Саюз як бар’ер у стасунках дзяржаваў

 

Падпісаная 8 сьнежня і ратыфікаваная ў Менску і Маскве дамова пра стварэньне саюзу Беларусі і Расеі моцна нагадвае сакрэтныя пратаколы да пакту Молатава-Рыбэнтропа. Перад падпісаньнем ніхто толкам ня ведаў, што там выпраўлена ў канчатковым тэксьце. Зрэшты, ня надта і цікавіліся. Эпахальная падзея — стварэньне новай эўразійскай саюзнай дзяржавы — сустракае дзіўную абыякавасьць як з боку народаў, так і з боку палітыкаў, якія робяць выгляд, што адбылося нешта само сабой зразумелае, але неістотнае.

Большасьць расейскіх грамадзянаў, — паведаміў Інтэрфакс, — увогуле не знаёмыя са зьместам дамовы. Такіх 62%. Кожны трэці (33%) ведае, пра што ідзе гаворка ў агульных рысах. Пры гэтым 69% ухваляюць дамову, што нагадвае не зусім цьвярозую застольную бяседу — ня ведаю, пра што, але — «за».

Індыкатарам у такой сытуацыі можа служыць стаўленьне да дамовы ва Ўкраіне, якую інтэгратары разглядаюць як чарговага кандыдата ў згаданы саюз. Паводле інфармацыі Інтэрфаксу, прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма заявіў, што Ўкраіна ніколі не далучыцца да саюзу Расеі і Беларусі, а самую гэтую дамову чакае складаны лёс, бо «Расея эканамічна ня можа быць ані донарам, ані крэдыторам... Калі я чую заклікі да аб’яднаньня, я кажу: давайце лепш будзем больш адкрытымі адзін для аднаго, а не будаваць бар’еры і тым самым ствараць складаныя сытуацыі», — заявіў Кучма.

Гэтаксама і Вярхоўны Савет Украіны не падтрымаў прапанову даручыць профільным камітэтам падрыхтаваць прапановы аб магчымасьці далучэньня краіны да саюзу Беларусі і Расеі, хоць з такой прапановай выступаў член фракцыі кампартыі Ул.Маісеенка.

Новы ракурс адкрываецца ў поглядзе на саюз з Украіны: аб’яднаньне стане непазьбежным бар’ерам у дачыненьнях раўнапраўных незалежных дзяржаваў — з-за розных аб’ёмаў, розных эканомік, з-за наддзяржаўнага заканадаўства і чынавенства і яшчэ з-за мноства прычын. І наадварот — саюз можа адбыцца толькі пры паглынаньні адной дзяржавы другою. Здаецца, тое, што адбываецца менавіта паглынаньне Беларусі Расеяй, бачна кожнаму. Гэта і ўхваляюць расейцы, ня ведаючы нюансаў. А мы? А ў нас не пыталіся.

А.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0