Зьміцер Бартосік

НЯМІГА

 

Самае моцнае ўражаньне Менск зрабіў на мяне ня нейкім маляўнічым кварталам ці будынкам, а звычайнай чорна-белай фатаграфіяй у юбілейным альбоме да 900-х угодкаў гораду. Сярод знаёмых сталінскіх краявідаў з ГУМамі ды КГБ там было і некалькі здымкаў старога Менску. Я доўга разглядаў адзін зь іх, намагаючыся прыпомніць адлюстраваную мясьціну. Зьняты з вышыні фрагмэнт гарадзкой забудовы нагадваў хутчэй старую Вільню — крывізною вулак, перапляценьнем прахадных двароў і душэўнай прыземленасьцю дамкоў. Але я дарэмна напружваў сваю памяць. Гэта была зьнесеная на пачатку семідзясятых вуліца Няміга.

Пасьля таго завочнага знаёмства я проста захварэў на тую, незнаёмую мне Нямігу. Я зайздросьціў тым, хто калісьці хадзіў па яе тратуарах, хто некалі нешта набыў у яе крамках, ці, як Адам Глёбус, шпурляў камяні ў яе ўжо нежывыя вокны 72-га году. Увесь сталінска-машэраўскі Менск не дараўноўваў Нямізе. Я гадзінамі прастойваў на мосьце каля Дому мадэляў і мадэляваў, якая б гэта вуліца магла быць сёньня. Каб пазбавіцца сваёй настальгіі, я пайшоў да старога менскага інтэлігента, паэта Валянціна Тараса. І вось што ён мне распавёў:

 

«Гэта быў адзiн з самых страшных раёнаў, у асноўным камянiцы: простыя, без анiякiх выгодаў, без архiтэктурных упрыгожваньняў. Былi паўдраўляныя дамкi: першы паверх цагляны, другi — драўляны, невялiчкiя балькончыкi. Увогуле вельмi брудны й скучаны раён. Там у асноўным жыла габрэйская бедната. Там жылi й рамесьнiкi габрэйскiя, i ювэлiры, i шаўцы, i краўцы, i цырульнiкi. Былi і ўкрапленьнi беларускага насельнiцтва. Дарэчы, на Нямiзе нарадзiўся й жыў паэт Сяргей Дзяргай.

У час вайны там зьявiлiся розныя прыватныя прадпрыемствы. Усе габрэi пайшлi ў гета. Шмат прыватных рамесьнiкаў Нямiгi загрымела яшчэ ў трыццаць сёмым. Iх маёмасьць была канфiскаваная, i яны ўсе зь сем’ямi былi высланыя. У асноўным ва Ўзбэцкую, чамусьцi, ССР. На бераг Аральскага мора. Але вось гэтая нямiская традыцыя захавалася нiбы ў паветры. I ў часе вайны там аднавiлiся розныя прыватныя майстэрнi. Нават iснавала некалькi невялiчкiх кавярняў.

Няміга была вельмi своеасаблiвая, калярытная перш за ўсё сваiм чалавечым асяродкам. Там жыцьцё лiтаральна вiравала. I вось пасьля вайны пайшла страшэнная нiвэлiроўка ўсяго нашага, усяго самаснага. Разбураны горад, разбураныя вёскi, усё паспальвана. Загiнуў сапраўды кожны чацьверты, калi ня кожны трэцi. I панаехалi з Расеi спэцыялiсты самых розных накiрункаў i прафэсiяў. Iнжынэры, будаўнiкi, настаўнiкi й шматлюднае чыноўнiцтва. I пачалася нiвэлiроўка гораду. Менск адбудоўваўся адразу па клясычным iмпэрскім сталiнскім тыпе. Цяжкавагавыя гэтыя будынiны...

Калi зьнiкла Нямiга, зьнiкла i вельмi цiкавая, нейкая шчымлiвая такая нота. З жыцьця гораду. Зь яго адметнасьцi. Хоць ён нiколi вялiкай прыгажосьцю не адрозьнiваўся. Але ўсё ж такi былi нейкiя акцэнты... менавiта нашы. Старога беларускага гораду. Дзе, на жаль, па аб’ектыўных прычынах было мала беларусаў. Было больш габрэяў, палякаў, расейцаў. I ў той жа час гэта ўсё ж быў беларускi горад. I вёска беларуская, i мястэчка прыўносiлi сюды калярыт такой правiнцыйнасьцi, крыху вясковасьцi. Але ў гэтым i была мiласьць. Вось гэтай мэлёдыi. Прыемнасьць гэтай гарадзкой мэлёдыi».

Я слухаў старога менчука й ніяк ня мог зразумець — чаму Няміга не была апетая ў вершах? Я гартаў у бібліятэках беларускія кніжкі канца шасьцідзясятых у надзеі пачуць голас калі не пратэсту, дык шкадаваньня. Але ніякай трывогі. Супакойваў Панчанка: «Ты стаў ізноў відушчым, горад мой, І нам ня сорам Мінскам пахваліцца Ды хочацца часамі нахіліцца Над скруткам старажытнасьці сівой. А з даўніны нічога не чуваць — Вайна спаліла помнікі і кнігі, І берагоў няма на берагах Нямігі, І Мінск стары ўжо нельга і пазнаць». Філязофстваваў ураджэнец Нямігі Дзяргай: «Праходжу вуліцамі, плошчамі: Мой родны Мінск... Здароў жывеш! Праводзіць шыны сьлед навошчаны Да раньняга дзяцінства меж. Іду на замчышча Нямігаю: Гляджу сюды, гляджу туды. У кожны кут знаёмы нігаю, Бубню сабе: «гады, гады...» Асабліва аптымістычна гучаў адзін абзац з кніжкі «Горад і годы», таксама прысьвечанай юбілею 67-га. Артыкул распавядаў пра пляны будучых стратаў:

 

«Вялiкае значэньне для разгрузкi руху ў цэнтры гораду мае арганiзацыя пасажырскага руху па лiнii, якая дублiруе Ленiнскi праспэкт. Такiм напрамкам з захаду, згодна з генэральным плянам, зьяўляецца ланцуг магiстраляў у складзе вулiц Горкага, Нямiгi, Мясьнiкова, Люксэмбург, Савецкiх пагранiчнiкаў. Каб выкарыстаць гэтую лiнiю, неабходна пабудаваць мост церазь Сьвiслач (ён ужо будуецца), пашырыць вулiцу Нямiгу i пракласьцi пуцеправод па вулiцы Люксэмбург».

Адзіным творам, прысьвечаным лёсу вуліцы выглядаў артыкул у газэце «Правда» за 69-ы год Зянона Пазьняка й Лявона Баразны:

 

«Мiнск — горад з прамымi, шырокiмi вулiцамi, з сучаснымi шматпавярховымi дамамi, зусiм яшчэ юнымi паркамi й сквэрамi. Увесь ён так i сьвецiцца маладосьцю, хоць за плячыма ў яго ўжо дзевяць стагодзьдзяў i вялiкая слаўная гiсторыя. Каб хоць крышку пазнаёмiцца зь ёю, трэба спусьцiцца па Камсамольскай вулiцы ўнiз...

Тут цiхiя старыя вулiцы, нязвыкла вузкiя й нават крыху цесныя. Асфальту няма. Замест яго — шлiфаваны камень альбо проста брук. Тратуары аздобленыя плiткаю. Увечары спакойна гараць каваныя лiхтары ды мiгцiць сьветлавая рэкляма, запрашаючы зайсьцi ва ўтульныя кавярнi з самабытнымi й арыгiнальнымi iнтэр’ерамi. Адчыненыя дзьверы стылiзаваных у нацыянальным стылi крамаў, дзе прадаюцца сувэнiры, вырабы народных майстроў з жалеза, дрэва, скуры, непаўторныя й чыста «менскiя». Побач — букiнiстычная кнiгарня, музэй-майстэрня старажытнага рамяства, турыстычнае бюро, клюб фотааматараў...

Але ўсё гэта можа аказацца нязбытным. Стануць на месцы старых, з чырвонай цэглы дамкоў высокiя прыгажуны са шкла й бэтону, i можа быць, з часам нават вулiцу пераймянуюць — назавуць Нямiгу Сонечнай цi Паднябеснай... Прынамсi пакуль што архiтэктары зь нерадзiвасьцю канцылярыстаў закрэсьлiлi нашую фантазiю, якай мы толькi што падзялiлiся».

Уяўляю, якія паблажлівыя ўсьмешкі гэты артыкул мог выклікаць тады ў будаўнікоў сталіцы, якія плянавалі ўзьвесьці беларускае Чэлсі, «толькі лепш». Архітэктар Мусінскі так пра гэта й пісаў у часопісе «Строительство и Архитектура Белоруссии». Праўда, на вялікі жаль архітэктара, ягонаму праекту ня суджана было ажыцьцявіцца цалкам. «Чэлсі», толькі горш, паўстаў на заходнім баку вуліцы. А зь першымі павевамі дэмакратыі зьявілася і пытаньне пра далейшы лёс усходняга боку. На якім, згодна праекту Мусінскага, мусілі стаяць хмарачосы. Архітэктар няспраўджанага праекту дзяліўся сваімі думкамі:

 

«Я не гісторык архітэктуры. Але нават ня будучы ім, магу зь вядомай ступеньню аб’ектыўнасьці меркаваць пра каштоўнасьці падманныя і сапраўдныя. Па-мойму, кожнаму непрадузятаму чалавеку ясна, што ўзводзіць у ранг гістарычных помнікаў старыя сараі, адна- і двухпавярховыя дамы, разьмешчаныя паміж вуліцамі Нямігай і Рэвалюцыйнай, проста несур’ёзна. Цяжка нават уявіць, як могуць гэтыя разваліны, у прамым і ўскосным сэнсе, гарманізаваць з сучасным комплексам заходняга боку».

Мы часта спрачаемся наконт права Менску на сталічны статус. Самым моцным аргумэнтам на гэтае права, мне думаецца, ёсьць якраз Няміга. Апетая стагодзьдзі таму назад рэчка, пасьля вуліца, што вырасла ўздоўж яе берагоў, пасьля дамы, што паўтаралі зьвілістую плынь тае рэчкі, а сёньня — тое, што маем, і тое, пра што марыцца. Няміга на працягу сваёй гісторыі няўхільна адлюстроўвае ўяўленьні менчукоў аб прыгажосьці, аб тым, як павінна быць. Сёньня яна вось такая. Якою ёй быць заўтра?

Нядаўна прайшоў конкурс на пабудову шматузроўневай аўтастаянкі на ўсходнім баку насупраць Петрапаўлаўскага сабору. Але мяне гэта ня страшыць. За сваю гісторыю вуліца ня раз перабудоўвалася, і вельмі цяжка ўявіць, як праз сто ці пяцьдзясят гадоў менчукі паўстануць на абарону выдатнага помніка архітэктуры ХХ стагодзьдзя «Гандлёвы Дом на Нямізе» перад чарговай рэканструкцыяй. Калі ў горадзе зьявяцца менчукі, вуліца вернецца ў свае берагі. І слова «Няміга» ня будзе тады асацыявацца толькі з трагедыямі й стратамі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0