дыскаграфія

Беларуская Расея

«Кострома», «Иван Купала», студыя «Союз» — «Бульба рэкардз» 1999

Што для нас расейскі фальклёр? Упэўнены, мае асацыяцыі блізкія да сярэдніх: гэта булькаваньне балалаек, о-ох-і у-ух-і прыпевак, нешта «разудалае», накшталт «Камарынскай», ды, на сучасным этапе, нацягнутае пішчаньне «Залатога кола». І да ўсяго гэтага — аніякіх радасных пачуцьцяў ды асабліва станоўчых эмоцыяў. Усё добра знаёмае зь дзяцінства. Чаму так адбываецца, цяжка сказаць (ніякая палітыка тут ні прычым), але відавочна, што калі паміж сваім і ірляндзкім, францускім фальклёрам, фольк-мадэрнам беларус хутчэй выбера і тое, і другое, дык паміж расейскім і эўрапейскім — другое. Вельмі ўжо далёкая ад нас расейская разухабістасьць, дый мэлёдыка чужая.

І, здавалася, што можа зьмяніць перадсуды да расейскага фальклёру? Хіба зьявіцца яшчэ адзін беларускі этнамузычны праект — дый яшчэ больш пашырыць прорву паміж двума братнімі народамі... І вось зьяўляецца мадэрновы праект чыста расейскіх хлапцоў — Аляксея Іванова, Аляксея Румянцава і Дзяніса Фёдарава — з такой роднай назвай «Іван Купала», і адразу робіцца ў нас вельмі папулярным. Радыёстанцыі пазнаёмілі слухачоў толькі зь дзьвюма песьнямі, але гэтага хапіла, каб зрабіць невялічкую рэвалюцыю. Прычына вялікай зацікаўленасьці (прынамсі, як я для сябе фармулюю) — вялікае зьдзіўленьне. Ну настолькі гэта нязвыкла-расейскае! І сама назва — не «Купало» які-небудзь, а менавіта «Купала», і гаворка бабуляў (знакамітае з радыё-гітоў «палячыцеся»); і, галоўнае, сама мэлёдыка ды гучаньне, што сьпеваў, што музыкі. Гэта ж хутчэй, умоўна кажучы, крывіцкае — наша! Аранжаваньне мадэрновае. Так і бачыцца за гэтым стары добры «Палац» менскі, а не далёкі Пецярбург, адкуль родам «купалаўскія» музыкі. Адкуль гэткае?! Чаму?!

«Иван Купала» проста патрабаваў сябе набыць. Пасьля чаго зьдзіўленьні і замілаваньні прадоўжыліся. Касэта зробленая на найвышэйшым узроўні — ня толькі добры запіс, але й шматстаронкавая вокладка, дзе зьмешчаныя тэксты ўсіх (без адной) песень. І як пацешна (асабліва ўлічваючы, што ў нас «Кастрама» прадаецца з пазначэньнем «для продажу толькі на тэрыторыі Беларусі») чытаць зноскі з перакладам «сустрекали — встречали», «шлях — путь»! Пададзены сьпіс фальклёрных гуртоў і асобных людзей, чые запісы скарыстаны ў альбоме. Улічваючы роднасьць музыкі і словаў, ня дзіва, што прысутнічае ў сьпісе Бранская вобласьць, нават Архангельшчына (крывічы й туды дабраліся); ёсьць і зусім сваё — ансамбаль зь Клётнай Берасьцейскай вобласьці. Але ёсьць і такія далёкія Астраханскі край, Башкартастан. Геаграфія шырокая. Не абышлося, праўда, і безь недахопаў у аздабленьні — для аднаго фольк-гурта не пазначанае «месца жыхарства»; і нідзе не зразумела, да якіх жа кампазыцыяў ён мае дачыненьне. Што дадае пэўнай інтрыгі — а калі раптам самыя «беларускія» песьні выконваюць башкіры?

Што канкрэтна да музычнага зьместу альбому. Я асабіста знайшоў там, акрамя раскручаных «Кастрамы» і «Каляды», як найменш яшчэ два супэргіты — «Вінаград» і «Маладосьць». Першы, асабліва ў прыпеве, нагадвае этнагімн, пры якім хочацца сесьці пад драўляным стодам пры вогнішчы і качацца з боку ў бок. Другі ж — апатэоз «жывога гуку»! — мілы да ўсьмешкі расповед бабулі пра жаночае жыцьцё. Кароткі да геніяльнасьці. Толькі лепш не чытайце тэкст, а сьпярша паслухайце!

Ёсьць, ёсьць і такія песьні, у якіх расейскасьць адчуваецца добра. Не настолькі гітовыя, але на агульным фоне ўспрымаюцца ня горш. А ў параўнаньні з лубочным афіцыйным фальклёрам. Ніякага параўнаньня ня можа быць!

А дзьве песьні, на маю думку, з агульнай канцэпцыі выпадаюць. У альбоме выразна адчуваюцца архаічныя этнічныя матывы, а «Бровы» — стандартны сучасны фальклёр, з усімі хібамі, уласьцівымі афіцыйным фольк-ансамблям. Толькі атачэньне ды больш мадэрновае аранжаваньне ставяць гэтую кампазыцыю вышэй за якое «Залатое кола». А іншая песьня, акрамя таго, што таксама стандартная формай ды даўно ўсім вядомая зьместам, дык яшчэ і... украінская. Славутая «Нэсэ Галя воду...» (гэта ейнага тэксту няма на вокладцы). Вось і выбіваецца, акрамя завялікай вядомасьці ды амаль клясычнага выкананьня, сваёй чыстай украінскасьцю — хто выконваў толькі? — на фоне пераважнай расейска-беларускай трасянкі. (Гэта ўжо сьмешна, але ізноў Украіна не падыходзіць да расейска-беларускай інтэграцыі! Іншыя б усе інтэграцыі гэткімі былі...)

А самая цікавая з усяго пералічанага кампазыцыя — «Сваточкі». Гэтыя «Сваточкі»-галубочкі — родныя браты нашаму «Сваточку-галубочку», вядомаму праз «Крыві». «Купалаўскі» варыянт песьні аб’яднаны зь яшчэ адной песьняй, рэкруцкай. Але вельмі і вельмі блізкія паходжаньнем песьні выглядаюць у альбомах «За туманам» і «Кастрама» абсалютна па-рознаму. У «Крыві» — напружана да трагічнасьці, у «Ивана Купалы» — распаволена амаль да весялосьці, хоць і рэкруцкая.

Падсумую — альбом файны. Так бы мовіць, «Кастрама, mon amour». Лішні доказ таму, што арыгінальны фальклёр, зь любоўю апрацаваны, успрымаецца лёгка і з радасьцю, не зважаючы, адкуль ён родам — у адрозьненьне ад a-la фальклёрнага афіцыёзу (узгадаем сумны лёс заежджанай «Лявоніхі»...). Як гучыць у альбоме: «эта сушчэственная праўда».

Дзяніс Носаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0