Аб мястох крывіцкіх праўда...

Антынавуковы трактат з разглядам некаторых пытаньняў із сфэры тапаніміі й этымалёгіі назваў беларускіх гарадоў

 

Браслаў

Калі прыйшоў у наш край рымлянін Палямон, быў спаміж ягоных вояў адзін на імя Брас. (А звалі яго так, бо ён брасам плаваць любіў.) Пабачыў ён тутэйшых дзевак і сказаў: «Уга!» А дзеўкі — у адказ: «Вось табе і ўга!» Так ён і застаўся тут, заснаваў з гэтымі дзеўкамі горад, які так і назвалі — Браслаў.

 

Ворша

Сабраліся аднаго разу нашыя продкі пабіцца з расейцамі. Прыйшлі на поле каля рэчкі Крапівенкі, пабачылі расейцаў ды як заравуць: «Раша — параша, а перамога наша!» Ну, потым, бадай, прыгадалі, што яны рыцары й шляхта: узьнялі чырвоны сьцяг з «Пагоняй», засьпявалі «Багародзіцу». Але гэта ўжо не дапамагло — расейцы пакрыўдзіліся. Так іх нашыя продкі й перамаглі.

Бітву ў той гонар назвалі Рашанскай, альбо Аршанскай. А потым (каб ня блытацца) і горад бліжні назвалі ад імя тае бітвы — Ворша.

 

 

Менск

Каго толькі ў нашых краях ні перабывала. Вось, напрыклад, у самым цэнтры Беларусі жылі немцы. Тутэйшыя, аўтэнтычныя. І горад свой так і называлі — Немск. Але ж немцы — яны немцы й ёсьць: гергечуць нешта па-свойму, незразумела. Давялося ўсіх вынішчыць, а горад перайменаваць у Менск.

 

 

Заслаўе

Жыды зьявіліся ў нас даўно. Пасьля таго, як Рагнеду зьвёз у Кіеў тамтэйшы князь, прыйшоў сюды невядомы чалавек нетутэйшага аблічча: чарнявы, насаты, вочы лупатыя... Кажа: «Я вашай Рагнеды сын, а клічуць мяне Ізя». Ну, нашыя продкі, вядома, абурыліся: мала, што выглядае не па-нашаму, дык і імя ў яго нейкае... няправільнае... Ён пабачыў, што ня тое ляпнуў, ды стаў выпраўляцца: «А поўнае імя — Ізяслаў». Падумалі-падумалі прадзеды й вырашылі, што горад лепей назваць не ад кароткага імя, а ад поўнага. Так і сталася Заслаўе.

 

 

Смаленск

Што былі ў нас мурыны — не сакрэт. Яшчэ ў глосах да пятага, дапоўненага й выпраўленага, выданьня «Полацкага летапісу» адзін з рэдактараў кнігі (ці то С.Полацкі, ці то Ул.Арлоў) адзначыў, што горад Смаленск назвалі за чорны, як смала, колер скуры ягоных месьцічаў.

Праўда, некаторыя ўсходнія недавяркі кажуць, што насамрэч жыхары Смаленску да ўсіх ліплі, як смала. Але ці ж варта слухаць гэтых ёлупаў?

 

 

Слонім

Навукоўцы кажуць, што апошняга ў сьвеце маманта зьелі жыхары Беларусі. Адбылося гэта ў Слоніме. Толькі месьцічы ня ведалі, што ядуць маманта. Яны думалі — слон, адно валасаты. А сланоў яны вельмі любілі й нават горад свой назвалі Слонім.

 

 

Кобрынь

Адзін зь беларускіх гарадоў заснавалі амазонкі. Ці то гэта была адна з грэцкіх паўночных калёніяў, ці то эміграцыя з Эляды (кшталту пазьнейшай Палямонавай). Ну, як амазонкі ставіліся да мужыкоў — асобна распавядаць, пэўна, ня трэба. Не падабалася гэта тутэйшым мужыкам. «У-у, кобры!» — злосна шыпелі яны. Вось так і зьявіўся горад Кобрынь.

 

 

Тураў

У Тураве спрадвеку жылі туркі. А паколькі жылі яны даўно, дык і горад назвалі прыгожай кароткай турэцкай назвай Алі-Башы-Эфэндзі-Гасан-Абдурахман-Ібн-Бэндэр-Бэй.

Пакутавалі навакольныя беларусы ад такой назвы: пакуль вымавіш — язык зламіць можна. Дый на капэртах назва ў адзін радок ня ўлазіць. Плюнулі яны на ўсё й назвалі горад Туркавам. Ну, а цягам часу стаўся ён Туравам.

 

 

Магілёў

Жыхары аднаго невялікага мястэчка вельмі любілі гогель-могель. Да такой ступені ўпадабалі, што нават іхны горад назвалі Гогель-Могелевам, а іх саміх — гогель-могелеўцамі. Праўда, назва падалася задужа вялікай для такога маленькага мястэчка, і тады яе скарацілі да Могелева. Хто ж мог ведаць, што гэтаму мястэчку накавана стаць вялікім горадам Магілёвам?

Некаторыя містыфікатары, аднак, выводзяць назву гораду ад нейкай Магілы лява. Але нядаўна праведзеныя археалягічна-антрапалягічныя досьледы даказалі, што ніякі гэта ня леў, а звычайны збрадлівы кот, прыдушаны, верагодна, гаспадаром за скрадзеную сьмятану (разьбіты гаршчок з-пад сьмятаны знойдзены тутсама, у так званай Магіле лява).

Жбан Няўмера, С.Маркальскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0