Архіў

Вольга Бабкова. Кошты

№ 34 (155), 13 — 19 сьнежня 1999 г.


 

старалітоўскае жыцьцё

Вольга БАБКОВА

Кошты

Дзе хавалі грошы ў старыя часы? Некаторыя закопвалі ў зямлю, пра што сьведчаць раскапаныя пазьней скарбы. Або ў скрынях, «пячацю запячатаных, замкнутых замком». На такія скрыні ў сьвірнах з шляхецкім дабром перш за ўсё і палявалі рабаўнікі: «... у скрынях, замкі пааддзіраўшы, з адное скрыні ўзялі коп чатырыста літоўскіх (грошаў) лічбы і манеты літоўскія, дзьвесьце пенязей у грош...».

Грошы загортвалі ў хусткі, ручнікі, зашывалі ў вопратку, хавалі ў шапку, насілі каля сябе ў машне, каліце, сумках, торбах скураных і суконных, клумках скураных, мяшках замшавых.

Адна капа раўнялася 60 літоўскім грошам, рубель — 100 грошам, грыўна — 48 грошам, злоты — 30 польскім грошам. Дробныя грошы лічыць было няпроста. Слугі ваяводы смаленскага Тышкевіча прывезьлі да братоў Храбтовічаў ажно дзевятнаццаць соцень копаў грошаў літоўскіх, каб узяць у заставу на некалькі гадоў маёнтак Шчорсы. Прыехаўшы да Шчорсаў «добра па абедзе», яны далі гаспадарам лічыць грошы, «каторых зь вялікаю пільнасьцю лічачы і не маглі больш адлічыць, толька сем сот коп грошай і то ўжо было больш гадзіны ў ноч». Стаміўшыся і «не хоцячы больш лічыці пенязей, упёрліся на то, абысь мы ім двор і імене зь людзьмі паступілі...».

Гаворачы пра грошы, не абысьці ўвагай людзей, якія займаліся купляй-продажам прафэсійна. На старонках актавых кніг даволі часта сустракаюцца ўзгадкі пра купцоў, якія, дзякуючы свайму занятку, рабіліся ахвярамі ці закладнікамі рабаўнікоў ці абставінаў. У менскай судовай кнізе апісваецца выгляд віленскага купца Яна Рамановіча, які «тут да Менска для скупаваня ў купецкіх і іных патрэбах сваіх прыехаў» і спыніўся ў гасподзе мешчаніна Федара Гарасімовіча, дзе і быў абрабаваны і зьбіты ліхімі прыхаднямі. Купец быў апрануты ў зімовую цёмна-зялёную дылею зь люндушавага сукна, падшытую лісамі, падперазаны чырвоным пасам. На галаве — шапка. На пасе было прымацаванае чэрасла з 300 дукатамі. Спыненьне ў менскай гасподзе ледзь не каштавала віленскаму госьцю жыцьця.

Праз купецкія рукі праходзіла шмат грошай і тавараў, пералік якіх займае не адну старонку актавых кніг. Закладзеныя таварам вазы купцоў грукаталі па землях Вялікага Княства ўздоўж і ўпоперак. Вось адзін зь пералікаў тавару, «паскупаванага ў краі рускім, у валасьцях», які месьціўся на трох вазах. На першым возе — лісы, бабры чорныя, «куніц цудных пяць, каждая па 50 грошай». На другім возе — мёд прэсны, «рыб вялых нямала», шчупакі, лешч, воск. На трэцім возе — ізноў мёд прэсны, путы жалезныя для коней, уюны, траска, «кажухоў слуцкае работы апарцістых вялікіх на продаж купленых», «белкавыя скуркі».

Колькі што каштавала тады? Шабля каралеўскага маршалка Абрама Мялешкі, купленая ў Вільні ў злотніка Кліма Шостака, была «срэбрам праўная злацістая с паскамі шалкоў розных» і каштавала 70 польскіх злотых. Корд мог каштаваць 5 злотых, ручніца з колам — 2 копы грошаў. Панцыр — 40 таляраў. Залаты пярсьцёнак з рубінам «барза цудным» каштаваў 73 залатых, пярсьцёнак са сьпічастым дыямэнтам — 6 коп грошаў, каралі зь вялікімі пэрлінамі — 3 капы. Срэбны пас, «атліваны пазалацісты абручасты» меў кошт у 12 коп грошаў. Дарагой была і добрая вопратка, нездарма яе кралі найчасьцей. Зялёны атласны жупан мог каштаваць 23 капы. Куртка «шарлатавая чырвоная, аксамітам чорным падшытая ад падолу па пас, з гузамі дратовымі залатымі 2 тузіна» каштавала 18 коп грошаў. Кашуля мужчынская калёнская — 3 капы, жаночая блакітная «сукня» — 4. Футра лісяе, сукном чорным крытае, каштавала 12 коп грошаў, каўпак, падшыты лісамі — 2 залатых, каўпак аксамітны, сабальцамі падшыты — 8 коп грошаў. Боты і пас баваўняны чырвоны — па 16 грошаў. Кажух барані — 1 капу, сярмяга сукна белага — 30 грошаў.

А вось што каштаваў рыштунак каня са збруяй у 1579 годзе ля Слоніма: сядло ярчак — 2 капы грошаў літоўскіх; хамут — 6 грошаў, аброць — 4 грошы, лейцы — 8 пенязей. За каня варанога інаходніка трэ было выкласьці каля 20 залатых польскіх.

Дзевяць ушаткаў піва ў карчме каштавалі 54 грошы. Сама ж карчма «мядовая, піўная і гарэлачная с пляцам і дзьвема агароднікамі» Адама Багуфала ў мястэчцы Зьдзітава магла каштаваць 60 коп грошаў літоўскіх. За нейкі шляхецкі дом прасілі 200 коп. Чынш складаў на той час паўтары капы грошаў, за столькі ж можна было набыць і каўпак сукна люндушавага чырвонага, падшытага лісой.

Зрэдку тыя грошы выкопваюць зь зямлі... Сёньня на нашай зямлі ўжо не чуваць звону манэтаў, толькі шаргаціць папера...

 

Слоўнік старабеларускай мовы:

шарлатавы, шкарлатавы — пурпуровы


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Біцэпсы Івана Краўцова здзівілі сацсеткі. Ён расказаў, як трымае сябе ў спартыўнай форме10

Біцэпсы Івана Краўцова здзівілі сацсеткі. Ён расказаў, як трымае сябе ў спартыўнай форме

Усе навіны →
Усе навіны

У Інданезіі прамаўчалі пра візіт міністра абароны ў Беларусь

Стыхія нарабіла бяды ў Калодзішчах

ДТЗ у Талачынскім раёне: пацярпелі 4 чалавекі, адзін — загінуў

У МТС расказалі, дзе ў Беларусі жывуць жаўранкі, а дзе — совы2

З-за навальніцы на поўначы Мінска на 25 секунд адключалася электрычнасць

Сям’я беларусаў аказалася ў двух розных асяродках эміграцыі. Муж не можа трапіць да жонкі ў Грузію, а яна — атрымаць візу да яго ў Польшчу10

Беларусы здымаюць у Польшчы серыял пра свінгераў19

Алімпійская чэмпіёнка па біятлоне прапала ў гарах Пакістана1

Магутны землятрус каля берагоў Камчаткі прывёў да цунамі, у Японіі і на Гаваях абвешчана эвакуацыя

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Біцэпсы Івана Краўцова здзівілі сацсеткі. Ён расказаў, як трымае сябе ў спартыўнай форме10

Біцэпсы Івана Краўцова здзівілі сацсеткі. Ён расказаў, як трымае сябе ў спартыўнай форме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць