Анатоль ПРАСАЛОВІЧ

Пра Mэтро і пра Мятро, або Don’t Lean

 

Мэтро і Мятро — рэчы зусім розныя, і іхнай тоеснасьці нам не пабачыць. Мятро — гэта сваё: шэрыя мінакі і гожыя ногі ў панчохах на эскалятары ўверсе, перагар ад суседа і адзінае, што ведаюць па-беларуску многія менчукі. Гэта — Падменшчына. Мэтро — зусім іншае: іншыя людзі, іншыя станцыі, размаляваныя вагоны, дзьверы не адчыняюцца аўтаматычна, людзі, што просяць міласьціну, рух у адваротным кірунку. Цікава, але не пра нас.

 

Пра Мэтро

Самае студэнцкае, то бок халяўнае мэтро — праскае. Калі я ўпершыню туды патрапіў паўтара гады таму, дык са зьдзіўленьнем убачыў, што ўсе праходзяць у нутро вольна, нібыта ў кожнага — праязны, і ніякіх табе жэтонапраглынальнікаў, ні бабулек-цэрбэраў. Мой былы сусед па інтэрнатаўскім пакоі Максім Шчур, маючы ўжо сякі-такі досьвед пражываньня ў чэскай сталіцы, са сьмехам патлумачыў, што ў Празе праязным зьяўляецца тваё собскае сумленьне, а калі і выскачыць аднекуль на пераходзе зь лініі на лінію якая кантора, выкруціцца зусім ня цяжка. Калі на Мустэку нешта падобнае здарылася са мною і нахабны валаток у скураной куртцы пачаў адной рукой тыкаць сваёй ксівай мне проста ў нос, другой моцна трымаючы мяне за каўнер, я спачатку паспрабаваў адштурхнуць яго і вызваліцца, але, бачачы, што не змагу, быў вымушаны зьмяніць тактыку: пачаў балбатаць абы-што на самым незразумелым варыянце сакуноўскай гаворкі з дамешкам жарганізмаў друцкіх плытнікаў і кодавай адваротнай замовай: «Беларусь — турыст — Градчаны — Скарына». Адпусьціў...

У іншых сабвэях Эўропы змаганьне за падземны камунізм вядзецца ці ня з большай інтэнсыўнасьцю. У Варшаве, прыкладам, таксама няма аніякіх мэханічных прыстасаваньняў, якія перашкаджалі б пранікненьню долу, але кантралёры там зусім не такія ляяльныя, бо ў палякаў, на жаль, зьнік, так і не сфармаваўшыся, рамантычны вобраз вандроўніка з Усходу. У іншых жа кантынэнтальных сталіцах сытуацыя нашмат больш пэрспэктыўная. Летась, седзячы на прыступках пад Калізэем, я пазнаёміўся з прыгожай немкай, таксама гічгайкеркай, з Равэнсбургу, пачаставаў яе «Астрай-Люкс», ад якой яна забалдзела, бо водар «Ціцянкоў-Інвэст» нечым нагадваў шмаль, і мы вырашылі разам паехаць куды-небудзь на ўскраек Рыму пасёрбаць таннага піва. Ліраў у мяне было замала, дый на ячневую амброзію хацелася пакінуць хоць трохі, і таму яна, даехаўшы да маёй праблемы, сілком зацягнула мяне ў мэтро, прымусіла (я пярэчыў выключна дзеля праформы) абхапіць ззаду ейны вельмі гнуткі, што для немкі, стан, моцна прыціснуцца і — у пастку. У яе быў адзін толькі тыкет, але жоўтыя зеўры фотаэлемэнтаў ніяк не адрэагавалі на наш зьліты ў пралетарска-эратычным абдымку тандэм. Гэтак бы я халявіў усё жыцьцё.

У Парыжы — тое самае, толькі там ня фотаэлемэнты, а адзін пракрут турнікету: сьцягно да сьцягна, каленка пад каленку, крок у крок... Брава! — вы ў сучасных катакомбах. Існуе яшчэ адзін спосаб: твой сябра заходзіць з тыкетам і набліжаецца да выйсьця, дзе дзьверы, выпускаючы людзей на волю вольную, адчыняюцца аўтаматычна. Мэханізм бразгае хворткамі, і ты шмыгаеш да свайго таварыша, які, зразумела, і не зьбіраўся нікуды выходзіць. Партнэрам у падобных сытуацыях можа стацца любы міласэрны мінак, хутчэй за ўсё, нэгар.

Наконт нэграў. У тым самым Парыжы, як папярэджваюць турдаведнікі, праезд у мэтро пасьля дзясятай ночы робіцца задужа небясьпечным. У пэўнай ступені, як ні дзіўна, яны ня хлусяць. Сёлета, пад час свайго дэбютнага наведваньня места на Сэне, я за тры сутаргавыя гадзіны абабег усё, што здолеў, а аб адзінаццатай ночы спусьціўся ў мэтро, каб нейк выехаць стопам у бок Гішпаніі, бо я не падзяляю думкі некаторых маіх калегаў, нібыта ў вялікім месьце начаваць менш рызыкоўна. Як ехаць на Далёкі Поўдзень, тым болей, проці ночы, я дакладна ня ведаў, адно толькі выглядзеў на мапе, што лінія RER C2 выходзіць на гайвэй у кірунку Бардо.

На плятформе ўнізе кучкавалася здаровая тусоўка афрапранцузаў, чалавек з сорак. Яны аддана бэмкалі ў свае тамтамы, кармілі адвіслымі цыцкамі чарнавасьценькіх немаўляткаў, а ў паветры панаваў п’янлівы гашышовы кумар. Нешматлікія белыя — збольшага загулялыя турысьцікі — з боязьзю касавурыліся на натоўп сёньня ўжо тыповых парыжанаў, туліліся пад сьценкамі ці разгублена сноўдалі туды-сюды ў пошуках маральнае падтрымкі непрысутных там паліцыянтаў.

Мой тымчасовы расызм цалкам выпарыўся хвілінаў праз дваццаць. У вагоне, забітым мурынамі, я прысеў на адное з адкідных, на спружыне, крэслаў. Адчувальны недахоп заходнеэўрапейскіх андэграўндаў палягае ў тым, што там голасна, як у нас, не абвяшчаюць станцыяў: трэба сачыць за шыльдамі на прыпынках. І вось я ўзьняўся са свайго крэсла, каб прачытаць у прыцемках назву чарговае станцыі. І гэта з маім зрокам у мінус пяць дыёп... Крэсла, пакуль я ўглядаўся, спружыніла назад зусім бясшумна, а я, зь неабдымным стопарскім пляцаком за сьпінаю, у кантраст крэслу гучна павітаў сваім хударлявым азадкам брудную, запляваную падлогу-падлюгу «чорнага» вагону, які адразу грымнуў магутным, нястрымным рогатам. Я спачатку зьніякавеў, але потым, яшчэ седзячы долу, стаў нэрвова лахаць і сам. Малады нэгар насупраць працягнуў мне руку. Як маглі, разгаварыліся — на скаверканым інтырнэшыныл энглішы, і праз колькі хвілінаў неспадзяваныя сябры вывелі мяне на аўтабан «ту Эспэйнь»...

...Чамусьці менавіта пад час маёй першай і, спадзяюся, толькі пакуль што апошняй вандроўкі ў Вільню, набрыла ў галаву такая шалёная думка: жыхары тых местаў, дзе няма падземак, зазвычай не апускаюцца ніжэй за пэўны ўзровень. Не зважаючы на іхную «павярхоўнасьць», яны ўсё ж часьцей бываюць бліжэй да нябёсаў. Таму цяпер варта перайсьці да размовы

 

Пра Мятро

У сьвеце існуе такая дурная звычка: час ад часу ставіць на чымсьці крыж. У Менску агромністы шматкілямэтровы мятровы крыж паставілі пад, не паставілі, праўда, а праклалі, прабурылі, пракапалі. Першую перакладзіну прадзяўблі пятнаццаць гадоў таму і назвалі «Маскоўскай». Празь некалькі гадоў, са зьяўленьнем «Аўтазаводзкай», беларускую сталіцу ўкрыжавалі канчаткова. І гэта ня свастыка схемы трамвайных маршрутаў, а сапраўдны хрысьціянскі крыж. Нехта скажа, што, маўляў, куты насамрэч далёка ня простыя, не ў 90 градусаў, ніякі гэта ня крыж. Няхай сабе: прынамсі, на вялізную літару «Х» змахвае. З усяго курсу эканомікі ня ўсім ін’язаўцам любага выкладчыка Ёсіпа Е-ча мне больш за ўсё запомнілася яго гісторыя пра Петрака Першага. Калі расейскаму цару быў не даспадобы які-кольвек праект закону, ён перакрэсьліваў яго ў форме літары «Х», па-старому — «хер». Адсюль і слова «херыць». То бок, пад канец тысячагодзьдзя Менск пахерылі.

Прыдумалася слова для аматараў і простых карыстальнікаў менскага Мятра — метрафаны. Цікава, што ледзь не палова зь іх на пытаньне «Дзе ты жывеш?» адказваюць «На Купалаўскай (Пралетарскай, Пушкінскай)». Слушна, дарэчы, бо, калі ня домам, дык месцам тэматычных схаднякоў менчукоў і мянчучак Мятро можна назваць сьмела: на «Трубе» («Кастрычніцкая») тусуюцца скіны і «блакітныя шалікі» — фанаты «Дынама», на «Якуба Коласа» — РНЕшнікі, яшчэ дзесьці — рэпэры, панкі... З усіх пластоў менскае субкультуры андэграўндам грэбуюць хіба толькі геі ды гопнікі: першыя гуртуюцца ў адмысловых клюбах, другія ж... Ну хто табе прызнаецца, што ён гопнік? Гопнік — істота неазначальная.

Для простых грамадзянаў Мятро — прытулак ад непагадзі ўвосень і ўвесну, ад сьпякоты — улетку, і ад марозу — адпаведна. Маючы чароўны праязны, можна сысьці на пляцформу, сесьці на лаўку і пачытаць сьвежую прэсу ці папіць піўка. Адно што паліць нельга. Трэба пралябаваць гэтае пытаньне.

Людзі вераць у Мятро. Гэтая вера — адна з прычынаў сёлетняе трагедыі на Нямізе. Але пра гэта — не магу і ня ўмею, бо проста страшна і крыўдна.

Прыкмячальна, што галоўны мэтр нашае краіны сваю тоеснасьць з народам умацоўваў ізноў-такі ў Мятры. Перад вачыма стаіць тэлекарцінка з амаль ужо даведзенай да ладу «Партызанскай» і Рыгоравічам на першым пляне. Апрануты ў робу, Лукашэнка аддана кладзе цэглу ў падмурак (замурак?) новае станцыі. Побач стаіць яго «беспасярэдні начальнік» — праРАБ — і ніякавата, па-вясковаму, пасьміхаецца, адказваючы на пытаньні журналіста, шукаючы патрэбныя словы, каб не пра матку, а толькі пра Бацьку.

Гадзіны «пік», натоўп, пераход «да паяздоў Маскоўскай лініі» і наадварот. У першыя тры вагоны можна і не спрабаваць, па цэнтры ж запхнуць — локцем, пырам, каленкам, а машыніст — бразь-бразь — дабівае таго, хто ўлез толькі напалову. Рай для фротараў-вычварэнцаў-церуноў — ды для вясковых дасьціпнікаў. Фротарам неспадзявана можа стацца кожны з нас, калі перад ім — нос да носу, ... да ... — стаіць прывабная расфарбаваная мятрошка, а вось дасьціпнікам... Ну як ня выціснуць зь сябе хоць якую крывую ўсьмешку, калі бачыш падпраўлены кімсьці надпіс «Не слоняться»: дзякуючы дагадлівым землячкам наўкола цалкам магчыма выціснуць яшчэ й ня тое. Ну, а хто з зацюканых інтэлігенцікаў здольны прыдумаць такія дасьціпныя жарты: «Вы выходзіце? — Выходзяць толькі замуж! — Добра, вы сходзіце? — Сходзяць толькі з вума...» Звар’яцець у Мятры і праўда няцяжка.

І апошняе, лёсавызначальнае: Мятро — самае таннае мэтро ў сьвеце. Бо толькі мы маем эксклюзыўную магчымасьць за паўтары цэнты пазахапляцца непараўнальнымі краявідамі падзем’я. Таму асабліва й не спрабуюць нашыя метрафанушкі пракаціцца ў сабвэі на халяву. Хоць, дакладна ведаю, спробы былі. Мой аднагрупнік Андруша Дзь. нахабна скарыстаўся коркай Беларускага Калегіюму — што з фотаздымкам — і, прыляпіўшы замест слова «студэнт» лэйбл «Нашай Нівы», некалькі месяцаў езьдзіў на Мятры задарма.

І ніхто ні разу не спыніў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0