Навіны зь Беларусі

 

Царква без патрыярха

Учора айцец Iван (Спасюк) урачыста высьвяціў першы камень, закладзены ў падмурак народнай беларускай праваслаўнай царквы пад Гародняю ў пасёлку Пагранічным. Усе тутэйшыя прыхаджане хочуць пабудаваць сваю царкву, над якой не стаяў бы ніякі маскоўскі патрыярх і мітрапаліт-трафарэт.

 

Чыгірыха шукае адвакатаў па сьвеце

На Літву прыяжджала Чыгірыха, вярнулася толькі пад Сьвяты вечар. Сустракалася там з Альгірдасам Паўлаўскасам, былым генпракурорам і кандыдатам у прэзыдэнты ад лявіцы, які цяпер буйную адвакацкую кантору ўзначальвае. Надта яна прасіла Паўлаўскаса, каб ён прыехаў у Беларусь і выступіў абаронцам на працэсе Чыгіра. Бо суд ня даў, каб Чыгіра абаранялі Гары Паганяйла і Юры Карытка, адвакаты маскоўскай гільдыі, дзеля таго што ў Беларусі з Расеяй няма двухбаковай дамовы пра прававую дапамогу людзям, піша БелаПАН. А зь Літвою такая дамова ёсьць, дык не прыняць Паўлаўскаса ня змогуць. Паўлаўскас быццам бы вельмі хацеў бы, адно што пад весну на Літве выбары ў Сэйм, дык ён будзе крыху заняты. Але калі ня ён, дык нехта зь ягонай канторы прыедзе і Чыгіра абароніць, паабяцаў ён. Чыгірыха прасіла 12 розных адвакатаў у Менску, каб узяліся абараняць Чыгіра, але ўсе яны паадмаўляліся — баяцца, што і ў іх пазабіраюць ліцэнзіі. Чыгірыха сама мужа абараняе, але для падстрахоўкі хоча наняць каго шчэ. 27 сьнежня суд не пачаўся, бо Вярхоўны Суд умяшаўся і адправіў справу на дасьледаваньне. Мабыць, сапраўды, як Чыгірыха кажа: «Справа рассыпецца пры аб’ектыўным і адкрытым судовым пасяджэньні» — вось і цягнуць гавэнду. АБСЭ сьлёзна абяцаецца, што і іхны чалавек будзе на судзе ад пачатку да канца сядзець.

 

Дэнамінацыя

Лукашэнка, каб прыбраць Пагоню з усіх да рэшты беларускіх грошай, пастанавіў правесьці дэнамінацыю рублёў. Гэта азначае, што з купюраў папрыбіраюць па тры нулі. Са студзеня 2000 году побач са старымі коштамі, чорнымі, на цэтліках зьявяцца новыя — чырвоныя.

З гэтага ж месяца пэнсіі й заробкі будуць зьменшаныя на тры нулі.

Усё гэта робіцца, толькі каб людзям галовы тлуміць. Каб ня бачылі рэальных віноўнікаў гэткае сытуацыі, а бачылі адно свае кашалькі. Дзе ўсё адно замест грошай адны нулі лукашэнкаўскія застаюцца. А будучыня ў нас такая: яшчэ чатыры гады пройдуць — і зноў будзем нулі рэзаць...

Паводле інфармацыі мінстату за першыя два тыдні сьнежня спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі ўжо на 7%.

Б.Т.


 

зь Берасьцейшчыны

Адзін праведнік на тысячу

Вечарам у панядзелак 20 сьнежня ў Кобрыні адбылася незвычайная для мясцовага люду акцыя. А 18-й каля 15 чалавек выйшлі на цэнтральную вуліцу й запалілі сьвечкі ў знак пратэсту супраць аб’яднаньня з Расеяй. Адразу ж да іх сталі далучацца ўсё новыя людзі. Урэшце шэраг павялічыўся да 50 чалавек. І гэта хоць пра акцыю наперад ніхто ня ведаў! Абсалютнай большасьцю ўдзельнікаў была моладзь. У Кобрыні жыве троху болей за 50 тысячаў.

Янка

 

Не работал — денег нет!

Аб’ём сельгасвытворчасьці на Берасьцейшчыне сёлета скараціўся на 17%. Усё правільна — кармоў нарыхтавалі на 18% меней, як летась, віны й запазычанасьці гаспадарак складаюць пад 20 трыльёнаў рублёў, а сярэдні заробак у калгасах за 11 месяцаў складае 9,5 мільёнаў за месяц. Усё правільна — выбралі сабе маскалёў ва ўладу, цяпер хадзіце ў ёрмах.

 

зь беларускай Віленшчыны

Фонду Гашкевіча ня стала

Фонд імя Іосіфа Гашкевіча на Астравеччыне перастаў існаваць. Прычына — няма грошай. Фонд утварыўся пад час перастройкі, калі ўпершыню супрацоўнікам японскай амбасады дазволілі прыехаць у Астравец і ўшанаваць магілу першага консула царскай Расеі ў Японіі Гашкевіча. Як высьветлілася, наш зямляк быў вельмі шанаваны празь японскі народ і зрабіў вельмі шмат для збліжэньня японцаў з эўрапейцамі. Мэтай фонду было дасьледаваньне жыцьця Гашкевіча, а таксама наладжваньне сувязяў паміж беларускім і японскім народамі. У той час адкрылі нават помнік І.Гашкевічу ў Астраўцы. Аднак у наш час усё заглохла, ня стала спонсараў, і ні дзяржавы, ні прыватных багатыроў няма. Да лепшых часоў.

 

Бэнзін толькі за валюту

Хто ў Астраўцы машыны мае, той і цешыцца, і журыцца. Радуюцца, бо ўрэшце ў райцэнтры адкрылі аўтазапраўку, якую будавалі амаль два гады. А засмучаюцца аўтааматары, бо бэнзін будуць прадаваць толькі за валюту. Вось і чухаюць хлопцы галовы, дзе тыя даляры ўзяць.

Мар’ян Вянгроўскі

 

зь Віцебшчыны

Міронствы

У сераду ўначы на ўезьдзе ў Лёзна на 30-мэтровай апоры электраперадачы невядомы змагар вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг. А ў цыдулцы, піша нам Вітінфармбюро, напісаў: «Пракляты ўзурпатар! Табе не задушыць беларускага духу! А за свае злачынствы ты яшчэ адкажаш». І подпіс: «Мірон». Тымчасам невядомыя перайменавалі вуліцу Суворава ў Віцебску. Фарбаю паверх шыльдаў напісалі: «Узгорская» — гэтак даўней гэтая вуліца называлася.

 

з Падняпроўя

Зачынілі беларускамоўную школу

У Бабруйску зачынілі адзіную на ўвесь 250-тысячны горад беларускамоўную школу. Яна існавала на базе СШ № 13. Не пратрымалася і 10 гадоў, не зрабіла ніводнага поўнага выпуску. Замест яе ўтварылі тут звычайную гімназію.

 

Пасьвятуем, а тады папастуем

Лідэр суполкі Свабоднага прафсаюзу магілёўскага заводу «Зэніт» Аляксандар Каралёў абвесьціў, што з 5 студзеня ён пойдзе на бестэрміновую галадоўку, пратэстуючы супраць беззаконьня ўладаў ў дачыненьні да ягонага прафсаюзу — мы пра гэта ў тым нумары пісалі. У гутарцы Аляксандар паведаміў, што ягоная акцыя зьяўляецца часткай шырокага пляну барацьбы за правы прафсаюзу і рабочых. Аляксандар кажа, што ён і ягоныя калегі вядуць барацьбу не за кабінэт на заводзе. Ад непрызнаньня суполкі церпяць працоўныя. У прыватнасьці, не выконваецца калектыўная дамова. Сярэдні заробак павінен быць пад 30 мільёнаў, а плацяць 23 млн. Дагэтуль менавіта Свабодны прафсаюз супрацьстаяў адміністрацыі і, калі што, судзіўся з наймальнікам. Цяпер на заявы ў пракуратуры, выканкамы і іншыя дзяржструктуры проста не зважаюць альбо адпісваюцца — маўляў, прафсуполка незарэгістраваная. А не рэгіструюць, бо няма юрыдычнай адрэсы. Дырэкцыя ж на падставе гэтай незарэгістраванасці не дае адрэсы і настойвае, каб прафсаюз пакінуў свой кабінэт.

Тое самае і на Магілёўскім аўтазаводзе. Тут на загад дырэктара Анатоля Лакізы на дзьверы прафсаюзнага пакою пачапілі замок з тоўстым ланцугом. Узрушаныя рабочыя расьпілавалі той ланцуг, зьнялі замок і ўрачыста аднесьлі ў прыёмную дырэктара. Пазьней на прахадной сабралі несанкцыянаваны пікет з 30 чалавек. Міліцыя і хацела б яго спыніць, але збаялася сунуцца.

 

Магілёў на скрыжаванні

«Кола сяброў» выдала фотаальбом «Магілёў на скрыжаваньні», складзены са старых здымкаў і здымкаў таго, што ад усяго засталося цяпер. Альбом будзе распаўсюджвацца сярод школаў і бібліятэк, яго атрымаюць настаўнікі гісторыі і краязнаўства. Можа, убачыўшы пры канцы стагодзьдзя сумны стан роднага гораду, людзі пажадаюць у новым тысячагодзьдзі інакш жыць, інакш ставіцца да народнай спадчыны.

Касьцёл Сьв.Станіслава, Магілёў

Праблема-2000

Першымі ахвярамі кампутарнай праблемы-2000 сталі людзі ў чэргах за аўтобуснымі і чыгуначнымі квіткамі. На Магілёўскім аўтавакзале з 25 сьнежня квіткі прадаюць, выпісваючы ўручную, як за тымі саветамі. Гэта працягнецца да 10 студзеня наступнага году, пакуль штукары ня переналадзяць абсталяваньне. Цэнтралізавана на такую ж мэтоду продажу перайшлі й на чыгунцы. Ёсьць нязручнасьці: калі дзякуючы аўтаматычнай сыстэме ў Магілёве можна было набыць квіток зь Менску ці іншага гораду куды толькі магчыма, дык цяпер часова гэтага ня будзе. Чыгуначнікі абяцаюць, што нязручнасьці й чэргі скончацца пасьля 15 студзеня. А пакуль віншуюць усіх з Новым годам.

Сымон Глазштэйн

 

з Панямоньня

Выгналі за пісаньне на шкле

У Горадні Вадзіма Саранчукова, трэцьцякурсьніка юрфаку, паперлі з унівэрсытэту «за сыстэматычныя пропускі заняткаў». Хоць папярэджаньняў, вымоваў і заўваг яму раней не давалі, пішуць нам з «Ратушы». А ўся рэч у тым, што месяц таму Вадзіма затрымалі міліцыянты за «напісаньне на шкле гарадзкога тралейбуса супрацьпрэзыдэнцкага закліку». Суд пакараў Вадзіма мінімальным заробкам за дробнае хуліганства, міліцыянты шчэ пнуліся давесьці, што сп.Саранчукоў працівіўся ім і лаяўся, але судзьдзя ня даў ім веры. А вось прафэсура — дала.

Б.Т.

 

з Полаччыны

Інфармацыйная вайна ў Наваполацку

Старэйшая газэта ў Наваполацку — «Хімік». У 90-м годзе газэта здолела пазбыцца апекі ўладаў, і заснавальнікам «Хіміка» стаў калектыў рэдакцыі. Але і да вызваленьня з-пад кантролю газэта вызначалася лібэралізмам. Напрыклад, пры ёй працавала літаб’яднаньне «Крыніцы» на чале з Уладзімерам Арловым. У газэце друкавалі свае першыя творы Адам Глёбус і Ўладзімер Сьцяпан. Да сярэдзіны 90-х у «Хіміка» не было праблемаў са сваёй свабодай. Нават зьяўленьне канкурэнта — органу Наваполацкага выканкаму і гарсавету, «Новай газэты» — не паўплывала на папулярнасьць вэтэрана. «Новай газэце» ад пачатку была пастаўленая задача зрабіцца самым масавым пэрыядычным выданьнем рэгіёну. На выкананьне скіраваная праца як рэдакцыі, так і самога выканкаму. Але наклад «Хіміка» доўгі час быў у 2—3 разы вышэйшы за наклад «Новай газэты». Тады ў ход пайшлі розныя чыноўніцкія хітрыкі. Пачаліся суды, патрабаваньні вызваліць памяшканьне, іншыя бюракратычныя прыдумкі. Летась адбылася спроба аб’яднаць «Хімік» з «Новай газэтай» — супрацоўнікам незалежнага выданьня тлумачылі, што ў новых эканамічных варунках газэта ня выжыве, таму, маўляў, з гуманных меркаваньняў «Хіміку» і прапаноўваюць перайсьці пад дах выканкаму. Але й гэтая езуіцкая спроба ня мела посьпеху. І вось у другой палове 99-га году «Новая газэта» здолела на 500 асобнікаў абысьці «Хімік», цяпер у «Новай газэты» 9000 асобнікаў, а ў «Хіміка» — 8500. Здаецца, у наваполацкім выканкаме можна спаць спакойна. Але тут здарылася неверагоднае. У ноч на 15 лістапада з рэдакцыі «Новай газэты» зьніклі выдавецкія кампутары. Намесьнік старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Аляксандар Ніякоўскі выказаў думку, што гэты крадзёж мае палітычныя наступствы і працуе на руку тых, хто ўзурпаваў у горадзе сродкі масавай інфармацыі і вяшчае ад імя народу. Менавіта тады, калі «Новая газэта» абышла «Хімік» накладам, і быў нанесены злачынны ўдар. «Хімікаўцы» доўга не маглі адысьці ад шоку. Сёлета пажарныя своечасова патушылі падпаленыя дзьверы ў будынак рэдакцыі незалежнай газэты, але журналісты не апусьціліся да кан’юнктурных абвінавачваньняў. Гэтым разам трэ было адказаць. У нумары за 21 сьнежня быў надрукаваны ліст чытача, які абураўся закідамі намесьніка гарвыканкаму і, апавядаючы пра прымусовую падпіску, тлумачыў, якім чынам «Новая газэта» здолела абысьці «Хімік». Мясцовая прэса — сапраўднае залатое дно. Улады гэта ведаюць.

 

Аўтар народнай песьні

19 сьнежня палачане адзначалі 80-годзьдзе кампазытара-песеньніка Міколы Пятрэнкі. Гэта быў, бадай, самы відны палачанін апошніх гадоў. У горадзе на Дзьвіне не адбывалася ніводнага культурнага мерапрыемства безь яго ўдзелу — асабістага або яго песень. За сваё жыцьцё выкладчык музыкі Полацкай пэдвучэльні напісаў іх пад 300. Самая вядомая — «Ручнікі». Яшчэ да выкананьня «Песьнярамі» «Ручнікі» сьпявалі па ўсёй Беларусі. Таму на першых кружэлках «Песьняроў» яна пазначалася народнай. Гэта пазьней разабраліся і выправілі памылку.

Мікола Пятрэнка быў апантаным чалавекам, да апошніх сваіх дзён (а памёр ён тры гады таму) пісаў песьні. Ганаровы грамадзянін Полацку, першы старшыня полацкай філіі ТБМ, аўтар і перакладчык на беларускую мову шматлікіх падручнікаў і навучальных дапаможнікаў.

Удзельнікі юбілейных мерапрыемстваў наведалі Лясныя могілкі, дзе пахаваны Пятрэнка, усклалі кветкі на магілу, сказалі ўрачыстыя словы. Потым у полацкім Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культураў адбылася імпрэза, пад час якой нарадзілася ідэя правесьці ў Полацку музычны фэстываль імя Пятрэнкі.

Алесь Козік