Інстынкт захаваньня нацыі

 

Беларускі савецкі фантом посьпехаў роднае мовы быў для каго суцяшэньнем, а для каго й спосабам прыкрываць сапраўдную моўную палітыку ў БССР. І партыйныя рапарты пра тое, што «79% беларусаў уважаюць беларускую мову роднай», мала стасаваліся з рэаліямі, дзе жывой мове не было месца. У цяперашняй афіцыйнай публікацыі зь немаведама якой боязі няма лічбы, колькі ж беларусаў лічаць сваю мову роднай сёньня. «Назвалі роднай мовай мову сваёй нацыянальнасьці амаль 82 працэнты насельніцтва рэспублікі… У 1989 годзе гэты паказчык склаў адпаведна 78 працэнтаў». І што з гэтага вынікае?

Найперш тое, што працэс нацыянальнага самаўсьведамленьня беларусаў за апошнія 5 гадоў спыніць не ўдалося. Наадварот, у нацыі спрацаваў інстынкт самазахаваньня. Няцяжка падлічыць, зважаючы на папярэднія перапісы й колькасьць нацыянальных меншасьцяў, што роднай сваю мову гэтым разам назвала блізу 90% беларусаў. Гэтую лічбу вырашылі не публікаваць. Каб не даваць нам, народу, падставаў для аптымізму і лішніх развагаў пра тое, што мы дастаткова сталая нацыя, каб самастойна наладжваць сваё жыцьцё, без саюзу са «старэйшымі братамі».

Так ці інакш, атрымліваецца, што па-расейску ў нас гаворыць толькі (толькі!) 59 працэнтаў беларусаў. І тут яшчэ адна сэнсацыйная навіна: беларусаў стала больш! Нягледзячы на няўхільнае скарачэньне насельніцтва, высокую сьмяротнасьць, замалую нараджальнасьць, эміграцыю. Беларусаў у Беларусі цяпер больш за 8 мільёнаў 157 тысячаў.

Яшчэ ў 1994 годзе, упершыню за ўсе паваенныя гады, насельніцтва Беларусі скарацілася на 22 тысячы чалавек. Навукоўцы таксама назвалі гэта сэнсацыяй і абяцалі кепскія часы. І вось за апошнія гады насельніцтва скарацілася ўжо на 107 тысячаў чалавек. Гэта больш, чым жыхароў Мазыра ці Ліды… І зноў у статыстычныя зьвесткі закрадаецца палітычнае вытлумачэньне: «На сучасную структуру насельніцтва Беларусі зрабілі йстотны ўплыў ня толькі падзеі апошніх дзесяці гадоў, але і…» Тут прыводзіцца пералік гістарычных фактараў, які замыкае Чарнобыль. Пад «падзеямі апошніх дзесяці гадоў» ананімныя аўтары маюць на ўвазе незалежнасьць краіны. Аднак чарнобыльская трагедыя здарылася за 5 гадоў да таго. Пасьля ж распаду СССР, толькі ў 1992 годзе насельніцтва нашае дзяржавы вырасла аж на 65 тысячаў чалавек. А вось скарачацца яно стала толькі пасьля абраньня прэзыдэнтам Лукашэнкі, менавіта з 1994 году. Відаць, ня ўсе пажадалі заставацца ў краіне, што «не пайшла за цывілізаваным сьветам».

Каго ж стала меней? Найперш расейцаў. З 1989 году іх стала меней роўна на 200 тысячаў і на 2% меней ад агульнае колькасьці жыхароў Беларусі. На 84 тысячы стала меней жыдоў і іхны працэнт ад усіх астатніх цяпер складае мізэр — 0,3%. Што мы страцілі з ад’ездам зь Беларусі жыдоў? Калі гаварыць толькі моваю статыстыкі, атрымаецца гэтак: сярод іх людзей з вышэйшай адукацыяй было больш як 41 працэнт, а сярод беларусаў менш як 12. Вось і падлічыце...

Украінцаў стала меней на 54 тысячы. На 22 тысячы паменела палякаў.

А вось беларусаў зь мінулага перапісу стала болей! Больш як на чвэрць мільёна, на цэлыя 254 тысячы! Цяпер беларусы складаюць ужо 81,2% ад усяго жыхарства краіны. Гэта самы вялікі працэнт за ўсю гісторыю перапісаў. Кроніка й структура гэтага прыросту выглядаюць наступным чынам. Багата беларусаў павярталіся з чужыны ў родны край. (Напрыклад, у 1991-м насельніцтва Беларусі вырасла на 20,4 тысячы чалавек.) А пік вяртаньня прыпаў на той 1992 год, калі ўсё нібы ставала на свае месцы: мова і сымбалі, ідэалы й жаданьні, свабода. Таксама за апошнія гады багата людзей вызначыліся са сваёй нацыянальнай прыналежнасьцю на беларускую карысьць. Верагодна гэта адбылося найперш за кошт асыміляцыі расейцаў і ўкраінцаў.

І нараджальнасьць была высокай менавіта ў тыя гады, напрадвесьні незалежнасьці. Колькасьць дзяцей ва ўзросьце ад 10 да 14 гадоў вырасла за апошняе дзесяцігодзьдзе блізу як на 100 тысячаў. Гэта дзеці незалежнай Беларусі. Аднак за апошнія чатыры гады нараджальнасьць рэзка зьменшылася. І дзетак да 4 гадоў у нас стала значна меней. У 1989 іх было 819 тысячаў, а цяпер 476…

Аднак жыхароў Беларусі ўсё адно шмат больш, чым у якіх Нарвэгіі ці Швэйцарыі, Фінляндыі ці Аўстрыі. І ў тых краёх на тое не наракаюць. Бадай, ня толькі ў колькасьці справа.

Гары Куманецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0