяць дома, а ты ўсё кудысьці ляціш-сьпяшаесься. У мяне часу няма нават для дэпрэсіі...

Цікава, што збольшага адказы менскіх мінакоў не залежалі ад узросту. Вядома, былі паджылыя людзі, якія казалі пра свае хваробы, пра тое, што галоўная ў іх мара — гэта памерці спакойна. Былі пахмурыя маладзёны, якія скардзіліся на брак грошай і адсутнасьць пэрспэктывы для нармальнага жыцьця. Былі такія адказы:

— Малады чалавек, я іду з работы, я вельмі стамілася. У мяне маленькая зарплата, мне трэба думаць, як купіць дзіцяці новы абутак на зіму. Якія мары? Хачу нармальна жыць.

Так ці йнакш, асабістыя мары людзі зьвязвалі з становішчам краіны. Трыццацігадовы спадар:

— Якія асабістыя мары пры такой уладзе?! Яшчэ чатыры гады таму ў мяне быў свой невялікі, але стабільны бізнэс. Як і плянаваў, я б ужо даўно яго пашырыў. На сёньняшні момант аднаго з маіх кампаньёнаў пасадзілі, а я, замест таго, каб працаваць, мушу даказваць, што я не вярблюд. Пакуль ня зьменіцца ўлада, нічога ня будзе.

Спадар сказаў, што марыць, каб ягоны пяцігадовы сын вырас у нармальным асяродку. Таму ён зробіць усё магчымае, каб выправіць сына вучыцца за мяжу.

Беларусы жадаюць лепшага. Проста лепшага. Слова “лепшае” — ключавое ў адказах пра мару. Якое “лепшае”? — адказ на гэтае пытаньне кожны шукае па-свойму.

Вось адказ маладой кабеты:

— Я ня буду казаць вам пра сваю запаветную мару. Яна вельмі асабістая. Яна зьвязаная з адным чалавекам... Я веру, што ў нас усё будзе добра.

Можна правесьці сацыялягічнае апытаньне і высьветліць палітычныя жаданьні грамадзянаў. Можна ўсіх увесьці ў стан гіпнозу, і прымусіць мысьліць на падсьвядомым узроўні. Але, патаемнае жаданьне альбо запаветная мара застанецца самай няўлоўнай субстанцыяй.

Вось што мне сказаў малады хлопец, які ня лічыць сябе прыналежным да якой-кольвек пэўнай канфэсіі:

— Чалавек створаны па вобразе Бога. Бог — абсалют і любоў. Вось вам адказ — чалавек імкнецца да абсалютнае любві, безь якое ня можна быць чалавекам. Таму любая мара так ці інакш зьвязаная з словам “любоў”. А інакш яна несапраўдная.

Апытваў Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0