Людзі ставяць цэрквы

У пасёлку Пагранiчным Бераставiцкага раёну, што на Гарадзеншчыне, заклалі першы камень пад Храм Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы

Як пiсала ўжо «НН», прыхаджане праваслаўнай Сьвята-Эўфрасiньнеўскай грамады Пагранiчнага на чале iзь сьвятаром Іванам Спасюком яшчэ ў леташнiм траўнi пастанавiлi выйсьцi з-пад юрысдыкцыi Маскоўскага патрыярхату. Першы камень пад Храм у гонар Сьвятой Эўфрасiньнi Полацкай у апошнюю нядзелю 99-га асьвяцiў на ўскраiне Пагранiчнага архiяпiскап Ровенскi й Астроскi Кiеўскага патрыярхату Ўкраiнскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ўладыка Серафiм.

Афіцыйныя праваслаўныя вярхi арганiзавалi кампанiю змаганьня з «раскольнiкам». У нумары «Гроденских епархиальных ведомостей» за сьнежань быў апублiкаваны выкрываўчы артыкул — айца Івана, у прыватнасьцi, зьвiнавацiлi ў хулiганстве. Сьвятар з Пагранiчнага адрэагаваў на такiя мэтады пазовам у суд на кiраўнiцтва Гарадзенска-Ваўкавыскай япархii. І тут ужо архiяпiскап Гарадзенскi й Ваўкавыскi ўладыка Арцемiй, вiдавочна, асьцерагаючыся грашовае кары за зьнявагу гонару й годнасьцi айца Івана, запрасiў апошняга на прымiрэнчую сустрэчу. Ярарх Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы заклiкаў айца Івана адмовiцца ад намераў ствараць адмiнiстрацыйна незалежную Беларускую праваслаўную царкву й паабяцаў наўзамен за згоду падабраць для яго якiсь добры прыход у Беларусi. Аднак сьвятар з Пагранiчнага не зьбiраецца прымаць гэтых прапановаў. На 5 студзеня ў Ленiнскiм судзе Гораднi паўторна прызначаны пачатак разгляду пазову Івана Спасюка на кiраўнiкоў Гарадзенска-Ваўкавыскай япархii.

Пад час асьвячэньня пад наглядам мясцовай міліцыі працэсія вернікаў з крыжом прайшла ад часовага малітоўнага дому да дзялянкі на ўскраіне паселішча, дзе ўласна й мае быць пастаўленая царква. Дарма што давалiся папярэднія абяцаньні не перашкаджаць цырымоніі закладзінаў каменя, бераставіцкая міліцыя не дазволіла прыбыць у Пагранічны вернікам з Мастоў — на пад’езьдзе да пасёлку на іх былі складзеныя пратаколы за парушэньне памежнага рэжыму, і аўтобус зь імі быў адпраўлены назад. Зрэшты, з рэальнасьцю памежнае зоны сутыкнуўся фактычна кожны нядзельны госьць Пагранічнага — так, карэспандэнт «НН» даваў тлумачэньні памежнікам адразу ж па спыненьні рэйсавага аўтобуса ў Пагранічным...

Як бы там ні было, камень у падмурак бажніцы Беларускай народнай праваслаўнай царквы закладзены — больш за тое, ёсьць фундатары зь ліку заможных вяскоўцаў, гатовыя ўжо цяпер ахвяраваць на будаўніцтва грошы. «Як ня будзе рэгiстрацыi, — прагназуе сытуацыю айцец Іван, — нашыя пастыры пойдуць такiм самым шляхам, што й мы ў Пагранiчным. Будзем закладаць камянi й будзем будаваць храмы. Як паставiм цэрквы, будзе рэгiстрацыя».

Ужо празь дзень пасьля цырымонii закладзiнаў айцец Іван атрымаў пратакол, падпісаны трыма службовымі асобамі — старшынём Савету па справах рэлігіяў Гарадзенскага аблвыканкаму, намесьнікам старшыні Бераставіцкага райвыканкаму ды кіраўніком Пагранічнага пасялковага савету. У пратаколе праваслаўныя ўрачыстасьці ў Пагранічным кваліфікуюцца як незаконныя дзеяньні незарэгістраванай рэлігійнай грамады. Цікава, што пра чарговае рашэньне не рэгістраваць Сьвята-Эўфрасіньнеўскi прыход яго сьвятар дазнаўся толькі з гэтага пратаколу. Дарэчы, у хуткiм часе пасьля праваслаўных Калядаў мае адбыцца Сынод Гарадзенска-Ваўкавыскай япархіі — айцец Іван не выключае, што на гэтым Сынодзе ярархi Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы паспрабуюць аддаць свайго канкурэнта анатэме. «Ім засталося толькі расьпяць мяне, але я з дарогі Беларускай народнай праваслаўнай царквы не сыду», — заявiў у iнтэрвiю «НН» Іван Спасюк.

Юрась Бушлякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0