БТ вачыма беларуса

Музычна-марская тэма

Прызвычаіліся мы сустракаць надыход Новага году хоць і па сваім часе, але тэлеканал пры гэтым глядзець расейскі. У сёлетнюю навагоднюю ноч БТ паказала, што на расейцаў можна не пераключаць. Музыка, прынамсі, і ў нас ня менш тупая, чым у іх.

Навагоднюю праграму здымалі ня звыклай студыйнай тэхнікай, а празь перасоўны камплект Sony, расшчодрыліся на імпартны лінолеум для пляцоўкі ў 600 кв.м. Колеры заставаліся традыцыйнымі для гэткага сьвята сіне-блакітнымі, але выглядалі па-сапраўднаму чароўнымі, асабліва на буйных плянах. Аўтары сцэнару адмовіліся ад гаварыльні, груповак за столікамі, зрабілі проста канцэртную праграму на музычна-марскую тэму з кароткімі «падводкамі» да нумароў. Размоўны жанр скарацілі да прымітыву. Гэтак, зьяўленьне «Палацу» анансавалі наступным чынам: «Прыміце на борт! — А што вязеце? — Сто пудоў гітоў!» Вось і ўсё развлячэньне: «Палац», «Пані Хіда», Дарафеева ў вельмі адкрытым касьцюмчыку выпрана-бэзавага колеру ды «Песьняры».

Лукашэнка ўсеўся ў экран без пятнаццаці хвілінаў Новы год, але зьлез, надзіва, безь пяці. Быў смутны, па Ельцыне тужыў. А апошнія імгненьні старога году гучала песьня па-беларуску — вельмі дзіўная, з прыпевам «Пакаемся, пакаемся!».

На гэтым тыдні на БТ будуць ісьці добрыя «Акаляда», «Абібок», «Добры вечар, Беларусь!» у сераду з праграмай для жанчынаў «Коткі». Ды кароткамэтражны мастацкі фільм у суботу «Ўрокі беларускай мовы». А на Каляды праваслаўныя будзе сем прысьвечаных Раству перадачаў, а на ОРТ — «Дзікае паляваньне караля Стаха»...

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0