Сяргей ХАРЭЎСКІ

Стагодзьдзе без мастацтва

 

Пачатак наступнага стагодзьдзя Менск сустрэне з трыма новымі помнікамі дзеячам беларускае культуры: Эўфрасіньні Полацкай, якую днямі паставілі ў двары БДУ, Францішку Скарыну і Адаму Міцкевічу, якіх яшчэ адліваюць у бронзу… Гэтыя постаці пазначаюць тыя вяршыні нацыянальнага даробку, якія пераўзыходзяць і нашыя межы, і свае эпохі. Парадокс, але менавіта гэтак беларуская культура ХХ ст. вітае наступнае тысячагодзьдзе, быццам бы нічога не прапануючы туды ад сябе, ігнаруючы ўласны плён ва ўласным часе.

Выходзіць, тое, чым Беларусь вылучаецца ў сусьветнай культуры, было створана нашмат раней. З чым у ХХ ст. можна параўнаць ансамбаль Нясьвіжу, першага баракальнага гораду ў сьвеце, альбо з цэрквамі-крэпасьцямі, аналягаў якім не знайсьці?

Лепшае ж, што было створана ў мастацтве й дойлідзтве нашага веку, стварылі людзі, што нарадзіліся і ўзгадаваліся ў стагодзьдзі ХІХ-м… Булгак і Малевіч, Жалтоўскі й Лангбард, Дубейкаўскі й Драздовіч, чые творы застануцца клясыкай, належаць зусім не таму часу, у якім жылі мы.

Калі жылі мы, нашыя архітэктары й мастакі толькі абслугоўвалі соцыюм. І ўрэшце адсталі ад яго. Цяпер яны зь цяжкасьцю шукаюць новых формаў, ізноў спрабуючы падладзіцца пад публіку ці заказчыка. Архітэктары — пад густы тых, хто замаўляе асабнякі, мастакі — пад тых, хто купіць чым даражэй...

Клясык беларускага авангарду Ўладзімер Цэсьлер, які колісь намаляваў славуты плякат з расейскім арлом, што ападае, нібы збуцьвелы ліст, цяпер стварыў выставу «Дванаццаць з дваццатага», у памяць пра мастакоў стагодзьдзя. Дванаццаць розных з выгляду яек сымбалізуюць розных мастакоў. Дасьціпна. І абавязкова нехта ўсё гэта набудзе. Дарэчы, сярод яек, зь якіх склалася выстава, не знайшлося і аднаго беларускага. Хоць бы й самога Цэсьлера. Гэткім чынам ён сам выкрэсьлівае і самога сябе, і беларускае мастацтва з усялякіх кантэкстаў. А на выставе было багата людзей. І яны ведалі, хто такія Далі і Мандрыян, Уоргал і Міро! Посьпех выставы — ілюстрацыя таго, дзе ёсьць месца нашаму мастацтву нашага стагодзьдзя. Нідзе… Прынамсі, не ў публічнай сьвядомасьці.

Перад нашай культураю паўстае праблема, як зрабіцца патрэбнаю. Як былі патрэбныя кнігі Скарыны й Міцкевіча, сармацкія партрэцікі ў любым засьцянковым дамку, альбо пісаныя абразы ў кожнай хаціне… І ўжо пэўна ня ў тых формах, у якіх наша культура існавала дагэтуль, адлюстроўваючы магчымасьці й жаданьні савецкіх беларусаў.

Зрэшты, культура ня можа залежаць толькі ад нашых жаданьняў або ад спрыяньня ці неспрыяньня дзяржавы. Яна і сама набывае іншыя формы. Па-іншаму сёньня гучыць і сам тэрмін «беларуская культура». Мастак Поклад жыве ў Вільні, мастак Тарасэвіч у Валілах, мастак Задорын у Ліёне… Іхныя працы можна пабачыць у Інтэрнэце. Іх творы купляюць у Нямеччыне і Францыі, у Польшчы й Скандынавіі. І ведаюць, што яны беларусы. І шануюць іх. Бо яны пераўзышлі сябе й тыя межы, якія ім нібы вызначылі тут.

Зь іх пачнецца беларускае мастацтва новага тысячагодзьдзя.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0