Папса

 

Ня ўсё тое, што гучыць, ёсьць музыкай. Але амаль усё, што гучыць, гучыць ня проста так. Значыць, некаму вельмі патрэбна, каб уся гэтая маскоўская папса гучала паўсюль і заўсёды. Калі слухаць гэтую папсу нейкі працяглы час, ды яшчэ на пустыя мазгі, сфармуецца адмысловы тып мысьленьня. Такі чалавек на пэўным этапе ўжо сам захоча паслухаць такую музыку. Галоўнае, што «на панятным языке» і што абсалютна не патрабуецца думаць. «У галаве маёй прахладна і пуста», як сьпявае адін маскоўскі сьпявак. «Врэмя начышчаць сапагі», пяе ён далей, і ніхто не забароніць яму прапаганду вайны. Ён выконвае замову сваёй імпэрскай дзяржавы — сфармаваць адмысловы тып людзей, якімі лёгка было б маніпуляваць, якіх лёгка паслаць у Чачэнію ці ў іншае пекла. Якія дазволяць пабудаваць любы Чарнобыль, любыя Баранавічы.

...Нейкі час таму быў для мяне вельмі прыкры пэрыяд: часта міжволі даводзілася слухаць замежнае радыё пад назовам «Маладзёжны канал». От, скажаце, так ня можа быць. Бо заўсёды знойдзецца спосаб павярнуць круцялёк выключальніку. Так то так, але ж пакуль тое змаглося, давялося высачыць пэўныя заканамернасьці.

Зноў жа, ня буду пра палітыку. Бо колькі можна рэагаваць на іхныя сэнтэнцыі, што «мы самі выбралі сабе прэзыдэнта, якога хацелі». Нехта заплаціў грошы, дык і замовіў музыку. Але ж я пішу пра іншую музыку, музыку ў літаральным сэнсе.

Аднойчы па гэтым радыве выказалі нат формулу, па якой іх прымушаюць працаваць: 70% ад рэпэртуару павінна складаць «ацечаственная» музыка, і толькі 30% — замежная. Ясная рэч, што беларуская музыка ніколі ня ўвойдзе ні ў водную з гэтых дзьвюх катэгорыяў. Для іх, як і для ўсякага іншага маскоўскага мэдыя, музычнай прасторы ад Бранску да Бэрліну не існуе наогул — ні табе Польшчы, ні Вугоршчыны, ні якой іншай краіны былога сацлягеру ці былога СССР.

Але ж і ня гэта самае прыкрае ў гэтым мэдыі. А тое, што апанавала і іх інтэгрызатарская тэндэнцыя. Амаль нідзе з былых падпарадкаваных тэрыторыяў іх цяпер ня слухаюць, дык карціць ім адыграцца на Беларусі. І вось жа маюць яны такія перадачы, якія складаюцца на прынцыпе адваротнае сувязі са слухачамі. Дык неяк у іх так атрымоўвацца, што бадай кожны другі званок ідзе ім зь Беларусі. І што хочуць гэтыя званяшчыя? А замовіць сабе нешта з маскоўскай папсы (без таго ім яе не хапае!), перадаць прывітаньне блізкім ці знаёмым (бліжай, чым праз Маскву, ім, мабыць, неспадручна!). Мабыць, паводле думкі аўтараў перадачы, тое павінна паказаць «страмленіе нашых народаў к ядзіненію».

Калі такія званочкі арганізаваны адмыслова, то гэта, канечне, справа сумленьня арганізатараў. Але ж, мне здаецца, дурноты ў нас хапае, і дастаткова простай сэлекцыі.

І вось адбываецца такая тыповая карціна. Апантаная паненка, аж захлынаецца, шчабеча на тэрыторыю абодвух незалежных панстваў: мы вось седзімо тутака на рабоце, нас тут дваццацёх чалавек у адным памяшканьні, і такія мы ўсе дружныя, і ўвесь свой працоўны час слухаем ваш канал, і вох як ён нам падабаецца... перадайце, калі ласка, для нас тота й тота, прывет тамута й тамута...

...Я не пытаюся аб тым, што мае ў галаве такая паненка замест пачуцьця элемэнтарнай самапавагі. Але ж хаця б не разгалошвала нашу дзяржаўную тайну, што ў нас г э т а к арганізавана праца на пэўных «гасударсьцьвенных прадпрыяціях». А начальству на такіх прадпрыемствах можа варта было б забараніць прыватныя міжнародныя перамовы са службовых тэлефонаў. Бо ня намі ж сказана, што эканамічная сытуацыя складаная і без таго.

...І зноў пра музыку. Насамрэч адметная падзея: сольны канцэрт Ірыны Дарафеевай ды ягоная трансьляцыя па БТ на працягу дзьвюх з паловай гадзінаў (19. ХІІ). На жаль, я глядзеў яго трохі не ад самага пачатку. Але з тых песень у ейным выкананьні, якія мне давялося паслухаць, толькі 3 (тры) былі на беларускай мове, а 15 (пятнаццаць) — на расейскай. Без камэнтару...

...Што рабіць, калі папса апанавала ўсё наўкола? Выключыць гук, гэта ясна. А яшчэ лепш — уключыць затым сапраўдную музыку.

Аляксандар Урбановіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0