ДЫСКАГРАФІЯ

 

Супэральбом ад буціку «Каміла»

«СЬВЯТЫ ВЕЧАР 2000». Розныя выканаўцы. (р) Сьвяты вечар 2000, Boutique Kamila, 1999.

Тое, што ў крамах, дзе раней прадаваліся альбомы фірмы «Мэлёдыя», цяперака прадаюць невядома што, толькі не кружэлкі, нікога даўно не зьдзіўляе. А вось тое, што ў небезьвядомым буціку цяперака заміж моднага ды дарагога адзеньня будуць прадаваць кампактны дыск — гэта ну, зусім ні ў якую ведамасьць!

А трэба разумець, так яно і будзе, бо менавіта той буцік і выдумаў у асобе спадара Алеся Сушы праект, які своечасовы, актуальны і тым ня менш — па-мастацку пераканаўчы. Як з боку рэпэртуару, так і з боку выканаўцаў. Пералічваю: ёсьцека тут «Kriwi» ў поўным складзе, «Ны.Ры. Ым.» у такім жа, дуэцік «Дзеці» (Жэня Любец ды Валерыя Валадзько), ёсьць альфануты Аляксандар Памідораў зь непаўторнай ягонай манерай дастаць голасам да глыбіні душы, прыдаўся на Каляды Віктар Шалкевіч са сваім сьветлым бачаньнем цёмнае (ды in-цёмнае) рэчаіснасьці, а таксама Шубэрт ды нейкі Курцвайль. Таксама немец, мусіць, бо пішацца ў розных месцах па-рознаму.

Рэпэртуар — як падарунак у панчосе над камінкам. Пачынаецца ўсё зь «Ціхай ночы», якую, мусіць, дасюль па-беларуску сьпявалі толькі царкоўныя хары. Потым ідзе зрэпаваная песенька «Цуд на Каляды» аўтарства Памідорава. Калі з такой песьняй да мяне прыйдуць калядоўшчыкі, я вынесу ім з хаты ўсё, што маю. Калі гэта ня шлягер, дык я не Слухач, а Глушак (Мележаў). «Шчодры вечар, сьвяты вечар»: Тодар Вайцюшкевіч скарыстаў даверлівы народны тэкст, каб напісаць уласную музыку і атрымаць аўтарскія за яўна ўдалую песеньку. Далей «Дзеці» сьпяваюць традыцыйную «Новую Радасьць» з тым самым Курцвайлем і Лявонам Вольскім. Пятая песьня — «2000 год» (музыка і словы таго ж Вольскага), прыгожая патрыятычная калядка, якая годна прагучыць і на патрыятычных калядных мітынгах. Песьню «Званочкі» выконвае Аня Брадоўская, зразумела, не без таго ж Лявона. Лявон сьпявае лепш, Аня — вышэй. Хораша...

«Калядны марш» зноў жа Энэрэмшчыка, выкананы на пару з Тодарам, — гэта песьня пра карысьць своечасовага наведваньня сваякоў на вёсцы. Каб было што потым на калядны стол паставіць. Не, гэтыя дзьве песьні нішто сабе, іх можна было нават і на будучыню пакінуць, пра запас, на якое іншае сьвята. Памідораў у песьні «Глёрыя!» дэманструе веды лаціны. Як — ня ведае ніхто, бо ўсе лаціны даўно ўжо там. На вечных Калядах.

Нарэшце «Ave Maria» знанага аднайменнага немца. Сьпявае Вераніка, тлумачэньне Лявона. Супэр! Маўчу і слухаю: дзясяты раз, дваццаты. Ave! Так можа сьпяваць толькі беларуская кабета: з душою, лёгкім надрывам і невыказна па-народнаму. Так што цалую Вераніцы рукі і ўсё, што дазволіць Тодар.

«Пастушка мілы»: зноў сынтэз народных словаў і музыкі Тодара. Фальклёр, думаю, узбагаціўся нашмат. Сапраўды сьветлая песьня, якую беларускія дзеткі будуць з захапленьнем слухаць многія яшчэ гады. Віктар Шалкевіч, пакінуўшы таварыша Сапегу, узяўся за «Сьвятога Мікалая». Тут ужо і дарослыя будуць слухаць уважліва, асабліва тыя, хто ва ўсім шукае прыхаваны зьмест. Хрэн знойдзеш, як шампанскага ў склепах на Каляды!

Нарэшце, закрывае альбом жвавая традыцыйная песенька «Ўчора зь вячора» — таксама верны шлягер, хоць і просты да неймавернага: два галасочкі і два бубны. Добрыя «Дзеці» растуць: сьпяваюць годна, зладжана, аж сьляза радасьці прашыбае.

Я, шчыра кажучы, ніколі ў тым буціку ня быў, бо страшна. Але вось цяпер ведаю, што там добрыя, ласкавыя людзі робяць. Пласьцінкі нават выпускаюць. Нармальны такі магазін!

Слухач-2000

 

Песьні на воблаку

«ПЕСНИ НА ОБЛАКЕ». Галіна і Барыс Вайханскія. (р) «Ковчег», 1999.

Другі альбом у даробку гэтага знанага дуэту — выканаўцаў аўтарскай песьні — прыносіць разнастайны матэрыял, створаны пераважна Барысам у самыя розныя гады. Калі, напрыклад, песьня «Мокрый декабрь» пазначаная далёкім 1975 годам, дык «Принцесса розовых слонов» — 1998-м. Значыць, мы маем дачыненьне да своеасаблівай анталёгіі дуэту Вайханскіх, запісанай пры дапамозе гітарыста Юр’я Вайханскага ў мазырскай студыі «Арт».

Барыс, якому ўсё ж належыць у тым дуэце галоўная роля, ніколі не хаваў таго, што з натуры сваёй ён — рамантык, лірык. Такім чынам, дарма шукаць ня толькі на тым альбоме, але і ў творчасьці Вайханскіх наагул песень сацыяльна завостраных, песень-намёкаў. Гэтага няма, хоць знаўцам вядома, што ў свой час Вайханскі жартам напісаў зь дзясятак ці нават больш такіх вось імітацыяў блатнога тыпу, якія на дзіва лёгка і хутка пайшлі ў народ. Напэўна, некаторыя з гэтых твораў зажылі самастойным жыцьцём і ўжо амаль ніяк не зьвязаныя з асобай аўтара. У гэтым сэнсе Барыс Вайханскі — аўтар, безумоўна, народны.

Зьмешчаны ў альбоме матэрыял можна падзяліць на тры групы. Першую складаюць уласна аўтарскія творы — тыя песьні, у якіх і музыка, і вершы створаныя самімі выканаўцамі («И я вернусь», «Песни на облаке», «Перед Рождеством»). Што характэрна, большасьць тых песень — выключна лірыка.

Другая група — гэта творы, напісаныя на вершы іншых, пераважна вельмі вядомых замежных паэтаў, што адначасова нагадвае пра творчыя прыярытэты Барыса Вайханскага. На альбоме прадстаўленыя песьні на вершы Канстантага Галчынскага, Гіёма Апалінэра, Эльзы Ласкер-Шулер, Жака Прэвэра, Райнэра Марыі Рыльке, Шэксьпіра. І гэта зноў жа толькі нязначная частка з напісанага Вайханскім.

Нарэшце, трэцяя група — песьні, напісаныя для тэатральных спэктакляў ды кінафільмаў. Да іх можна далучыць у пэўным сэнсе «сюжэтныя песьні», такія як «Эволюционное танго» ці «Испанская история». Збольшага гэта жартоўнага характару творы, часта пабудаваныя на дыялёгах, вясёлыя па настроі і дынамічныя па рытміцы. «Вярняк» на канцэртах!

Ды вось што кінулася ў вочы (а потым і ў вушы). Гэты альбом зьмяшчае больш за гадзіну музыкі, што для беларускай фанаграфіі — зьява неверагодная. Нагадаю, што сьпяваць Барыс пачынаў яшчэ ў той час, як працаваў у Міністэрстве фінансаў. Магчыма, як не пачаў бы, дык сёньня падпісваў бы новыя банкноты. Але ўсё адно: ягоны досьвед працы зь фінансамі мог бы падказаць, што з запісанага матэрыялу можна было зрабіць ці ня два паўнавартасныя альбомы з гучаньнем хвілінаў па 40—45. Элемэнтарны разьлік паказвае, што пры крыху большых фінансавых укладаньнях у вытворчасьць і прыбытак быў бы нашмат большы.

Хоць, магчыма, Вайханскія лепш за мяне, дылетанта, пралічылі сытуацыю, ведаючы, што многія спраўджаныя законы ў Беларусі не спрацоўваюць. І на спадзяваньні нешта зарабіць, у тым ліку дзякуючы сумленнай творчасьці, варта глядзець аднекуль збоку. Ці зьверху, з воблака.

Што яны і зрабілі.

Слухач з аблачыны

 

Маё!

«МОЕ!» Аляксей А.Шадзько & Company, альбо група «СЕСТРА». Выдавец не пазначаны. (р) 1999.

«Маё!» — Яўген ускрыкнуў грозна» (канец цытаты). Яўна да юбілею Пушкіна прымеркаваў свой новы альбом знаны беларускі актор ды сьпявак, іначай не паставіў бы пытаньне гэтак сапраўды пагрозьліва і ці ня рубам. Катэгарычнасьць Аляксея можна зразумець: апошнім часам ён выдае па новым альбоме штогод, зьбірае амаль поўныя вялікія залы, а грошай як не было, так і няма. І гэты альбом давялося выдаваць, відаць, на пазычаныя ці скінутыя спонсарамі грошы. Ёсьць з-за чаго раззлавацца. Мусіць, таму гэтае ягонае «Маё!» даволі істотна адрозьніваецца агульнаю атмасфэраю, гучаньнем ад папярэдніх, нашмат больш спакойных альбомаў.

«Привет» — даволі тыповая для Шадзько песьня, адно што толькі выразна рытмізаваная. Дарэчы, гэта агульная рыса альбому наагул: як ніколі раней, рокавая стылістыка ў песьнях Шадзько тут прысутнічае вельмі выразна. «Зорро» — крыху незразумелая па сэнсе песьня і, відаць, далёка ня зь лепшых у даробку аўтара. «Если ты будешь со мной» — гэткая рокавая лірыка з выразнай мэлёдыяй, прыкметным аранжаваньнем ды майстэрскім сола Сяргея Анцішына на гітары.

«Мое!» — песьня, якая вымагае асобнага абзацу. Загалоўная, між іншым. Просьценькая, смачненькая мэлёдыйка. Лірычны герой доўга пералічвае, што зьяўляецца ягоным майном. Так бы мовіць, тыя рэчы, што ўпрыгожваюць побыт. Ага, я разумею Аляксея: забяры хоць нешта зь пералічанага, жыць далей, канечне, можна, але ўжо ня так добра. У Шадзько, мусіць, паадбіралі шмат, іначай ён не заходзіўся б у крыку: «Мое, убирайте свои грабли, Мое, никому я не отдам». Файная песьня, яна ў пэўным сэнсе пакліканая падтрымаць увядзеньне прыватнай уласнасьці ня толькі на рэчы матэрыяльныя, але й на духоўныя каштоўнасьці кшталту «примочки и заморочки». І правільна! Няма чаго тут дэкрэтамі № 40 раскідвацца. Маё! Шкада толькі, што аўдыторыя, здольная зразумець тую песьню, у Аляксея патэнцыйна невялікая. Бо тыя страцілі ўжо амаль усё, уключаючы ланцугі.

«Сестра» — менавіта пад гэтаю назвай зьбіраюцца Аляксей і калегі далей выступаць на сцэне. Добрая, сьветлая песьня, з тых, што вызначаюць творчы почырк брата Аляксея.

«Это не рок-н-рол». Ну вось, маеш! Крык душы, рык адчаю. Злы, але дужа праўдзівы твор, мабыць, па настроі найбольш тыповы для альбому. Менавіта пра гэтую песьню і сказаў Шадзько: маё! Маўляў, няма чаго больш праводзіць паралелі з Шаўчуком, Б.Г. і іншымі. Няма чаго: ягоная песьня, рэзкая, мужыцкая...

«Солнышко» і «Моя Бэйба» — дзьве крыху падобныя па тэме песенькі, з той толькі розьніцай, што другая — клясычны і клясны рок-н-рол, затое першая больш мастакоўская з гледзішча паэзіі.

«Дам ди дам» — такі аптымістычны шлягерок з прыгожай мэлёдыяй, дужа кантраставы на фоне папярэдніх твораў, у якіх згадваліся «крытычныя» дні нацыі. Слухаецца прыемна, а лірычны герой песьні, безумоўна, прываблівае.

«Современный герой». Але ж, пытаньне са школьнага курсу, там, дзе вывучалі «лішніх людзей» і г.д. Выдатная інструмэнтоўка, хоць песьня крыху ўскладнёная. І закрывае прыватызаваны альбом песенька-малюначак «Бултых». Не пра Муму, а пра тое, як часам лёгка адразу вырашыць усе праблемы быцьця: «Бултых — и камушек в реке». У нечым нетыповы для гэтага альбому твор: ён больш адпавядае папярэдняму збору твораў Шадзько «Я буду ждать».

І хоць сам аўтар вельмі рашуча і дакладна акрэсьліў тэрыторыю ўласнае творчасьці, з-за чаго быў змушаны прыкметна памяняць танальнасьць, альбом, хоць і ня проста, не адразу, але, як пад плотам, улазіць у сьвядомасьць і застаецца ў памяці надоўга.

Як той сваяк зь вёскі, якому своечасова не намякнулі, што настаў час нарэшце вяртацца з гораду ў родны саўгас.

Прыватызаваны слухач

 

Людзям

«ЛЮДЗЯМ». Група «Kriwi». (р) «Ковчег», 1999.

Калі людзям, дык, значыць, і мне таксама. Я праслухаў усё вельмі ўважліва. Другі раз, трэці, чацьверты... Сапраўды — мне!

І яшчэ падумаў: мусіць, нездарма гэты альбом, як і альбом Аляксея Шадзько «Маё!», будзе рэальна прэтэндаваць на «Карону» ў адпаведнай намінацыі за гэты год. Нездарма таму, што рытм-сэкцыя і там, і тут складаецца з тых самых музыкаў — басіста Валер’я Бажкова ды барабаншчыка Кірылы Шавандо. Толькі што ў Шадзько прозьвішча Валер’я пішацца праз «ш», а ў «Kriwi» — праз «ж». Ну ня можа быць у Беларусі столькі клясных басістаў з падобнымі прозьвішчамі!

А калі сур’ёзна, дык рытм-група і насамрэч — тая аснова, безь якой дарма чакаць плёну ці то ў року, ці то ў змадэрнізаваным фольку. Што да «Kriwi», дык у гэтых музыкаў па добрым барабаншчыку сядзіць у галаве яшчэ на генным узроўні, а калі да іх далучаюцца спрактыкаваныя басіст ды ўдарнік, дык застаецца толькі што рукі ўгару ўзьняць. Можна адразу пасьля першага ж знаёмства з тым сапраўды людзкім альбомам. У нейкай газэце Зьміцер Вайцюшкевіч тлумачыў, што яны сьвядома пайшлі на выданьне менавіта канцэртнага альбому, бо, што ні кажы, стыхія музыкі, падобнай да той, што выконваюць «Kriwi», — гэта жывыя зносіны з публікай, хоць і ў студыі музыкі гучаць ня менш па-людзку. Тут жа — геаграфія, блін, што адразу ўражвае — па ўсёй, лічы, Эўропе альбом пісаўся. І атрымалася добра.

Тыя неахайнасьці, безь якіх рэдка калі абыходзіцца які запіс нават самых мэтраў, тут ня б’юць па вушах. У некаторых эстрадных дзіваў і дзівакоў, бывае, і фанэра нашмат больш фальшывая. І нічога! Званьні заслужаных нават носяць, як іх толькі тая зямля трымае. Тут жа мы маем дачыненьне да сапраўднага, спантаннага часам музыкаваньня, дзе галоўнае ўсё ж ня як засьпяваць, а што. «Што» — у сэнсе атмасфэры, шчырасьці, калі хочаце, натуральнасьці. У «Kriwi» тое атрымліваецца, мяркуючы з альбому, практычна паўсюдна.

«Бярозка» — сола Веранікі Кругловай з прыгожанькай лёнданскай ды-джэйкаю Дэльтай. Тут цемнаскурая ангелька выступіла ў ролі хутчэй аранжавальніка, крыху падфарбаваўшы электронікай мэлёдыю, якую нават міксамі спляжыць немагчыма. На дзіўным запале сьпявае Зьміцер «Эгэй, дарогаю». Каб ня быў я слухач мясцовы ды мовы тае ня ведаў, сказаў бы, што гэта — сусьветнага ўзроўню экзотыка. А так скажу, што ўсім тым экзотыкам да таго нашага ісьці ды ісьці той дарогаю. Супэр! Як, дарэчы, «А ў садзе рожа». Як «Мяцёлка». Як, зрэшты, практычна ўсё, што патрапіла на альбом.

Ён зьмяшчае некалькі ўжо выдадзеных песень («За туманам», «На турэцкіх палях»). Гучаць яны, зразумела, іначай, чым у студыйным варыянце, ды «Kriwi», здаецца, дажыліся ўжо да таго, што здольныя і на сцэне працаваць гэтак жа ўпэўнена ды дакладна, як і ў студыі. Праўда, не заўсёды: «Добры дзень», напрыклад, гучыць усё ж... так бы мовіць... Не Кабзоны, адным словам... Але нічога страшнага! А вось досьвед «Kriwi» зь мясцовым ды-джэем, упэўнены, проста даніна модзе: той анічагусенькі свайго не дадаў да песьні, быццам, апрача надпісу на вокладцы, таго D.J.Pasha побач нат і не было. Тут і бяз тых вершнікаў на дысках ногі ў скокі йдуць, дастаткова паслухаць «Сьвятога Ляксея». Так што адных «Kriwi» цалкам дастаткова будзе, каб адразу завалодаць аўдыторыяй. Без усялякіх там драм-н-бэйсаў і іншых модных штучак.

Вось і атрымліваецца, што для посьпеху можа хапіць, уласна кажучы, колькі добрых народных песень ды майстэрскага, з выдумкай, іх выкананьня. Што і зрабілі «Kriwi».

Што яны, напэўна, зробяць яшчэ не аднойчы. Зь людзкаю, зразумела, дапамогай, бо альбом усё ж — людзям.

Людзкі слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0