Навіны зь Беларусі

 

Беларускі Лукашэнка судзіць, а літоўскі — абараняе?

З рукі інфармацыйнага агенцтва БелаПАН беларускія газэты напісалі пра нейкага адваката Альгірдаса Паўлаўскаса, які пагадзіўся бараніць Міхаіла Чыгіра ў ягоным судзе.

Быццам гэты Паўлаўскас — былы генэральны пракурор Літвы і канкураваў з Адамкусам на прэзыдэнцкіх выбарах (але прайграў). Калі так, дык ён ня Альгірдас, а Артурас Паўлаўскас, і на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах яго называлі «літоўскім Лукашэнкам» — за ўзрост і падобную безразважнасьць у выказваньнях, а найперш за тое, што балятаваўся Паўлаўскас за грошы расейскіх алігархаў і мае крыху прасавецкія погляды. Калі ўсё гэта ўзяць пад увагу, дык згадваецца нашумелы пазьнякоўскі артыкул «Праект Чыгір», дзе экс-лідэр БНФ зьвінаваціў Чыгіра ў фінансавай падтрымцы з Масквы і ў каварных плянах змаскаліць беларускую апазыцыю. Словам, калі Паўлаўскас стане бараніць Чыгіра, дык убачым, што абодва сядзяць у маскоўскай кішэні, і меў рацыю Пазьняк.

Адно загадка — чаму наша прэса, як згаварыўшыся, зьмяніла Паўлаўскасу імя? Ці гэта нехта першы памыліўся, ці хочуць затушаваць тыя сувязі Чыгіра, якія б раскрыў удзел «літоўскага Лукашэнкі»?

Ліцьвін

 

Падарункі ад Кіпеляў менскім дзецям

Яшчэ ўлетку сужэнства Зора й Вітаўт Кіпелі — беларусы з амэрыканскага штату Нью-Джэрсы, вядомыя і ў Нью-Ёрку сваёй актыўнай навуковай і грамадзкай дзейнасьцю, — вырашылі зрабіць радасьць беларускім дзецям, якія вучацца па-беларуску.

Задума знайшла рэалізацыю ў часе калядных сьвяткаваньняў: 22, 23 і 28 сьнежня шкаляры колькіх беларускамоўных клясаў адной менскай (СШ №37) і адной падменскай (Сеньнінскай СШ) школаў атрымалі дасланыя сп-вам Кіпелямі падарункі. Акцыя адбылася дзякуючы рупнасьці ТБМ і новастворанага Бацькоўскага камітэту.

Таварыства Беларускае Мовы рэпрэзэнтавала старшыня менскае структуры ТБМ Леанарда Мухіна (летась «НН» пісала пра тое, як спн.Мухіну шчыміла за беларушчыну чынавенства сыстэмы адукацыі), ад Бацькоўскага камітэту бралі ўдзел сп-ва Ілона Ўрбановіч-Саўка й Зьміцер Саўка.

Арганізатары акцыі выказалі спадзеў, што падобныя чыны будуць мець працяг у наступныя «чырвоныя даты» беларускага календара, — то чакайма Дня Волі!

Дзед Зюзя

 

«Палянэз» ад Папы Рымскага

Раённая бальніца ў Астраўцы перад Навагоднімі сьвятамі атрымала незвычайны і прыемны падарунак. Незвычайны, бо яго падарыў па прашэньні астравецкага ксяндза-пралата Алёйзага сам Папа Рымскі Ян Павал ІІ. Прыемны, бо гэта аўтамабіль «хуткай дапамогі» «Палянэз». Цяпер астравецкія мэдыкі да хворых людзей будуць езьдзіць ня толькі на састарэлых і «дабітых» расейскіх «УАЗах», але і на падораным «Палянэзе». Больш таго, калі ўзьнікне неабходнасьць, у машыне можна праводзіць і апэрацыі.

Мар’ян Вянгроўскі

 

Плач і скач

За навагоднюю ноч у Беларусі ў сямі няшчасных здарэньнях загінулі 4 і параненыя 6 чалавек. 6 чалавек самі сабе зрабілі сьмерць. 576 чалавек злавілі на вуліцах п’янымі, а за рулём прыкмецілі 91 п’янога.

БелаПАН

 

зьБерасьцейшчыны

 

Студэнцкае таварыства ў Берасьці

Ва ўнівэрсытэце разгортвае дзейнасьць навуковае таварыства маладых гісторыкаў «Поспал». Хлопцы ладзяць экспэдыцыі ў полі і ў архівы і чаго толькі ні робяць. Хочуць, каб да іх далучалася іншая моладзь, бо якраз з такіх суполак і паўстаюць фарпосты белмоўнае адукацыі. Спадзяюцца, што на ўзор гістфакаўскае суполкі створацца незалежныя гурткі на іншых факультэтах.

Сяржук Пруднікаў

 

зь Менску

 

ТБМ цешыцца вынікамі перапісу

З ТБМу нам даслалі вельмі энтузіястычны ліст, натхнёны вынікамі перапісу. Тое, што каля 37% людзей у хаце гавораць па-беларуску, паказвае, што «курс на русіфікацыю, што вядзецца на розных узроўнях, церпіць паразу». ТБМ патрабуе прывесьці моўную палітыку дзяржавы ў адпаведнасьць з вынікамі перапісу — забясьпячыць беларускай мове рэальны статус дзяржаўнае. «Хопіць ператвараць беларускі народ у манкуртаў», — палымяна заклікае ТБМ.

Б.Т.

 

Бандажэўскага бадай выпусьцілі

Пад падпіску аб нявыезьдзе вызвалілі з-пад варты былога рэктара Гомельскага мэдінстытуту Юр’я Бандажэўскага, быццам бы з-за пагаршэньня стану ягонага здароўя. Аднак насамрэч прафэсар Бандажэўскі вырваўся з Валадаркі дзякуючы найперш хвалі пратэстаў з боку міжнароднае супольнасьці.

Бандажэўскага заарыштавалі сёлета 13 ліпеня, зьвінаваціўшы яго ў атрыманьні хабару за паступленьне. Зьбіраючы паказаньні сьведкаў, пракуратура нават паабяцала вызваліць ад адказнасьці тых студэнтаў, якія добраахвотна й ананімна прызнаюцца ў хабары былому рэктару. Ахвотных не знайшлося. Да таго ж ад сваіх ранейшых паказаньняў адмовіўся галоўны сьведка абвінавачваньня -- прарэктар Уладзімер Раўкоў. Дык сьледзтва засталося бязь сьведкаў ані доказаў.

Юры Бандажэўскі знаходзіцца цяпер у сваякоў сваёй жонкі ў Менску. Паводле сваёй прысягі зь Менску выяжджаць ён ня можа.

Пад кіраўніцтвам Бандажэўскага Гомельскі мэдычны інстытут пераўтварыўся ў сусьветны цэнтар вывучэньня ўплыву на арганізм радыяактыўных элемэнтаў. Сам Бандажэўскі стаў сусьветна вядомым навукоўцам у радыялягічнай мэдыцыне. Вынікі ягоных дасьледаваньняў відавочна не супадалі з афіцыйнай пазыцыяй чыноўнікаў зь Міністэрства аховы здароўя і палітычнага кіраўніцтва Беларусі.

Як вядома, цяпер улады разьвіваюць тэму вяртаньня ў сельскагаспадарчы абарот забруджаных земляў, спрашчэньня канцэпцыі пражываньня ў “зоне”. У той жа час калега і аднадумец Бандажэўскага -- прафэсар-фізык Васіль Несьцярэнка заяўляе, што трэба адсяляць усіх людзей са 100-кілямэтровай зоны вакол рэактару.

Пасьля арышту Бандажэўскага свой голас у абарону беларускага прафэсара ўзьнялі ўдава былога прэзыдэнта Францыі Мітэрана, Камітэт занепакоеных навукоўцаў ЗША, калегі зь Вялікай Брытаніі, Нямеччыны. Пра арышт Бандажэўскага напісала ангельская газэта Guardian. Да генэральнага пракурора Беларусі зьвярнуліся расейскія праваабарончыя ды экалягічныя арганізацыі на чале з акадэмікам Яблакавым.

Пабачым цяпер, ці будзе справа Бандажэўскага даведзеная да суду. Бадай не была!

Паводле Радыё Свабода

 

з Падняпроўя

Не кажы, што нядуж

У Магілёве былі перасталі льготнікам лекі за паўцаны прадаваць, бо горад за гэтыя льготныя лекі завінаваціўся аб’яднаньню «Фармацэя» 50 мільёнаў дэнамінаваных рублёў. А ёсьць правіла: калі завінаваціцца болей за 9 млн., аптэкары маюць права перастаць прадаваць за так. Ну, аднак жа, вецяраны ўзьнялі гармідар, Дражын распарадзіўся, і вось ужо зноў прадаюць. Ясна, ня ўсё — але валяр’янкі і валідолу до.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0