Юбілейныя даты юбілейнага году

 

 

1975

Першую прадукцыю даў Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод — той, што цяпер фактычна належыць расейскім алігархам. У камандавым першынстве фэхтавальнік С.Прыходзька — чэмпіён сьвету. «Беларусьфільм» пачынае выпуск мультыплікацыйных, навукова-папулярных і навучальных фільмаў.

Кастусь Цьвірка выдае кніжку «Слова пра Сыракомлю», Уладзімер Калесьнік — зборнік «Зорны сьпеў», Сьцяпан Александровіч — кнігу пра Аляксандра Незабытоўскага. Росквіт літаратуразнаўства. Габрыель Гарсія Маркес публікуе «Восень Патрыярха», а Хорхе Люіс Борхес — зборнік апавяданьняў «Кніга Пяску».

На свабоду выходзіць Цімох Вострыкаў: рагулёўскі парашутыст, схоплены ў 1952 адразу па дэсантаваньні на тэрыторыю БССР.

 

 

1950

У ЗША, Англіі, Францыі і Нямеччыне паўстаюць беларускія асяродкі. Ніхто не сумняваецца ў хуткім пачатку новай сусьветнай вайны. Гэтым разам супраць бальшавізму. На амэрыканскіх вайсковых базах рыхтуюцца дэсантнікі для закіду на тэрыторыю БССР. У Беларусі яшчэ ня ўсе сяляне загнаныя ў калгасы, яшчэ гойсаюць па лясох «недабітыя антысаветчыкі».

Уладзімер Дудзіцкі на дзесяць гадоў — галоўны рэдактар беларускай службы радыё «Свабода».

У Беларусі аднаўляюць разбураную вайной гаспадарку. МАЗ дае першую прадукцыю. Палонныя немцы будуюць узьлётна-пасадачную паласу ў камунізм — праспэкт Сталіна. На пяць гадоў у Марыінскі лягер садзяць гісторыка Міколу Ўлашчыка. А Пятро Глебка робіцца членам-карэспандэнтам АН БССР. Янка Брыль выдае аповесьць «У Забалоцьці днее», Альбэр Камю — п’есу «Праведнікі» — пра расейскіх тэрарыстаў-эсэраў.

 

 

1925

На Бэрлінскай канфэрэнцыі вырашаюць спыніць дзейнасьць ураду БНР. У Заходняй Беларусі ў Вільні ствараюцца дзьве сацыялістычныя партыі-канкурэнткі: Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада і Беларускі Сялянскі Саюз. Першую забараняюць у 1927, другую — у 1929. Латыскія ўлады душаць беларускую дыяспару. Кастуся Езавітава разам зь іншымі прыцягваюць да суду за ўдзел у змове дзеля далучэньня Дзьвінску (Даўгаўпілсу) да БССР. Апраўданы «за недаказанасьцю».

Міхась Чарот на чатыры гады — галоўны рэдактар «Савецкай Беларусі», яшчэ беларускамоўнай і не «саліднай».

Выдаецца «Беларуска-расейскі слоўнік» М.Касьпяровіча. Якуб Колас публікуе паэму «Сымон-музыка», Аляксандар Шлюбскі — працу «Да гісторыі закрыцьця «Нашай Нівы».

У Заходняй Беларусі археоляг Ядкоўскі пачынае раскопы ў Ваўкавыску. Польскія ўлады арыштоўваюць Веру Харужую.

Нарадзіўся японскі пісьменьнік Юкіо Місіма.

 

 

1900

Улады прыкрываюць «Таварыства гомельскіх лекараў» — «з-за непрымальнага для ўладаў нацыянальнага складу таварыства — колькаснай перавагі габрэяў». Польскі этнограф і археоляг Зыгмунт Глёгер пачаў выдаваць «Encyklopedju Staropolsku», дзе патлумачыў значэньне беларускіх словаў «сябры» і «сяброўства». Генрык Сянкевіч дапісвае сваіх «Крыжакоў». Ствараецца камітэт аднаўленьня нясьвіскае «фары».

 

 

1875

У Нясьвіжы адчыняецца настаўніцкая сэмінарыя, у Вільні — жыдоўскі настаўніцкі інстытут, а ў вёсцы Хмелеве ля Жабінкі будуюць царкву-«мураўёўку» ў гонар Перамяненьня Гасподняга.

 

 

1850

За «антыўрадавую дзейнасьць» зь Вільні ў Архангельскую губэрню высылаюць Рамуальда Друцкага-Падбярэскага, выдаўца і літаратара, які друкаваў творы беларускіх аўтараў і матар’ялы пра Беларусь, упершыню вызначыўшы характэрныя рысы беларускай народнасьці.

 

 

1825

Час вайскоўцаў-дзекабрыстаў. У Магілёве ствараецца філія «Паўночнага таварыства». У Літоўскім асобным корпусе, што базаваўся на тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрняў, ствараецца «Таварыстава вайсковых сяброў»... Усіх іх «накрылі» пад Новы год.

 

 

1800

Габрыэль Губэр — першы рэктар Пецярбурскага Езуіцкага калегіюму.

 

 

1725

Міхал Радзівіл Рыбанька (1702—1762) заручаецца з Францішкай Уршуляй Сангушкай, якая піша п’есы для фамільнага тэатру Радзівілаў у Нясьвіжы.

 

 

1700

Пачатак Паўночнай вайны, што будзе цягнуцца 21 год.

Нарадзіўся Ян Глаўбіц, сілескі архітэктар. Сярод ягоных працаў — адбудова Полацкай Сафіі, Фарны Касьцёл у Лідзе, касьцёл Кармэлітаў у Глыбокім.

Нарадзіўся Гершка Ляйбовіч, гравёр Нясьвіскай друкарні Радзівілаў.

 

 

1650

У Рэчы Паспалітай — грашовая рэформа. Зьяўляецца мядзяны солід. Гэтыя соліды (шэлягі) атрымалі назву «барацінкі» ад імя Ціта Ліўя Бараціні, арандатара манэтных двароў Кароны і Княства. Сам Бараціні добра нажыўся на інфляцыі. Краіна заваднёная некалькімі мільёнамі дробных мядзяных манэтак. Тыя соліды дагэтуль выкапваюць на беларускіх агародах разам з кулямі апошняй вайны.

 

 

1625

У Нясьвіжы мор забірае сотні жыцьцяў.

 

 

1600

Княства на чале з Жыгімонтам ІІІ Вазам пачынае вайну са Швэцыяй. Ідзе падрыхтоўка вайсковай і, адпаведна, эканамічнай моцы. Грошай бракуе. Эўропа заваленая няякаснымі манэтамі, таму генэральны прабірэр Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Каспар Рыткар выдае брашуру «Выява і ацэнка манэтаў усялякіх іншаземных».

Памірае Васіль Цяпінскі.

 

 

1550

Барбара Радзівіл карануецца ў Вільні на Вялікую Княгіню і Каралеву. Першай асобай краіны яна пабыла толькі год. У 1551 яе пахавалі. Сёньня ў Вільні можна пасядзець у цудоўнай блюзавай кавярні на вуліцы Барборы Радвілайтэ. У тым жа годзе Віленскі манэтны двор засвойвае новую прадукцыю — пенязь двайны. Пашыраецца Рэфармацыя.

У вёсцы Пянчын ля будучых Баранавічаў нарадзіўся Андрэй Рымша.

 

 

1525

Залаты век Беларусі. На пасадзе вялікага князя Літоўскага Жыгімонт І Стары. У Вільні Францішак Скарына выдае першую дакладна датаваную беларускую кнігу — «Апостал», у Кракаве Мікола Гусоўскі друкуе сваё «Жыцьцё і подзьвігі сьвятога Гіяцынта».

Кнігі — уцеха для адукаваных людзей. Але ж і ў «народу», то бок сялянаў, свая радасьць. З санкцыі вялікага князя ў Полацку сяляне, якія прыйшлі ў горад настала, на некалькі гадоў вызваляюцца ад падаткаў.

Глуск атрымаў прывілей праводзіць у сябе кірмашы.

 

 

1500

Чарговая — трохгадовая — вайна ВКЛ з Масковіяй. Гомель на тры гады патрапляе пад акупацыю.

З 1500 па 1525 крымскія татары зьдзейсьнілі дзесяць набегаў на ВКЛ.

 

 

1425

Росквіт Вялікага Княства. Вітаўт сапраўды робіцца Вялікім. Ідуць актыўныя перамовы з папскім прастолам аб каранаваньні Вітаўта на караля.

 

 

1400

Тэўтонскі ордэн не спыняе набегаў на Княства, таму праз год Вітаўт падпіша першую унію з палякамі — Віленска-Радамскую. Патрэбныя вайсковыя саюзьнікі, але яшчэ больш патрэбны мір. Вітаўт спрабуе наладзіць кантакты з Рыгай — цэнтрам Лівонскага ордэну. Вітаўт шле ліст да рыскага бурмістра з прапановамі аб вольным гандлі, каб купцы Рыгі і Полацку ўраўналіся ў сваіх правах і юрыдычных гарантыях. Лівонцы пагаджаюцца. Больш за тое, Полацку надаецца статус гандлёвага пасярэдніка між Рыгаю і Масквой з Ноўгарадам.

 

 

1375

Дзясятая за 100 гадоў аблога Горадні тэўтонскімі крыжакамі.

Узмацняецца паўночная мяжа ВКЛ. Як перасьцярога ад лівонскіх крыжакоў, будуецца Дзісенскі замак. Пазьней яго назавуць «Капец-гарадком», але пакуль у нямецкіх дакумэнтах ён фігуруе як «Новы рускі горад».

 

 

1350

Год нараджэньня Вітаўта Вялікага, сына Кейстута. Пра вялікіх пісаць проста. Вітаўт узначальваў Вялікае Княства Літоўскае ў 1392—1430 гадох. Паводле энцыкляпэдычнага даведніка «Беларусь» «пры В. ВКЛ дасягнула найбольшай магутнасьці».

 

 

1325

Два гады, як Вільня — сталіца Дзяржавы. Лічы, на 600 гадоў.

 

 

1300

У Чэхіі выбіваюць манэту «грош». У Беларусі яе называлі «грош праскі», «грош пляскаты», «грош шырокі». У XIV—XV ст. праскі грош складаў аснову фінансавай гаспадаркі ВКЛ. Cвае «літоўскія» грошы пачалі друкаваць толькі ў 1535 годзе.

На чале гарадзенскага замку стаіць кашталян Давыд Гарадзенскі.

 

 

1275

У Вялікім Княстве гаспадарыць Трайдзень. «Сядзіць» у сталіцы Наваградку і ў Горадні. Палесьсе пад уладай галіцка-валынскіх князёў. У гэтым годзе гарадзенцы адбіваюць у галічанаў Дарагічын, вынішчаюць увесь гарнізон. У адказ князь Леў Галіцкі зьвяртаецца па дапамогу да татарскага хана Менгуцімера, які, апрача ўласнага войска, дае Льву Галіцкаму палкі трох сваіх паўднёва-рускіх васалаў. Да аб’яднаных галіцка-татарскіх войскаў далучаюцца пінчукі і тураўцы. Трайдзень не пасьпеў назьбіраць дастатковую колькасьць абаронцаў, таму паўднёвыя войскі захапілі Наваградак, абрабавалі сам горад і ўсю навакольную зямлю. У іхных сілах было захапіць усё тагачаснае ВКЛ, але, не падзяліўшы здабычу, князі пасварыліся і разышліся...

Нарадзіўся Гедымін, заснавальнік Вільні (каля 1320) і зьбіральнік земляў ВКЛ ад Буга да Дняпра. Паводле розных крыніцаў Гедымін — альбо сын, альбо малодшы брат князя Віценя. Зрабіў дзяржаўным сымбалем свой родавы герб «Пагоню».

 

 

1250

Наваградак — сталіца Княства Літоўскага. Праз два гады князь Міндаўг будзе каранаваны на караля.

 

 

1125

Памірае закляты вораг Полацкага княства Ўладзімер Манамах. Ягоны сын Вячаслаў Уладзімеравіч атрымаў у валадараньне Тураўскае княства. Праз 20 гадоў ён верне ў склад Тураўшчыны Берасьце, Дарагічын, Клечаск, Рагачоў і Чартарыйск, якія перад тым некалькі дзесяцігодзьдзяў належалі Кіеву.

 

 

1050

Час Усяслава Чарадзея. Полацкая дзяржава ўмацоўваецца. Наперадзе захопы Пскову і Ноўгараду, бітва на Нямізе (1067)...

У сучасьнікаў полацкага князя не было сумневу ў ягоных чараўнічых здольнасьцях, таму ён быў вельмі папулярнай фігурай у абсягу «ад мора да мора». Адсюль — Чарадзей.

 

 

1000

Памерла Рагнеда. Гэтая сьмерць — нібы кропка ў гісторыі, зь якой пачалося існаваньне Беларусі ў «пісаным» выглядзе. Пахаваная ў Заслаўі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0