дзёньнік маладога спэцыяліста

Сяргей БАЛАХОНАЎ

Пераразьмеркаваньне

 

Больш чым палову месяца давялося мне змарнаваць на тое, каб пераразьмеркавацца зь Белага Балота бліжэй да Гомеля. Змарнавана цэлая гара Дзяржынская часаў, сілу, нэрваў. У калідорах «адукацыйнай улады» не чытаюць «Arche» і «Нашай Нівы». Затое да Рэчыцкага аддзелу адукацыі даляцела газэтка гомельскіх студэнтаў «ЗуБаСьцік», дзе я вёў рубрыку «Белабалоцкая кроніка» і называў рэчы і людзей сваімі імёнамі. Загадчыца разьюшылася, нібы японскі электрачайнік на ўкраінскай газпліце: «Як вы пасьмелі пісаць такую мерзасьць пра нашых дзяцей?! Яны ў нас не дэбільныя, а рабацяшчыя, трудалюбівыя!» Што тут скажаш? Іншая жывёла таксама працавітай бывае. Загадчыца зразумела, што я ў іх чалавек «случайны», і пасьля пэўнага манежаньня ды маіх сьлязьліва-брыдкіх пэрфомансаў дала дазвол на перавод.

Народ у цягніках і на дарогах па-ранейшаму ня ведае, чаго хоча. Жаляцца на галечу і галадаваньне, карупцыю і беззаконьне, але ўпарта адмаўляюцца бачыць крыніцу ўсіх гэтых «пякнотаў» і «дабротаў». Зноў вінаватыя Пазьняк, Шушкевіч, Шарэцкі. Нейкая бабенцыя голасна патрабавала, каб вызвалены зь вязьніцы Чыгір аддаў ёй ейныя грошы. Як паслухаеш, дык і мараў у людзей сапраўдных нямашака. Ну што за мара-летуценьне адрамантаваць да Новага году стары лямпавы тэлевізар, каб было што глядзець у навагоднюю ноч?! Некаторым жанчынам ледзь за сорак, а яны, спанявераныя ў сваіх мужах ці мужчынах, «прадпачытаюць» аставацца ў сьвяточную ноч адны. Цэлы дзень я прасядзеў у абласным упраўленьні адукацыі, чакаючы канчатковага вырашэньня майго пытаньня. Азадак млеў і перамлеў. Вушы злавілі, як нейкая функцыянэрка гаварыла аб прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне. Гаварыла з жалем за Сіманенку. Лічыла вынікі сфальсыфікаванымі. Чым бліжэйшая нацыянальная ідэя ў сваёй перамозе, тым гучней лямант аб фальшу. Хай тая ідэя сабе і ўкраінская... Калі сакратарка ў прыёмнай чародным разам падняла слухаўку і перапыталася: «КГБ?», я чамусьці падумаў пра сваю грэшную пэрсону. Але празь нейкі час справа мая была сьпетая, то бок вырашаная станоўча. Дзякуй спадарству за хлеб і малако! Мне пашэнціла, а майму былому аднагрупніку — не. Усё гэтае разьмеркавальнае казлаводзтва ці ў аднаго чалавека выклікае апазыцыйныя настроі. Ды ці выкарыстоўвае іх хто-небудзь? Наўрад.

Вось я ўжо ў Буда-Кашалёўскім раёне, у вёсцы Радзееве. Ад Гомеля 50 хвілінаў дызэлем і пяць хвілін пешкі да школы. Базавай школы. Працую па сваёй другой спэцыяльнасьці — выкладаю нямецкую мову. Дзеці, канечне, цікавыя, але сэрца грэе думка аб блізкасьці чыгункі. Акром жа таго ў Радзееве ўжо колькі гадоў жывуць мая бабуля Маня і цётачка Алена. Ёсьць дзе сагрэцца, ёсьць дзе схавацца. Позва ў ваенкамат кліча мяне 27 сьнежня.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0