Зьміцер Бартосік

“Мутнае вока”

 

Мiнулаю вясною я меў гонар у кампанii лiтаратараў, чые iмёны й творы вывучаюцца ў школе, зьезьдзiць на Полаччыну. З прапагандаю, так бы мовiць, сярод беларусаў роднага слова. У халодным гатэлi засьнежанага Наваполацку, у кампаiнii з Рыгорам Барадулiным, я не ўстрымаўся, каб не запытацца ў маэстра, а цi ня ён прыдумаў легендарную назву на нефармальнай мапе яшчэ савецкага Менску — “Мутнае вока”.

Рыгор Барадулiн:

“Ды не, мы яе разам прыдумалi. Можа я, можа ня я. “Мутнае вока”... Гэта цэлая гiсторыя беларускага i тэатру, i лiтаратуры, i наогул культуры. Праз “Мутнае вока” прайшла цэлая армiя актораў, паэтаў, празаiкаў, фiлёзафаў, прафэсараў, так сказаць. Усiх не зьбярэш. Бо гэта было адзiнае месца, дзе пахла нейкай незалежнасьцю. Ну, нефармальна, таму што мiкрафоны стаялi пад кожным столiкам. Але можна было нешта гаварыць, i ўзьнiкала ўражаньне вольнай багемы. Што ў нас ледзь не Манмартар.

Будынак гэты, так званы “архiярэйскi дом”, некалi царкоўна-археалягiчны музэй, узьвялi ў трынаццатым годзе ў гонар трохсотых угодкаў Дому Раманавых. (Тады ж, па-мойму, былi ўзьведзеныя, з уцалелых на сёньня, лякарня супраць помнiка Багдановiчу ды iнфэкцыйная лякарня на Крапоткiна, дзе я меў гонар ляжаць.)

А ў наш час было: “Актёры первые едят, в меню мечтательно глядят. О, бедный архирейский дом. Я узнаю тебя с трудом”.

Зразумела, “Мутнае вока” не магло быць без Караткевiча. Я памятаю, быў нейкi вечар, мы прынесьлi з сабою нешта выпiць i ў буфэце яшчэ бралi. I Чарнабаеў Вiктар Максiмавiч нешта засьпяваў. I тут, канечне, Караткевiч не ўцярпеў. Як гэта яго нехта пераб’е! Наагул, Уладзiмер не цярпеў канкурэнцыi нi ў чым. Нi ў мастацтве, нi ў выпiўцы. Ну, само сабою зразумела, што ў прыгожым пiсьменстве яму роўных не было. I вось, Валодзя тут экспромтам сваiм магутным голасам пачаў сьпяваць: “Багаты чалавек каня запражэ ды й выедзе-е-е. А бедны чалавек жонку пакладзе ды й выебе-е-е. Радуйся, сарока, радуйся, варона. Радуйся й ты, верабей цудатворца-а-а!”

Чарнабаеў ашалеў. Там усе ашалелi. Таму, што ў архiярэйскiм, так званым, доме, i такi царкоўны хваласьпеў, i з такiм тэкстам! На гэта быў здольны толькi Караткевiч”.

Неяк ноччу, вяртаючыся з чарговых гасьцей, я йшоў праз Цэнтральны сквэр у надзеi пасьпець на апошнi цягнiк мэтро. Горад ужо заціхнуў, каб заснуць. Ніводнага чалавека ў цёмным сквэры, рэдкія машыны на праспэкце, суворая грамада Дому афіцэраў і… я нават спыніўся ў нерашучасьці… слабое, ледзь заўважнае сьвятло з вокнаў даўно закінутага архіярэйскага дому. Разумеючы, што яшчэ хвіліна, і мне прыйдзецца дабірацца пешкі, я без ваганьняў збочыў у цёмныя задворкі. На прывіднае сьвятло зь нежывых зарашэчаных вокнаў.

Я ведаў, што ў гэтых, нейкім цудам не разбураных вайною і саветамі, мурах некалі быў музэй, пасьля тут гучалі галасы ўрадоўцаў БНР. Але й па сёньня сярод менскай багемы гэты адрас застаецца вядомым як “Мутнае вока”. Хоць ужо колькі гадоў дзьверы былога Дому мастацтва не адчыняліся для ягоных заўсёднікаў. І раптам гэтае нерэальнае сьвячэньне сярод восеньскае начы...

Сакрэт жоўтага сьвятла быў да крыўднага простым. Скрозь пыльную шыбу я ўбачыў голыя абадраныя сьцены вялікага пустога пакою, асьветленага наскрозь люмінісцэнтным сьвятлом вулічнага ліхтара праз вокны фасаду. Два казённыя фатэлі ля супрацьлеглай сьцяны, пакінутыя ці забытыя тут невядома калі, толькі падкрэсьлівалі халодную няўтульную пустату некалі вельмі жывога адрасу. Як мог, я напружваў фантазію, намагаючыся ажывіць мёртвы дом гукамі нястройнага фарэпіяна, гучнымі тостамі, звонам посуду ды тлумам цыгарэтнага дыму. Нічога не атрымлівалася. Станавілася яшчэ больш халодна і няўтульна. Я зразумеў, што незваротна спазьніўся...

 

Рыгор Барадулiн:

“Я памятаю яшчэ, як у “Мутным воку” быў нейкi чарговы бэнэфiс Мележа, самага самазакаханага пiсьменьнiка Беларусi. I вось, калi ён выходзiў, на шляху яму сустрэўся Мiхась Стральцоў пад добрай мухай. I Мiшу дужа не спадабалiся надта наваксаваныя Мележавы туфлi. Свае адносiны да клясыка Стральцоў выказаў тым, што, ня кажучы нi слова, стаў сваiмi нячышчанымi ботамi зацiраць нашмараваныя туфлi героя дня. Быў страшны скандал. Стральцоў, якi невядома дзе начаваў, i Iван Паўлавiч — кадравы работнiк ЦК...

Самым сталым клiентам i завiдольцам “Мутнага вока” быў Вялюгiн. У Вялюгiна былi два апорныя рэстараны. Гэта рэстаран “Беларусь”, дзе ў яго быў знаёмы афiцыянт — разьведчык былы, канечне кагэбiст, само сабой. А калi ўжо яму не хапала, ён тады iшоў у “Мутнае вока”. А ён жыў насупраць цырка, у доме, якi звалi “залаты фонд гаркома партыi”. У “Мутным воку” ён даходзiў да кандыцыi, мог заснуць. Тады званiлi жонцы. Жонка забiрала, вяла. Ну а пасьля ўжо ранiцай назаўтра цi жонка, цi хто, цi мне было даручэньне занесьцi п’яныя даўгi.

З “Мутнага вока” аднойчы выйшаў ноччу Раман Фiлiпаў. Выдатнейшы актор, расеец сам, зь Нiжняга Ноўгарада, але ён так вывучыў беларускую мову, што гаварыў лепш, чым многiя нашы... I вось Раман Фiлiпаў, гэтая махiна, узьлез на трыбуну, зь якой урад тады вiтаў па сваiх сьвятах шэсьцi. Стаў на гэтай трыбуне i сваiм магутнейшым голасам... цi кавалак з “Майн кампфу” прачытаў, цi ўрывак зь нейкай прамовы Гiтлера. Прычым голасам фюрэра. Ну гэта быў скандал страшны. I гэты выступ быў адной з прычынаў ягонага вяртаньня ў Маскву.

Шмат чаго было там вясёлага. У “Мутным воку”. Зараз усё i не згадаеш.”

Я ішоў дадому начным праспэктам і думаў наконт праўдзівасьці адной высновы. “Усё адбылося так, як павінна было адбыцца. Таму ўсё, што намі страчана ўчора, сёньня ня мела шанцаў на жыцьцё”. Выходзіць, ня варта плакаць па Менску зь Нямігай і Ратушай. А тым больш сумаваць па замкнёных дзьвярах “Мутнага вока”, якія ніколі ўжо не адчыняцца для вясёлых блюзьнераў. Будынак аддалі праваслаўнай япархіі... Шмат чаго яшчэ пасьпее забыцца, зьнікнуць і адрадзіцца наноў. Але, здаецца мне, жыцьцё гэтай вясёлай назвы ня скончылася з закрыцьцём Дому актора. “Мутнае вока” ажыве новымі героямі, новымі гісторыямі і скандаламі. Хай сабе і ў новым, пакуль яшчэ нікому невядомым месцы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0