Вадзiм КАРЦАЎ

Сон зьвяроў

 

Сон — у гэтым прыемным занятку праходзіць крыху болей ці меней за траціну нашага жыцьця. І гэта ня марная згуба часу — адно праз сон спраўляецца пэўная частка неабходных фізыялягічных і фізычных патрэбаў арганізму.

У старажытным Кітаі па тым, як хто сьпіць, навучыліся вызначаць пэўныя рысы характару асобы і нават ейную адпаведнасьць ці неадпаведнасьць сацыяльнаму стану. У сучасным сьвеце ўсё перавярнулася, і ўжо ня поза таго, хто сьпіць, гаворыць нешта пра яго, а проста звычайны здаровы сон стаў закладнікам пазыцыі чалавека ў грамадзтве. Думаецца, багата хто з нашых бізнэсоўцаў, палітыкаў і журналістаў — ды каму цяпер спакойна? — круцяцца ноччу ў ложку, лічаць авечак, глытаюць барбітураты, бо ня ў стане забыцца на дзённыя справы. Нехта наогул амаль ня сьпіць, асабліва пасьля 20 ліпеня — шэры твар, мяшкі пад вачыма, схуднеласьць сьведчаць на тое беспамылкова. Што зробіш... Як той казаў, кожны — гаспадар свайму лёсу.

А як распараджаюцца гэтым каштоўным дарам тыя, у каго няма ніякага дзела, каму клопату — адно есьці ды памнажацца — маю на ўвазе жывёлаў. Вось колькі прыкладаў дзіўных, забаўных, нязвыклых спосабаў справіць сабе адпачынак.

 

Майстры сну

Хто ў паўдзённай сьпёцы афрыканскай саваны ўбачыць ільва, які сьпіць наўзнак дагары лапамі, можа высновіць з замілаваньнем: дзікі зьвер, а лагодны, роўна хатні кот. Але гэта толькі ўражаньні. Яшчэ ангельскі пісьменьнік XVII ст. Thomas Campion запытаў: «Хто адважыцца дражніць ільва, які сьпіць?» Дзякуй Богу, гэтаму грознаму драпежніку, каб выспацца, трэба сама мала 20 гадзін на суткі, а то пешыя падарожжы па самым цёплым кантынэнце сталіся б праблематычнымі.

Сонная туатара, вялізная яшчарка родам з Новай Зэляндыі, знаходзіцца ў стане лёгкае дрымоты «ўсяго» якіясь паўгады. Тады яна такая млявая, што засынае нат падчас трапэзы. І такі даўгі сон робіць ёй добрую службу — паводле назіраньняў вучоных, некаторыя асобнікі туатары дажываюць да 100 гадоў!

Іншыя зьвяры западаюць у сьпячку на тыдні й нават месяцы, каб ператрываць маразы. Барсук, мядзьведзь, рыхтуючыся да зімы, запасяць пад скурай аграмадны слой тлушчавае тканкі, якая будзе спажыўленая пад час сну ў нары ці барлогу. А што іх ратуе ад замярзаньня? Аўтары кнігі «Inside the Animal World» («У сьвеце жывёлаў») тлумачаць, што мозаг зьвярыны пры ахалоджваньні цела да пэўнай мяжы ініцыюе зьмяненьне хімічнага складу крыві. Паралельна «антыфрыз» запавольвае рытм сэрца й подых, уласна з-за гэтага жывёла й сьпіць.

 

Сон пад час лёту

Нейкія з божых стварэньняў вымушаныя адпачываць у надзвычай нязручных умовах. Чарнасьпінная чайка — акіянічная птушка — пакінуўшы гняздо, ляціць у бок вады й можа гадамі (!) не вяртацца на бераг, палюючы на паверхневых рыбаў. У адрозьненьне ад іншых чаек, чарнасьпінная ня мае непрамакальнага апярэньня, каб сесьці на ваду, і перапонак між пальцаў, каб па вадзе разагнацца ды ўзьляцець.

Калі ж яна сьпіць? У кніжцы «Water, Prey, and Game Birds of North America» («Водныя, драпежныя й паляўнічыя птушкі Паўночнае Амэрыкі») гаворыцца: «Малаверагодна, каб чарнасьпінная чайка спала на паверхні акіяну, бо тады намоклі б ейныя пёры. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што гэтыя птушкі сьпяць пад час лёту, балянсуючы ў патоках цёплага паветра».

 

Падводная сыеста

Ці рыбы сьпяць? Паводле «The World Book Encyclopedia» (Энцыкляпэдыя «Кніга сьвету») з усяе фаўны «толькі гады, птахі й сысуны сьпяць па-сапраўднаму, са зьменамі фазаў мозгу». Але й рыбы — хоць большасьць зь іх ня могуць замыкаць вачэй — маюць пэрыяды адпачынку.

Частка рыбаў робіць гэта на баку, іншыя дагары брухам або ў пазыцыі піёна. Камбала ў часе актыўнасьці перабывае на самым дне мора, а адпачывае мэтрам вышэй.

У каляровай рыбы-папугі адыходу да сну папярэднічае цікавы рытуал — надзяваньне «начной кашулі». Калі надыходзіць час адпачынку, тая рыба выдзяляе сьлізь, што спавівае ейнае цела. Зь якой мэтай? «Магчыма, дзеля засьцярогі ад нападу драпежнікаў», — цьвердзіць памянёная энцыкляпэдыя. Па прачынаньні рыба-папуга высьлізгвае з абароннага футаралу.

 

З расплюшчанымі вачыма

У жорсткім сьвеце дзікай прыроды толькі й пільнуй, каб ня зжэрлі, таму сякія-такія зь істотаў нават сьпяць з расплюшчанымі вачыма. Іхны мозаг пад час сну захоўвае пэўную актыўнасьць, што дапамагае рэагаваць на кожны рух, засьцерагаючыся ад небясьпекі.

Птахі, што жывуць грамадамі, калі сьпяць, з пэўнай пэрыядычнасьцю расплюшчваюць вочы, каб хутка адсканаваць навакольле. У сукупнасьці, у любы момант чарада мае хаця б пару вачэй «на строме».

Гэтак сама супольна пільнуюцца афрыканскія антылёпы й зэбры. Цэлым статкам яны сядаюць на зямлю й трымаюць высока галовы. Праз колькі хвілінаў адна за адной ці па некалькі кладуцца на бок і выгодна выцягваюцца на зямлі на гадзіну-дзьве, пасьля чаго зноўку ўздымаюць галовы. І гэтак па чарзе, пакуль ня высьпіцца ўвесь статак.

Статкамі сьпяць і сланы. Дарослыя самцы звычайна стаяць і толькі дрэмлюць, пэрыядычна паглядаючы й настаўляючы вушы. Самкі пад надзейнай апекай могуць дазволіць сабе паспаць якую гадзінку, але таксама стоячы. А малыя сланяткі спакойна валяцца на бок і глыбака засынаюць на некалькі гадзінаў. У кніжцы «Elephant Memoіres» («Успаміны слана») аўтарка Сынтыя Мос перадае ўражаньні ад сустрэчы з сонным статкам сланоў: «У месяцовым сьвятле гэта нагадвала поле, заваленае аграмаднымі шэрымі валунамі, якія... якія мерна храпуць».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0