Аляксандар Кулінковіч: «Расшыфроўваю несьвядомае»

 

Расейскамоўны Аляксандар Кулінковіч сваёй нутраной беларускасьцю можа даць форы шмат якім беларускамоўным нацыяналістам. Пры гэтым у тэкстах ягоных песень вы ня знойдзеце патасу. Хіба што палітычны сьцёб. «ППРБ, агу, агу! Бананы мёрзнут на снегу». «NeuroDubel» — гурт, які ня ўмее граць. Ягоная сіла ў энэргетыцы. Заўтра, 21 сьнежня, «NeuroDubel» грае ў клюбе «Magna» на «Танцах на Каляды». У лістападзе ў менскім цырку гурт прэзэнтаваў свой новы альбом «Кутрынкі і качулкі». Галоўнай адзнакай той імпрэзы была ня музыка, а супрацьстаяньне: амон супраць музыкаў і гледачоў. Цяперашні выступ у «Акварыюме» мусіць стаць прэзэнтацыяй-рэваншам. Вясёлым шоў. Больш камэрным. Зь лідэрам «ND» Аляксандрам Кулінковічам гутарыць Севярын Квяткоўскі.

 

 

— Аляксандар, год таму ты казаў, што цябе апанавалі фатальныя настроі, што ты гатовы зьехаць жыць на вёску. Год мінуў...

— Год таму я казаў, што ня зьеду з краіны, бо не хачу пакінуць Беларусь без такой каманды, як «NeuroDubel». Але сёньня я бачу, што пазбываюся галоўнай для сябе, як для музыкі, магчымасьці — жывога кантакту з публікай. Выступ у цырку стаўся апошняй кропляй. Заля для рок-канцэрту непрыдатная, але нам не было з чаго выбіраць. Я згодны, што дзеля бясьпекі публікі нельга было дазваляць танчыць. Але ж як гэта рабілася! Міліцэйскае «што хачу, тое й кручу»! Я бачыў, як зьбіваюць гледачоў. Мая агрэсія проці «ахоўнікаў парадку» была проста адказам. Наш гурт мае свайго ахоўніка, які варты 10 амонаўцаў. Прафэсіяналізм заключаецца ў тактоўнасьці. З-за трагедыі на Нямізе зараз шмат канцэртаў папросту забараняюць. Нашыя ўлады атрымалі аграмадны падарунак у выглядзе гэтае трагедыі. Я ўпэўнены, што менскія ўлады пасьля гэтага тыдзень пілі ад шчасьця. Бо яны атрымалі шыкоўную магчымасьць забараняць усё: ад мітынгаў да тэатру лялек. «Дзеля аховы моладзі ад небясьпек». 1 сьнежня была антыAIDSаўская кампанія. Дык вось, адзін лекар-нарколяг зазначыў на радыё, што як толькі зачыняецца нейкі маладзёжны клюб, у нарколягаў рэзка скача колькасьць «кліентаў». Сапраўды, нядаўна сабралася тусоўка на разрэклямаванае байк-шоў. А яго раптам забаранілі. Публіка настроілася на «адцяг». Што рабіць? Хто пайшоў надраўся, хто ўкалоўся… Мяркую, такі расклад для ўладаў больш выгадны, чым існаваньне інстытуцыяў, дзе моладзь жыве па-за кантролем. «ND» можа зьбіраць тысячныя залі, але пакуль будзем граць толькі па клюбах. Пакуль гэта яшчэ магчыма.

 

— Дзе ты бачыш сябе як творцу па-за межамі Беларусі?

— Украіна й Вільня, вось куды мяне цягне. Але абставіны складаюцца іначай. Зараз спрабуем завязацца з Масквой. Трызьненьне з саюзам, гнюсота ў Чачэніі... Насамрэч, я хацеў бы ўвогуле ня мець нічога агульнага з Расеяй. Зрэшты, пры жаданьні я ўмею абстрагавацца дзеля працы.

 

— Што да працы. Калі я бачыў цыркавую прэзэнтацыю «Кутрынак і качулак», мне падалося, што табе вельмі не стае якога вайсковага хору.

— Маё другое дыханьне адкрылася пару гадоў таму, калі я пачаў зазіраць у старыя сшыткі. Папярэдні альбом «Паляўнічы й Сайгак» збольшага зроблены з колішніх напрацовак. Гэтак і «Кутрынкі». Падлеткам я штосьці несьвядома прыдумляў, а цяпер расшыфроўваю. Цяпер мы сапраўды найбольшую ўвагу надаем якасьці музычнага матар’ялу. Што да вайсковага хору, у будучыні мы прыйдзем да чагосьці падобнага. Гэта рост і экспэрымэнт. У нашых альбомах заўжды ёсьць розныя стылі. Нас называюць панкаўскім гуртом. Гэта не дзеля формы, а дзеля падыходу да творчасьці.

 

— Тэатар «аднаго Кулінковіча» стварыць ня хочаш?

— Гэта было б занадта крута. Зрэшты, тэатар ёсьць. Часам сяджу, пішу песеньку, выпадкова зірну ў люстэрка і бачу, што гэтая мая рожа вельмі пасавала б да кліпу. Я хацеў бы зрабіць у кліпе менш рухаў, а больш твараў. Каб было больш майго твару, калі я моцна п’яны і калі я пра нешта думаю.У кліпе мусяць быць твары, якія адлюстроўваюць не рэпэтаваныя, а сапраўдныя эмоцыі.

 

— Ты газэты чытаеш? Увогуле, наколькі моцная ў цябе сувязь з аб’ектыўнай рэальнасьцю?

— Вельмі слабая. Гляджу альбо навіны, альбо «MTV». Кола людзей вакол мяне вельмі малое. Я жыву ў сваім сусьвеціку і хачу жыць так і надалей. Адзіны тлум, які мне падабаецца — гэта натоўп на маім канцэрце.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0