1 чэрвеня

Маладафронтаўцаў не пакідаюць

Актывістаў незарэгістраванага «Маладога фронту» Насту Азарку зь Нясьвіжу і Паўла Красоўскага з Жодзіна выклікалі ў Менскую аблпракуратуру. Актывістаў дапытвалі ў рамках крымінальнай справы па факце ўдзелу ў МФ непаўналетняга салігорца Івана Шылы. У аддзел КДБ у Баранавічах быў выкліканы Мікола Агароднік. Ён мусіў даць паказаньні ў справе прыналежнасьці да «Маладога фронту» актывіста з Баранавічаў Яраслава Грышчэні.

Донары страйкуюць

У Магілёве больш за 100 ганаровых донараў пастанавілі правесьці папераджальную тыднёвую забастоўку супраць адмены льготаў. Калі гэта ня дасьць вынікаў, пачнецца бестэрміновы страйк. Донары абяцаюць зьяўляцца на пункты здачы крыві толькі ў выпадках, калі кроў будзе трэба дзецям ці людзям, чыё жыцьцё ў небясьпецы. Пратэст выкліканы адменай 50% зьніжак на пратэзаваньне зубоў і лекі ды 40% прыбаўкі да пэнсіі.

Труну насілі

На Нямізе некалькі дзясяткаў навучэнцаў вынесьлі сымбалічную труну з надпісам «Ільготы». Наперадзе пахавальнае працэсіі несьлі вялікі льготны талёнчык у чорнай рамцы. Міліцыянтызатрымалі Паўла Вінаградава, Паўла Чумакова, Аляксандра Барадзенку, Вадзіма Баравіка, Паўла Вільтоўскага і Паўла Маркевіча. Тры ночы яны правялі на Акрэсьціна. Супраць Ільлі Шуста міліцыянты ўжылі фізычную сілу. Хлопец цяпер знаходзіцца ў шпіталі.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Т.Паўлючук на працягу панядзелка 4 чэрвеня вынесла прысуд усім шасьці хлопцам. П. Вінаградаў атрымаў 5 сутак арышту, П. Маркевіч, П. Чумакоў, А. Барадзенка, П. Вільтоўскі — 3. Усіх іх асудзілі па арт. 23.34 АК (удзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі). В. Баравіка асудзілі на 3 сутак за ўдзел у акцыі, а таксама далі штраф у 20 б.в (620 тысяч рублёў) за супраціў міліцыянтам.

У Магілёве падчас пікету супраць адмены льготаў затрымалі Аляксандра Анісімава ды Аляксандра Шарабурку за спробу разгарнуць бел‑чырвона‑белы сьцяг. Матэрыялы адміністрацыйнай справы перададуць у пракуратуру.

2 чэрвеня

Расьцяжка і сьвечкі над Горадняй

У Горадні а 20‑й гадзіне на мосьце цераз Нёман, які зьбіраюцца пашыраць, моладзевыя актывісты запалілі сьвечкі і вывесілі расьцяжку з надпісам «Абарані свой горад!» Міліцыя затрымала 5 чалавек: Кацю Галіцкую, Зьмітра Лісіенку, Ільлю й Івана Шылаў (14 і 16 гадоў), Андрэя Ігнатовіча. Расьцяжка вісела каля 5 хвілін. Затрыманых пратрымалі ў пастарунку 2 гадзіны, узялі тлумачэньні й адпусьцілі без складаньня пратаколу.

3 чэрвеня

Пастар Бокун

Пастар менскай царквы ХВЭ «Ян Прадвесьнік» Антоні Бокун быў затрыманы падчас правядзеньня абраду хлебапраламленьня (прычасьця) у будынку, які арэндуе царква на Даўгінаўскім тракце ў Менску. Пастара адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе на яго быў складзены пратакол за правядзеньне несанкцыянаванага сходу. На наступны дзень суд Цэнтральнага раёну пакараў сьвятара 3 суткамі арышту. Гэта ўжо другое затрыманьне Антонія Бокуна. У мінулую нядзелю, 27 траўня, падчас сьвяткаваньня Пяцідзясятніцы (Сёмухі) ён быў затрыманы на суткі й аштрафаваны на 620 тысяч рублёў «за правядзеньне несанкцыянаванага масавага сходу».

4 чэрвеня

Абаронцаў Горадні зноў затрымалі

Каля дзесяці чалавек затрымалі гарадзенскія міліцыянты каля будынку флігеля XVIII cт. Усе затрыманыя — іншагароднія. Сярод іх: Яраслаў Грышчэня, Зьміцер Лісіенка і Андрусь Ігнатовіч.

Маладыя людзі ледзь пасьпелі падысьці да флігеля, які цяпер разьбіраюць будаўнікі. Маладзёнаў адвезьлі ў РУУС Ленінскага раёну для высьвятленьня асобаў, адкуль празь некаторы час усіх адпусьцілі без складаньня пратаколу.

20 тысячаў подпісаў

Каля 20 тысяч подпісаў сабрана зь сярэдзіны сакавіка пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртаньне вернікам комплексу будынкаў менскага кляштару бэрнардынцаў, разьмешчаных па вуліцы Кірыла і Мяфодзія, 4, 6, 8.

Забаранілі пікет

Сустаршыня аргкамітэту партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя і заяўнік акцыі Аляксей Шэін атрымаў адмову зь Менгарвыканкаму на правядзеньне пікету ў абарону свабоды сумленьня. Акцыя мела адбыцца 8 чэрвеня на плошчы Бангалор. Чыноўнікі нібыта мелі пытаньні да дакумэнтаў, прадстаўленых заяўнікамі акцыі. Гэта ўжо другая адмова ўладаў. Падобная акцыя мела адбыцца напрыканцы красавіка на плошчы Свабоды ў Менску. Тады гарадзкія ўлады адмовілі заяўнікам па той прычыне, што пікет, нібыта, будзе ствараць перашкоды для руху грамадзянаў.

5 чэрвеня

У Вузьдзе

Участковы інспэктар міліцыі маёр Сяргей Бурло прыйшоў на працу да прадпрымальніка Віктара Крываля, актывіста Грамады, каб правесьці зь ім «прафіляктычную гутарку», у прыватнасьці, пазнаёміць з арт.342 КК. Артыкул гэты хітры: «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»... А справа ў тым, што 17 траўня на кватэры Крываля адбыўся сход прадпрымальнікаў з трох раёнаў вобласьці. На гэтым сходзе была заснавана Менская абласная арганізацыя прафсаюзу прадпрымальнікаў. Вось улады і вырашылі папалохаць.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0