Эпахальны прыкол

 

Надоечы патрапілі мне ў рукі чатыры нумары “Эпохі—часопіса беларускага”, што выдаецца ў Варшаве “на падставе артыкулу ХІХ Усеагульнае дэклярацыі правоў чалавека” і “распаўсюджваецца сярод сяброў у патрабавальных колькасьцях”. Адметнасьць часопіса, апроч таго, што выдаецца на нейкай няяснай мове з прыкметамі беларускай, яшчэ і ў тым, што робіцца ён двума асобамі, што выразна адбіваецца на ягоным зьмесьце. Так, Алена Стралкова (галоўны рэдактар) ды Сяргей Аўсяньнік (ейны намесьнік) — і журналісты, і фатографы, і аналітыкі, і акупуюць добрую палову часопіснай прасторы. Так бы мовіць, two men (sorry, people) show… Зьдзіўляюць прэтэнзіі гэткага выданьня, якое нідзе ў Беларусі не прадаецца, на права зьяўляцца “адзіным беларускім грамадзка-палітычным часопісам”.

“Эпоха” (зноў цытую) “прысьвечаная дакладна сярэдняму класу Беларусі”. Галоўны зьмест беларускіх матар’ялаў выданьня — абарона беларускага народу, які мэтадычна зьневажаецца і ўладамі, і мізантрапічнай апазыцыяй. “Эпоха” ж ідзе ў контратаку і дае жару літаральна ўсім: і Хартыі-97, і зацятаму “антысэміту” “Шчукину”, які “ня мае ані якога дачыненьня да правоў чалавека”, і “барацьбітцы за трэзвасьць” Тацяне Процьцы, і газэце “Наша Ніва”, якую абвінавачваюць (толькі не ўпадзіце) у... фашызме. Хваляць Аўсяньнік энд Стралкова толькі сябе, сваю кнігу, якую пэрыядычна або цытуюць, або перадрукоўваюць, і таго, у каго бяруць інтэрвію (што часьцяком зноў жа ператвараюцца ў собскія маналёгі Аўсяньніка энд Стралковай) — звычайна гэта кіраўнік БСДГ С.Шушкевіч, чые фотаздымкі ўпрыгожваюць кожны нумар, ды й яго аўтары зь незразумелай фамільярнасьцю клічуць “Станіславам Станіславаічам”. Хіб?..

Але ў гэтым часопісе хіб на хібе едзе і хібам паганяе. Чалавек недасьведчаны спачатку прымае “Эпоху” за эпахальны прыкол якога-небудзь анархісцкага гуртка, сябры якога вырашылі назьдзекавацца і зь беларускай мовы, і зь беларускіх палітыкаў, і зь беларускага грамадзтва ў цэлым, давёўшы пры гэтым аднастайнае і аднанотное выцьцё на месяц-Лукашэнку да абсурду.

І проста беспараўнана “эпаха-ха-хальнае” спадарства выявіла сябе ў амплюа перакладчыкаў. Зразумела, што арыгінальныя тэксты ім не “падняць”, дык яны ўзяліся за пералажэньне польскіх перакладаў (перадрукоўкі з “Газэты Выборчай” і іншых польскіх газэтаў займаюць большую палову часопіса). І пайшло тут: Кім Чэн Ір у іх завецца Кім Джонг Ілам, карэйская сакрэтная служба называецца “таямнічай паліцыяй”; згадваецца сын “намяцкіх габрэяў” “Кохн-Бэндыт, сябра Ёшкі Фішара і бывалы мэр Франкфурту-над-Майнай”; “пісьменьнік Джан Пауль Сартр”; ляўрэаты “ўзнагароды Нобля”; кітайскі лідэр “Джанг Дзямін” выглядае напаўславянінам; аб вугорца Лашла Чуша можна зламаць язык — у часопісе ён заяўлены Цсусцам; чарнагорскі прэзыдэнт Джуканавіч у іх аказваецца Дзюканавічам. Але самым забойным стаўся пераклад працы Жан-Мары Мюлье, дзе побач з францускім “прэзідэнтам Джорджам Пампіду” францускі генэрал Jacques Paris de Bollardier трансьлітаруецца як… “Яаккуес Паріс дэ Боллардьер”. На падобным фоне зусім блякла выглядае гумарыстычны пасаж пра “барацьбу, якую правадзіла Ірыш Лэнд Леакуе”. Апошняя вычварэнка — гэта ўсяго-ткі Irish Land League, Ірляндзкая Краёвая Ліга.

Нічаго” дзіўнага: нават адзін зь нешматлікіх сяброў часопіса бумбамлітавец Лесь Тур незнарок напісаў, што “Эпоха” — гэта “канецэптуальнасьць думкі”. Мае рацыю. Толькі вось шкада, што гэткіх махлярскіх “эпох” апошнім часам распладзілася да халеры...

Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0