Расея зрабіла крок у цэнтар

Расея прагаласавала за пераемнасьць палітыкі рэформаў. У Думу ўвойдуць быццам 6 партыяў. Упершыню за доўгія гады зьмянілася псыхалягічная сытуацыя: камуністы больш не ўспрымаюцца як наймацнейшая палітычная сіла. Як і ва Ўкраіне, гэтая партыя застаецца партыяй настальгуючай меншасьці і ў такім выглядзе ня мае шанцаў дабіцца ўлады. Гэта падштурхне яе да большай памяркоўнасьці і альянсу з блізкім ёй па духу блёкам Лужкова—Прымакова, што можа даць Расеі моцны левацэнтрысцкі блёк дзяржаўна-бюракратычных сілаў. Зь іншага боку, працэнт галасоў, пададзеных за Лужкова—Прымакова — яўная параза. Шанцаў на прэзыдэнцтва ў Прымакова амаль няма, і трэба меркаваць, што рэгіянальныя дэпутаты пачнуць аддзяляцца ад Лужкова неўзабаве і далучацца да Пуціна. Шайміеў ужо заявіў у начным эфіры, што ОВР ствараўся як адзіны блёк толькі да 20 сьнежня.

Жырыноўскі застаецца. Яўлінскі зьмізарнеў. Разам з тым нечакана высокі атрымаўся рэйтынг Саюзу Правых Сілаў, за якога галасавала моладзь. Гэта сьведчыць за тое, што на палітычнай арэне зьявілася новая хваля, якая можа зьмяніць сытуацыю і ў беларуска-расейскіх стасунках. Бо, як ведама, іхны лідар Кірыенка заўсёды быў супраць саюзу з Лукашэнкам.

І бадай, галоўным вынікам выбараў у расейскую Думу стала тое, што ўсякія Бабурыны, Ілюхіны і Рагозіны, найбольшыя імпэрыялісты і Лукашэнкавы сябры, не атрымалі ніякай падтрымкі.

Гары Куманецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0