Андрэй ШПУНТ

Чалавек з дыямэнтавым сэрцам, або Берасьцейскі монстар

De mortuis atque vivis neque bene, neque male, solum vere*

 

0 сакавіка 1689 г. у Варшаве на рынку Старога Мяста каралі за атэізм падсудка Казімера Лышчынскага. Рэч Паспалітая страсянулася ад жудасьці і агіды. У настаўленьне нашчадкам дом берасьцейскага бязбожніка-монстра зраўнялі зь зямлёй, а месца, дзе ён стаяў, павінна было застацца пусткаю на вечныя часы...

Але Лышчынскаму, асуджанаму на забыцьцё, наканавана было стаць нацыянальным героем савецкае Беларусі, галоўнай постацяй шматлікіх твораў як літаратуры, так і мастацтва, а літоўскі кампазытар Рачунас нават прысьвяціў вальнадумцу опэру «Горад Сонца».

У пару гістарычных пераацэнак узьнікае сумнеў: якім жа быў насамрэч гэты нашчадак дробнай берасьцейскай шляхты, якога сучасьнікі называлі «чалавекам з дыямэнтавым сэрцам»?

 

Шляхціц, як усе астатнія

Казімер Лышчынскі, гербу «Корчак зьменены», нарадзіўся 4 сакавіка 1634 г. у фальварку Лышчыцы ля Берасьця ў сям’і мельніцкага падстолія Гераніма Казімера і Зафіі зь Бялынскіх. У 1658 г. распачаў вучобу ў кракаўскіх езуітаў. Праз год пераехаў у Каліш, дзе да 1664 г. прайшоў курс рыторыкі, лёгікі, фізыкі і мэтафізыкі, а ўжо ў 1665 г. быў памочнікам рэктара Берасьцейскага калегіюму. У наступным годзе вывучаў тэалёгію ў Львове. Неўзабаве і зьдзейсьніў учынак, які будзе мець сур’ёзныя наступствы праз многа гадоў — выйшаў з «Таварыства Езуса». Вярнуўся на Бацькаўшчыну. Ажаніўся. Праз тры гады стаў мельніцкім падстолім. Браў удзел у сойміках ваяводзтва, у 1669 і 1672 г. абіраўся паслом на Варшаўскі Сойм, дзе быў электарам Міхала Карыбута Вішнявецкага, а потым Яна ІІІ Сабескага. Ваяваў з маскоўцамі, швэдамі, туркамі, за што Ян ІІІ Сабескі даў яму Прывілей на берасьцейскае падсудкоўства.

У 1682 г. берасьцейскі падсудак другі раз перабягае дарогу сваім былым братам, у якасьці «камісара ЯКМ» беручы ўдзел у нейкім судовым працэсе супраць езуітаў.

Лышчынскі шчыра выконваў свой грамадзянскі абавязак — змагаўся ў шэрагах элітнай цяжкой кавалерыі крылатых гусараў, удзельнічаў у бітвах пад Хоцімам і Венай.

Але ж тут няма нічога асаблівага, бо тысячы шляхты акрамя таго, што пілі гарэлку, гулялі ў карты, бегалі за кабетамі, секлі адзін аднаго на сойміках і кантрактах ды ўчынялі ўсялякія шаленствы, — таксама ставалі «пад харугвы Бацькаўшчыны» і выконвалі свой «абавязак».

Так, Лышчынскі быў шляхціц, як усе астатнія, хіба што, у адрозьненьне ад пераважнай масы, ня мог проста верыць, але шукаў тлумачэньня сьвету — стан, які савецкая дасьледчыца ягонага жыцьця Я.Пракошына акрэсьліла як «новае адчуваньне сьвету».

 

Забароны на шлюб

Новы канфлікт з царкоўнікамі выбухнуў у 1685 г., калі ён выдаў сваю дачку замуж за блізкага крэўнага Дабраніскага. Луцкі біскуп Ян Вітвіцкі ня мог пакінуць без увагі такое грэбаваньне касьцёльнымі прыказаньнямі, аб чым і нагадаў Лышчынскаму. А той у адказ напісаў, што касьцёльныя забароны на шлюбы паміж крэўнымі ня маюць значэньня, бо шлюб ёсьць саюз грамадзянскі, угавор сьвецкі. Справа скончылася 30 жніўня 1686 г. часовым адлучэньнем вальнадумцы ад Касьцёлу. Пры ўсіх гэтых дзівацтвах Лышчынскі карыстаўся вялікай павагай усёй берасьцейскае шляхты — быў чалавекам заможным, незалежным і меў сьмеласьць займаць уласную пазыцыю, не зважаючы на незадавальненьне касцёльных уладаў.

 

Падступства

Прыкладна пад год 1673-ці Лышчынскі напісаў трактат «De non existencia Dei» («Пра неіснаваньне Бога»). І паклаў у шуфляду. Брацлаўскі стольнік Ян Казімір Бжоска, сябар дзяцінства Лышчынскага, карыстаўся поўным даверам апошняга і ўваходзіў у абмежаванае кола людзей, што ведалі пра такое радыкальнае сачыненьне. Ён і выкраў 15 сшыткаў сачыненьня «Пра неіснаваньне Бога» і кнігу пратэстанцкага тэоляга Альтстэда з пазнакамі на палях рукі самога Лышчынскага.

Як падае польскі гісторык Анджэй Навіцкі, першапрычынай даносу было тое, што Лышчынскі паспрабаваў атрымаць назад пазычаныя Бжоску грошы (каля 500—800 тыс. польскіх злотых, вялізазныя грошы, за іх, напрыклад, можна было б выставіць каней для ўсяго войска Вялікага Княства Літоўскага.) Бжоскі данёс, старыя ворагі-езуіты падхапілі.

 

Шляхецкая салідарнасьць

Пры канцы 1687 г. кароль загадаў віленскаму ваяводу Казімеру Сапегу даставіць Лышчынскага ў распараджэньне віленскага біскупа Бжастоўскага. Тут жа адбыўся духоўны суд (ён больш нагадваў «ваенна-палявы») пад старшынствам інфлянцкага біскупа Мікалая Паплаўскага. Прысуд — сьмерць за абразу Бога.

Простая лёгіка касьцёльных уладаў дрэнна разумелася шляхтай, якая ў судовай расправе над падсудкам убачыла не абарону Велічы Боскай, а наступ на свае правы. Прадстаўнікі Берасьцейскага ваяводзтва выказалі рэзкае незадавальненьне і падалі пратэстацыю, пасьля чаго віленскі біскуп атрымаў павестку Літоўскага Трыбуналу, каб растлумачыў парушэньні права «neminem captivabimus», паводле якога шляхціц карыстаецца недатыкальнасьцю да таго моманту, пакуль не даказаная яго віна. У выніку рашэньне духоўнага суду страціла сілу, і справа перайшла да Сойму, што засядаў у Горадні з канца студзеня 1688 г., але да яе абмеркаваньня тады не дайшло — 5 сакавіка Сойм сарвалі.

Справа завісла.

Лышчынскі сядзеў у сваім маёнтку. У красавіку быў на споведзі і прыняў удзел у Сьвятой Камуніі. Берасьцейская шляхта працягвала прадпрымаць захады. Дэлегаты П.Пякарскі і П.Галемскі пабывалі ў Вілянаве, хадайнічаючы перад Янам ІІІ. 10 чэрвеня кароль даручыў далейшы разгляд справы Варшаўскаму Сойму. Толькі 31 кастрычніка падсудак быў адпраўлены ў турму.

Працэс пачаўся 15 лютага 1689 году.

 

Страх

Інфлянцкі біскуп Мікалай Паплаўскі проста прапанаваў пацьвердзіць прысуд духоўнага суду ад 1687 г. Інстыгатар Вялікага Княства Літоўскага Шымон Куровіч Забістоўскі азнаёміў прысутных з Трактатам у сваім крытычным пераказе. Асноўныя палажэньні гучалі так: у рукапісе, у якім 265 старонак, зьмешчаныя доказы паганскіх і іншых блюзьнерчых аўтараў, што адмаўляюць існаваньне Бога. Доказы канчаюцца высновамі: «ergo non est deus». Тыя словы былі напісаны і на палях кнігі пратэстанцкага тэоляга Альтстэда «Teologia naturalis». Акрамя ўсяго, інстыгатар прайшоўся і па поглядах Лышчынскага на сакрамэнт шлюбу.

Абвінавачаны прызнае, што Трактат належыць яму, пасьля чаго выступае з прамовай: «Веру ў Бога. Сябе лічу за ўбогае, беднае, нічога ня значнае яго стварэньне. У гэткім маім стане больш ня здольны адказваць, бо язык мой прыліпае да нёба, колам стае. Для таго малю Яго Каралеўскую Мосьць, каб мне ласкава рачыў даць абаронцу».

Просьбу не хацелі задаволіць, бо, быццам бы, цяжка знайсьці юрыста, здольнага бараніць атэіста. Лышчынскі бараніўся далей: «Веру, што Бог ёсьць: што тады напісаў, тое ня мне належыць; што напісаў, таго не прызнаю. Што другія напісалі, а я сабраў, тое замышляў абвергнуць у другой частцы працы і там выступіць з новымі доказамі быцьця Бога. Калі выражаўся: «мы атэісты», дык для таго, што ўяўляў разважаньні атэіста».

Просьбу пра адваката задаволілі 18 лютага. Адвакат Ілевіч адразу выказаў пратэст у сувязі з тым, што абвінавачваны быў пазбаўлены абаронцы ўвесь папярэдні час, а таксама ў чарговы раз пачаў гаварыць пра парушэньне права «neminem captivabimus». Пачаўся тлум. Кароль адклаў паседжаньне аж да 25 лютага.

Ілевіч імкнуўся ператварыць атэіста ўсяго толькі ў герэтыка, але інстыгатар Куровіч разгадаў няхітрую ўлоўку абаронцы: паміж герэзіяй і атэізмам — бездань. Герэтыкі адшчапіліся толькі ад Касьцёлу, атэісты — цалкам яго адкінулі. «Лышчынскі несумненна цьвёрды ў сваіх перакананьнях. Ён напісаў у адным са сваіх уступаў: «Sicut ego nunc Deum non esse probo» (Паколькі, я лічу, Бог ня ёсьць добрым). Калі б меў намер абвергнуць такія палажэньні, папярэдзіў бы аб тым хоць адным словам. Не зрабіў таго. Багабойных разважаньняў, пра якія гаварыў абаронца, ніхто ня ведае, бо іх не знайшлі ў паперах». Інстыгатар згадаў у якасьці доказу блюзьнерства таксама той факт, што ў сваім тэстамэнце Лышчынскі на багабойныя справы завяшчае толькі тры флёрыны, а сваё цела не зямлі запавятаў, а на агонь...»

На наступны дзень прамаўлялі біскупы. Вось з кім цяжка было цягацца ў красамоўстве! Асабліва вылучыўся кіеўскі біскуп Андрэй Хрызастом Залускі. Менавіта яго страснае абурэньне парушыла раўнавагу бакоў: «Лышчынскі скардзіцца на парушэньні права, але... хто адмаўляе Бога, адмаўляе ўсялякую юрысдыкцыю, усялякае права». Не адставаў і кардынал-прымас Радзяёўскі, прапануючы, каб тыя лісты «спачатку тая няшчасная паліла рука, якая адважылася іх напісаць».

Лышчынскі бачыў, як агульны настрой зьмяняецца не на яго карысьць і пачаў страчваць прысутнасьць духу. У такім стане атрымаў апошняе слова. Дрыжучы, пыкаючы-мыкаючы, зноў пераконваў ён прысутных у сваёй невінаватасьці. І чым больш няшчасным выглядаў, тым мацней распаляліся ворагі.

Намаганьні адвакатаў захлыналіся ў хвалях моцнага абурэньня...

 

Спаленьне

Далейшы лёс падсудка вырашалі галасаваньнем. Пісар літоўскі Андрэй Казімер Гелгуд спаслаўся на словы Сьв. Пісаньня: «Не хачу сьмерці грэшніка, але жадаю, каб жыў і навярнуўся». Смаленскі ваявода Стэфан Канстанцін Пясечынскі сьцьвярджаў, што Лышчынскі не заслугоўвае кары сьмерці, паколькі не ўпіраецца ў поглядах, ды і так ужо нацярпеўся. Але пры гэтым пры галасаваньні толькі адзін чалавек прапанаваў адаслаць вырашэньне справы да Рыма, амаль усе выказаліся за сьмяротнае пакараньне.

4 сакавіка Бжоска і яшчэ шэсьць сьведкаў прысягнулі, што абвінавацілі Лышчынскага не са злобы, не ўтаілі нічога, што магло б служыць да зьмякчэньня яго віны.

10 сакавіка ў касьцёл Сьв. Яна прывялі дрыжачага ўсім целам і ўжо не падобнага да сябе «Чалавека з дыямэнтавым сэрцам», дзе ён публічна пакаяўся і адрокся ад атэізму. Нягледзячы на гэта, 28-га таго ж месяца абвесьцілі прысуд. Лышчынскага мелі вывезьці з гораду і спаліць жыўцом разам са сваімі творамі ў руках. Маёмасьць канфіскоўвалася — палова Бжоску, палова скарбу... Пасьля прачытаньня прысуду «берасьцейскі монстар» упаў на калені і са сьлязьмі пачаў маліць аб тым, каб не прымушалі паміраць такой доўгай і пакутлівай сьмерцю. Кароль ня здолеў адмовіць няшчаснаму падсудку прыняць сьмерць, якая б ня ганьбіла яго шляхецкую годнасьць — ад мяча. Хутчэй за ўсё, на прыняцьце гэтага рашэньня паўплывала неспадзяваная падтрымка просьбы біскупамі Вітвіцкім і Паплаўскім.

30 сакавіка Лышчынскі ўзышоў на эшафот... Пасьля адсячэньня галавы цела вывезьлі за горад і спалілі. Разам зь целам спалілі і трактат.

Мы ня можам сёньня меркаваць пра ступень вінаватасьці Лышчынскага, бо не існуе corpus delicti, а тыя пяць фрагмэнтаў, што знойдзеныя і надрукаваныя ў Польшчы ў 1957 г. Анджэем Навіцкім, не даюць падставы назваць Трактат, дакладней, тое, што засталося, «арыгінальным філязофскім творам». Паказальна толькі, што калі ў XVІ ст. у Вялікім Княстве Літоўскім перакананьні чалавека зьяўляліся яго ўласнай справай (прыгадаем сябра Сьцяпана Батуры, гарадзенскага ваяводу-атэіста Касьпера Бекеша, ці мазырскага земскага судзьдзю Сьцяфана Лавана), дык у XVІІ-м у Рэчы Паспалітай перакананьні маглі каштаваць галавы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0