менскія нетры

 

Лінгвістычныя дасьледаваньні праспэкту Ракасоўскага

 

Шпацыры па менскіх вуліцах заўжды непазьбежна спалучаюцца з чытаньнем разнастайнае наслупна-насьценнае інфармацыі — шыльдаў, афішаў, улётак, аб’яваў, якім беларуска-расейскі білінгвізм надаў такую самабытнасьць і калярыт, што часам цяжка ўцяміць ня толькі на якой мове напісана, але і, уласна, што напісана. Развагі над генэзысам гэтае зьявы наводзяць адразу на дзьве думкі: або гэта — чарговая праява нядзейснасьці сыстэмы базавае адукацыі, або пацьверджаньне існаваньня нейкага таемнага таварыства, якое мае на мэце — шляхам стварэньня новае мовы — пакласьці край пакутліваму падзелу грамадзтва на «несьвядомых» — зь іх руска-рускімі слоўнікамі ды славянскімі кінафэстывалямі — і «сьвядомых» — зь несупыннымі патрабаваньнямі эфірнага часу, пікетамі за мову ды мэтадычным заахвочваньнем цераз газэты да ахвяраваньня грошай.

Так, скажам, лексэму «прыпутнік» (імярэк гастраномe на праспэкце Ракасоўскага, недалёка аўтавакзалу «Ўсходні») ніводзін тлумачальны слоўнік не падае, а асацыяцыі яна выклікае самыя шырокія — ад «спутніка» да «путаў» (якімі каню ногі блытаюць, каб ня ўцёк) — уявіце, які разлог для паэзіі і філязофіі! (Нагадаю, на аснове прадукаваньня новых словаў з агульнавядомых каранёў стваралася і эспэранта.) Клюб «Косатка», які знаходзіцца зусім побач згаданага гастраному, дазваляе меркаваць, што матэрыялам для навамовы зьяўляецца ня толькі беларуская, але і, заканамерна, расейская мова. (Ня трэба мець адмысловае іхтыялягічнае адукацыі, каб ведаць, што слова «касатка» — нават па-расейску — пішацца праз «а»). Вельмі шырока практыкуецца таксама і перастаноўка літараў — так, на вялізным рэклямным шчыце, насупраць згаданых вышэй аб’ектаў, бліжэй да аўтапарку, доўгі час сьвяціўся надпіс «ОстороНЖо, дети!», выклікаючы проста шквальныя філялягічныя дыскусіі ў тралейбусах блізкіх маршрутаў.

Нягледзячы на тое, што зьява гэтая ўжо даволі звыклая для менчукоў, яна чамусьці не выклікае ўхваленьня ды захапленьня — належнага ёй хаця б таму, што яна можа дапамагчы «манкуртам» і «адраджэнцам» супыніць прыцэльнае пляваньне адзін на аднаго, каб разам, рука аб руку, працаваць над стварэньнем новае мовы, пра неабходнасьць якой яшчэ калі пісаў Джордж Оруэл.

Андрэй Скурко