Адам Глёбус

Адамовічы

Нататкі да выхаду кнігі
Славаміра Адамовіча «Плавільшчыкі расы»

 

Да братавай затэлефанавала дзевяностагадовая бабуля з пытаньнем: «Дык за што, насамрэч, пасадзілі Міраслава?» «Якога Міраслава?» «Твайго! Сягоньня па радыё перадалі, што Міраслава Адамчыка пасадзілі ў турму КГБ за верш пра Лукашэнку». «Супакойцеся, бабуля, ня піша Мірак вершаў пра Лукашэнку. Пасадзілі не Міраслава, а Славаміра Адамовіча». «Не дачула. Прозьвішчы падобныя. Спалохалася й пазваніла...»

Такіх прыкладаў шмат. Блытаюць ня толькі Славаміра зь Міраславам, блытаюць Глёбуса з Сысом, Лукашука з Лукашэвічам, і клясыкаў Коласа з Купалам таксама блытаюць. Для пэўнага кантынгенту з насельніцтва Беларусі ўсе беларусы на адзін твар і на адно прозьвішча. Мы яшчэ, праўда, не дайшлі да той жахлівай мяжы, калі беларусаў пачнуць у Менску называць зверьми, як расейцы называлі казахаў у Алма-Аце. Але пэўныя тэндэнцыі ў гэтым накірунку праглядаюцца.

Не памылюся, сказаўшы, што тое агульнабеларускае прозьвішча — Адамовіч. Адных толькі вядомых Адамовічаў-літаратараў — тры. Антон, Алесь і Славамір. Мне цяжка растлумачыць тую акалічнасьць, што ў часы татальнага захапленьня псэўданімамі Славамір не пакінуў падпісваць вершы ўласным прозьвішчам. Ці то ён верыў у сваю здатнасьць пераўзыйсьці папярэднікаў, ці не надаваў прозьвішчу вялікага значэньня? Ведаючы амбітнасьць Славаміра, схіляюся да першай вэрсіі. Так ці йнакш, а Славамір застаўся Адамовічам і два разы праславіўся на ўвесь сьвет.

Як і кожная творчая асоба, праславіўся ня ў тых месцах, ня з тымі асобамі й ня тымі творамі, якімі хацеў. Ну хто гэта на поўным сур’ёзе захоча праслаўляцца ў якасьці пазаштатнага інфарматара савецкага КГБ? А менавіта ў такім кантэксьце імя Славаміра стала вядомае шырокай публіцы. У зьвязку з разбурэньнем СССР КГБ вырашыў правесьці чыстку й ператрус сваіх неманалітных кадраў. Гэта, падкрэсьлю, асабіста мая гіпотэза. Прожженный журналіст Шчакаціхін заклікаў усіх інфарматараў прызнацца й пакаяцца. Славамір даслаў Шчакаціхіну ліст з гісторыяй свайго супрацоўніцтва з ворганамі дзяржбясьпекі. Ліст, сярод іншых, быў зьмешчаны ў шматмільённатыражным часопісе “Огонек”. На маю думку, Славаміраў ліст быў занадта сухі й дакумэнтальны, а таму я прапанаваў яму напісаць аповесьць пра свайго сярод чужых і чужога сярод сваіх. У той час мы з братам Міраславам выдавалі часопіс «АВС-ДЭТЭКТЫЎ». Адамовіч напісаў, мы зьвярсталі й давялі да арыгінал-макету. Але аповесьць ня выйшла, інфляцыя зьела грошы. Пазьней яна выйдзе ў альманаху «Калосьсе» і пройдзе незаўважанай. Зьмяніўся час, зьмянілася кан’юнктура папулярнасьці, СССР зьнік, расейскі КГБ зрабіўся ФСБ, толькі ў Беларусі КГБ застаўся КГБ.

Вось тут і варта заўважыць, што ўсе тры згаданыя Адамовічы супрацоўнічалі ў той ці іншай ступені са спэцслужбамі акупацыйных рэжымаў. Антон — зь нямецка-фашыстоўскай, Алесь — з камуна-бальшавіцкай, Славамір — з савецка-імпэрыялістычнай.

Антону не пашанцавала адразу, бо гітлерызм прайграў сталінізму.

Алесю пашанцавала: апынуўшыся ў пераможцах, ён разгарнуў кіпучую дзейнасьць: пісаў раманы, здымаў фільмы, займаў пасады, круціўся ў вышэйшых колах маскоўскага крамля. Апошні фільм Алеся Адамовіча патрабуе асобнай адзнакі. Называўся ён «Ідзі й глядзі». Я схадзіў і паглядзеў у менскім кінатэатры «Мір». Акрамя мяне ў залі было чалавек сем-восем. Гэты кінатвор я адношу да жанру кінапаталёгіі. У першай сцэне хлопчыкі рыюцца ў акопным пяску, шукаючы зброю. Стары пастух ганяе падшыванцаў і неяк куртата, але разабраць можна, мармыча прымаўку: «Мбацца, сраццам, пальцам у срацы калупаццам». За такім пачаткам быў адпаведны працяг. Зьявіліся трупы, па якіх поўзала процьма мух. Я падумаў: якім жа гэта мёдам панамазвалі актораў, што столькі мух назьбіралася. Але на мёд пазьляталіся б пчолы з восамі. А тут адны мухі, як над падлаю. Можа трупы сапраўдныя? Кіношнікі мне казалі, што трупы на здымкі прывозілі зь менскіх трупярняў. Праўда гэта ці не, а ў Вэнгрыі Адамовічаў фільм на экраны не пусьцілі за непамерны натуралізм і жорсткасьць. Правільна мадзяры зрабілі.

Гэта ўсё да таго, што Славаміру зь ягонымі лірычнымі правакацыямі ня так лёгка будзе пераплюнуць папярэднікаў па прозьвішчы, якія хадзілі па беларускай зямлі ня толькі з нажамі, а й зь пісталетамі ды аўтаматамі. Пэўна, каб Антон ці Алесь пісалі б верш «Убей президента», яны б ня клікалі некага ў памагатыя, а пайшлі б самі вяршыць прысуд. І канкрэтыка была б: Антон забіваў бы Сталіна, Алесь — Гітлера. Дарэчы, Алесь так і заяўляў, што асноўная ідэя «Ідзі й глядзі» — кожны мусіць забіць у сабе Адольфа Гітлера, ні больш, ні менш.

У Адамовіча і прэзыдэнт, і забойца абстрактныя, а таму аналізаваць, хто каго там разгледзеў, ня мае сэнсу. Цікавы ня сам верш, а гісторыя, зьвязаная зь ім. Славамір напісаў расейскі стишок, аддаў у правінцыйную газэтку й займеў славы, праблемаў, новых уражаньняў поўны мех. Дзесяць месяцаў турмы, сухая галадоўка, камэрная лірыка, суквецьце хваробаў — цана папулярнасьці. За ўсё плоціш.

Кожны з Адамовічаў заплаціў за сваю славу й любоў да Радзімы. Антон — вымушанай эміграцыяй, Алесь — уцёкамі ў Маскву, дзе памёр на нейкім урадавым банкеце, Славамір — адседкаю ў турме КГБ. І варта падкрэсьліць яшчэ раз асноўнае, што лучыць гэтых трох літаратараў — самаахвярная любоў да Бацькаўшчыны, служэньне беларускай ідэі й несумненны талент кожнага зь іх.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0