пазытывы

Алькагольная індустрыя

Ходзяць чуткі, нібыта ўсе — грамадзяне, жыхары, тубыльцы, тутэйшыя людзі і насельніцтва Беларусі — зачакаліся прыемных навінаў. Яны чакаюць, а мэдыі тым часам дураць галовы немаведама чым. Вока не адпачывае, сэрца ня цешыцца. Мусім тую ганебную моду спыняць. Будзьма кожны тыдзень знаходзіць пазытыў. Нават там, дзе яго, на першы погляд, няма. Напрыклад…

Існуе безьліч спосабаў сапсаваць сабе жыцьцё без чыёйсьці дапамогі. Балазе, усе ўмовы дзеля таго даўно створаныя. Але нават пры адсутнасьці ўсялякіх умоваў, у самым задрыпаным калгасе, найкарацейшым і простым шляхам у пекла ёсьць ужываньне разнастайных гатункаў этылавага сьпірту, разьведзенага вадою.

Кемлівы беларускі народ пра гэта даведаўся даўно, таму жлукціць гарэлку штодзённа і ўпэўнена. Прапіваецца кожны дваццаць пяты зароблены рубель, а ў вёсцы дык і кожны дваццаты. Праз тое, мабыць, колькасьць людзей з парушэньнямі псыхікі за апошнія дзесяць гадоў вырасла больш чым удвая і складае 12 чалавек на тысячу. Калі ў 1990 г. ад перапою пайшоў на той сьвет кожны соты з памерлых, дык летась ці ня кожны пяцьдзясят пяты. З тае ж нагоды і ў пятлю лезуць альбо топяцца. Дзесяць гадоў таму са сваёй волі жыцьцё канчаў кожны пяцідзясяты з памерлых, а зараз амаль кожны саракавы. Не кажу ўжо пра тых, што, напіўшыся, пранцы падчапілі альбо забілі каго. Вось дык сіла ў гарэлцы!

Што казаць, калі сама Перастройка, якая дала савецкаму чалавеку права адкрыта звацца пэдэрастам, ціха сканала ў барацьбе з п’янствам. Азірнецеся. Дзе сябры «Таварыства цьвярозасьці»? Дзе змагары супраць алькагольнага этнацыду славянаў? Загнаныя ў дальні кут, нешматлікія, як дэпутаты ВС 13-га скліканьня, яны спадзяюцца на аднаго Бога. Маюць рацыю, Бог дазваляе існаваньне самых дзіўных вычварэнцаў. Бывае сонца і ў іхнае ваконца.

Напрыканцы тысячагодзьдзя Міністэрства сельскай гаспадаркі паведаміла пра тое, што тэмпы росту (якімі ганарыцца ўся краіна) аб’ёмаў вытворчасьці лікёра-гарэлачнай прадукцыі пачалі скарачацца. У лістападзе айчынныя вытворцы выдалі на-гара ўсяго 24 000 000 пляшак гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў.

Па пяць паўлітровікаў на аднаго мужчыну ў месяц і па адным на жанчыну. Чаго гэна варта? Гэта ж на 7,6% меней чым летась, у адпаведны перыяд.

Можна сабе ўявіць, як радуюцца спаду вытворчасьці нелюдзі, што ненавідзяць родны народ, як яны паціраюць рукі, сьмяюцца над пакутамі сотняў тысячаў выбаршчыкаў, якім ня хопіць якаснай дзяржаўнай прадукцыі.

Чым можна адказаць гэтым ідэалягічным банкрутам? Стрыманасьцю, талеранцыяй, верай у кіраўніцтва краіны, што вядзе нас правільным шляхам. Няхай сабе плявузгаюць. Мы іх трываем і шкадуем, як дурных дзяцей, бо хаця ж яны і беларусы, але дзе ім зразумець глябальную мэту працэсу вытворчасьці і спажываньня нацыяй штогод 180 000 000 афіцыйных паўлітровых бутэлек абсалютнага алькаголю.

Дарэчы, яны сваёй мінэральнай вады высербалі ня меней. І ніхто дзеля таго крыку не ўсчынаў і ў Гельсынскія камітэты да розных Пікаў-Вікаў ня бегаў. Ну, сабе павесіцца, звар’яцее, перап’ецца, заб’е і заб’ецца крыху меней грамадзянаў і што? Пазытыў.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0