26.12.1999 / 13:00

Вадзім Болбас. Мой сьветлы горад

№ 35 (156), 20 — 26 сьнежня 1999 г.


 

Вадзім БОЛБАС

Мой сьветлы горад

 

Напісаў загаловак і думаю: «Мой і сьветлы ці браць у двукосьсе?» Ці лічу я гэты горад сваім? Ці такі ён сьветлы?

З аднаго боку, наш горад найгоршы ў Беларусі — тут больш за 2,5 тысячы інфікаваных AIDSам. А зь іншага боку, гэты горад найлепшы ў Беларусі — тут няма помніка Леніну.

Дык напішу пра ўсе бакі гораду, а пасьля, перачытаўшы напісанае, вызначуся з двукосьсем.

А пішу я пра места, першы вядомы ўспамін пра якое знойдзены ў архівах за 1560 год. З гэтых архіўных запісаў вядома, што з-за адсутнасьці спадкаемцаў ва ўладальніка селішча «Шацілінскі востраў» Рамана Шацілы права на валоданьне селішчам перадавалася каралеўскім загадам шляхціцу Ждану Манкевічу. Што ж да заснавальніка гораду Рамана Шацілы, дык паводле адной з вэрсіяў (У.Рогалеў) «шаціламі» ў тыя часы называлі бяздомных людзей, бадзяг, якія «шаталіся» без прытулку. Паводле другой — «шаціла» быў краўцом і шыў «шаты».

Ёсьць гістарычныя зьвесткі аб тым, што ў 30-х гадах XVII ст. у Шацілавічах быў збудаваны першы ў гэтай мясцовасьці касьцёл — езуіцкі.

Дарэчы, цяпер найпрыгажэйшым будынкам у горадзе зьяўляецца каталіцкі касьцёл Узьнясеньня Крыжа Гасподняга, асьвечаны біскупам Казімерам Сьвёнткам у верасьні 1997 году.

Сьціплы атэіст, аўтар гэтых радкоў, таксама браў удзел у падрыхтоўцы храма да асьвячэньня — здымаў унутраныя рыштаваньні. Адначасова даводзячы свайму напарніку (расейскамоўнаму будучаму ксяндзу Эдзіку), што беларуская мова ў Сьветлагорску — зьява такая ж натуральная, як і нямецкая ў Гельмштэце, нямецкім пабраціме Сьветлагорску.

 

Выбітныя асобы

Завадзкі

Першым дырэктарам Васілевіцкай ДРЭС (цяпер Сьветлагорская ЦЭЦ) быў Аляксандар Завадзкі — чалавек-легенда для старых сьветлагорцаў. Разумны кіраўнік, заўзяты паляўнічы й рыбак. І, акрамя гэтага, вялікі аматар, знаўца і ўлюбёнец жанчынаў.

 

Тацянок

Другая легендарная постаць, што яшчэ жыве ў памяці шацілаўцаў, — інжынэр-будаўнік Юры Тацянок. Майстар боксу ў паўцяжкай вагавай катэгорыі, бясстрашны рызыкант, вялікі мастак на ўсялякія жарты. Выпіць гарэлкі мог хоць вядро, і хоць бы што. Гэта ён, будучы кіраўніком будупраўленьня, прымаў студэнтаў на практыку наступным чынам: даставаў са стала пляшку гарэлкі, паўнютка наліваў дзьве «малянкоўскія», як тады казалі, шклянкі і прымушаў няшчасных (ці мо шчасьлівых) студэнтаў выпіваць да дна. Маўляў, гэта для вас найважнейшы іспыт на званьне сапраўднага будаўніка.

Пасьля, калі хлопцы выходзілі, кідаў усе справы і зь цікавасьцю назіраў з вакна, праз колькі крокаў выпітая гарэлка зваліць маладых будаўнікоў з ног.

Гэта Юры Тацянок, працуючы ў аддзеле капітальнага будаўніцтва заводу штучнага валакна, раз-пораз дапісваў у складзеныя кіраўніцтвам заяўкі на будматэрыялы то пару тонаў канцылярскіх пер’яў, то яшчэ чаго такога.

Гэта ён пад час пікніка на беразе, выпіўшы добра, мог залезьці на вершаліну дрэва і, разгайдаўшыся, скокнуць адтуль у ваду.

Цяпер ужо няма ў Шацілках такога зуха.

 

Церах

Церах (Цярэнці Прыходзька) жыў не ў саміх Шацілках, а ў Якімавай Слабадзе, што ў чатырох кіломэтрах ад мястэчка. Прыроджаны інжынэр, мэханік, канструктар і вынаходнік. Волат і асілак.

Гэта ён падымаў і ўмацоўваў мэталічны комін кацельні былой Шацілаўскай вэрфі. Я яшчэ памятаю той комін, вышынёю пад 30 мэтраў, дыямэтрам 80 сантымэтраў. Ставіў яго Церах без аніякіх сучасных пад’ёмных мэханізмаў. Паставіў два калаўроты з сыстэмамі блёкаў, набраў каманду памочнікаў, усе тросы замацаваў сам, перахрысьціўся і загадаў паціху круціць калаўроты. Комін падняўся і стаў.

Перад гэтым кіраўнікі вэрфі запрашалі арганізаваць гэтую работу інжынэраў з Бабруйску, але тыя, прыехаўшы і агледзеўшы аб’ект, ад работы адмовіліся.

У падпольлі хаты, дзе жыў Церах, да гэтага часу захоўваюцца падмурак і асобныя дэталі вечнага рухавіка, які сканструяваў і зьбіраўся запусьціць у работу Церах Прыходзька. І гэта ўжо не легенда.

 

ШАЦІЛАВІЧЫ ЛЕПШЫЯ за СЬВЕТЛАГОРСК

Пасьля пабудовы Васілевіцкай ДРЭС урад Беларусі прыняў рашэньне аб разьвіцьці на яе базе ў Шацілках папулярнай у тагачасным СССР хімічнай прамысловасьці. З пачаткам будаўніцтва завода штучнага валакна ў 1961 годзе мястэчка Шацілкі набыло статус гораду і назву Сьветлагорск (сьветлыя горы, значыць).

Пад час вандровак па гарах Каўказа і Паміра турысты зь іншых месцаў неаднаразова пыталіся, у якіх гарах стаіць наш сьветлы горад.

І што на гэта было адказаць? Што канчатак -горск азначае ня горы, а горад. Людзі ўсё адно сьмяяліся. Пры канцы 80-х мы, актывісты гісторыка-культурнай суполкі «Поўня», распачалі ў мясцовым друку кампанію за вяртаньне гораду гістарычнай назвы. Мы прапаноўвалі «Шацілавічы». Гэты назоў, на наш погляд, найбольш поўна адпавядаў беларускай тапанімічнай традыцыі. Але мясцовыя ўлады ды саветызаваная грамадзкасьць на тое не пагадзіліся. Цяпер ужо і ня ўспомніць, колькі лаянкі і кпінаў абрынулася на нашыя галовы за адну толькі думку вярнуць «сьветламу савецкаму гораду нейкую старую назву».

А шкада! Бо Сьветлагорскаў тады ў СССР было ўжо чатыры ці нават пяць. З адною параю маладых спэцыялістаў, маіх добрых сяброў, здарылася нават такая прыгода. Атрымаўшы пасьля заканчэньня Адэскага політэхнічнага інстытуту накіраваньне на Сьветлагорскі завод штучнага валакна, маладыя пайшлі на вакзал, купілі квіткі да Сьветлагорску, селі ў цягнік і прыехалі ў Калінінградзкую вобласьць. І толькі там разабраліся, што заехалі не туды.

У Беларусі Сьветлагорск адзін. Але мы, тыя, каму дарагія нашая гісторыя, культура, верым, што здолеем вярнуць месту ягонае сапраўднае імя.

Будавацца горад пачаў у 50-х гадах ад паўднёвай ваколіцы Шацілак. Гэтая частка гораду, забудаваная двухпавярховымі дамамі кватэрнага і інтэрнацкага тыпу, да гэтага часу ў дакумэнтах камунальных службаў называецца «Піянэрны квартал». Чаму «піянэрны», а не «піянэрскі», ніхто са службовых асобаў, якія карыстаюцца гэтым тэрмінам, ня ведае і растлумачыць ня можа.

Зь сярэдзіны 60-х гадоў будавалі мікрараёны ўжо Сьветлагорску панэльнымі пяціпавярховікамі. Лесапалосы аддзялялі горад ад прамзоны зь яе шкоднымі для здароўя выкідамі, асабліва серавугляродам. Пры будаўніцтве 2-га і 3-га мікрараёнаў усе дрэвы, якія не траплялі непасрэдна пад дамы, былі захаваныя, растуць і цяпер. Калі дрэва траплялася на трасе тратуару ці пешаходнай сьцежкі, дык не высякалася, а абгароджвалася. Усё гэта надае гэтым мікрараёнам тую ўтульнасьць, якуя справядліва адзначаюць усе, хто наведвае Сьветлагорск.

На жаль, цяпер ужо ня тое: і мікрараён «Палесьсе» паціху напаўзае на лясны масіў, і раёны новыя здаюцца голымі, і людзі здрабнелі.

 

Сьпідагорск

Такі варыянт назвы нашага гораду зьявіўся на старонках пэрыядычнага друку каля двух гадоў таму. А вежавы гарадзкі гадзіньнік, пушчаны крыху пазьней, мясцовая моладзь называе «Сьпід-Бэн».

Чаму? Недзе ўлетку 1996 году ў горадзе была выяўленая пара дзясяткаў маладых людзей, заражаных вірусам набытага імунадэфіцыту. Практычна ўся гэтая група належала да шпрыцавых наркаманаў.

Мяркуецца, што вірус быў завезены з Украіны з партыяй гатовага да ўнутрывеннага ўжываньня наркотыку. Быў наладжаны больш пільны кантроль, і колькасьць заражаных гэтым вірусам пачала расьці з хуткасьцю сьнежнай лавіны.

На цяпер зарэгістравалі 1390 носьбітаў вірусу. Гэтая лічба выклікае ў дасьведчаных людзей вялікую трывогу ня столькі колькасьцю, колькі наступным: шпрыцавых наркаманаў у горадзе зарэгістравалі каля 800 асобаў (783 на 100 тысяч насельніцтва, у 32,8 разы болей чым, па Беларусі ў цэлым), а заражаных AIDS-ам нашмат больш. Перавышэньне колькасьці інфікаваных над колькасьцю наркаманаў дае магчымасьць зрабіць выснову, што распаўсюджваньне вірусу імунадэфіцыту пайшло полавым шляхам, а значыць, групай рызыкі для Сьветлагорску стала ўсё насельніцтва, а ня толькі групы рызыкі.

Сьветлагорцы ўжо бралі ўдзел у «Эўраквілтуры-99» у Менску і Варшаве, дзе дэманстравалі чатыры квілты ў памяць жыхароў Сьветлагорску, памерлых ад гэтай хваробы. Спэцыялісты-лекары лічаць, што рэальная колькасьць асобаў, як наркаманаў, так і заражаных вірусам AIDS, прыкладна ў 4 разы перавышае зарэгістраваную. Гэта азначае, што носьбітаў вірусу ў горадзе больш за 5 тысячаў — або кожны пятнаццаты жыхар.

Часам выходзячы раніцою з кватэры, можна ўбачыць у пад’езьдзе выкарыстаны шпрыц. Лекары раяць усім сьветлагорцам мець дома гумавыя мэдычныя пальчаткі. Каб карыстацца імі пры неабходнасьці аказаць першую мэдычную дапамогу суседу ці любому чалавеку, калі гэта зьвязана з крывацёкам.

Ніхто ў Беларусі так не паінфармаваны пра AIDS, як жыхары Сьветлагорску. Нідзе не прынятыя такія меры кантролю. Нідзе не праверылі на AIDS такую колькасьць жыхароў. Так што, магчыма, у рэальнасьці справы тут ідуць лепш, чым у іншых гарадах Беларусі.

А наркотыкі былі завезеныя ў горад студэнтамі, якія вучыліся ў Санкт-Пецярбургу, у 1983 годзе. Бяда прыйшла з Поўначы.

Вось такі ён, Мой «Сьветлы» Горад. Чытачы, відаць, зьвернуць увагу на тое, што аўтарам выкарыстоўваюцца словы «горад» і «гараджане», а ня «места» і «месьцічы». Зроблена гэта сьвядома, бо насельнікі гораду больш савецкія гараджане, чым беларускія месьцічы.

Такім убачыў усё гэта аўтар, пражыўшы тут «Хрыстоў век» — 33 гады. Натуральна, што іншыя аўтары напісалі б гэта інакш, магчыма лепш і паўней.

Кастрычнік-лістапад 1999 г.


Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру