БІБЛІЯТЭКА

 

Беларусь: арабскае бачаньне

И.Коновалова. Восточная Европа в сочинении ал-Идриси. — М.: Выдавецкая фірма «Восточная литература» РАН, 1999. — 254 с. ISBN 5-02-018048-3

Пра Ідрысі ў Беларусі ня тое каб зусім ня ведаюць, хутчэй, не цікавяцца. Нашчадак прарока Мухамада, эміраў Фэса, Абу Абдалах Мухамад ібн Мухамад ібн Абдалах ібн Ідрыс ал-Хамудзі ал-Хасані вядомы ўсяму цывілізаванаму сьвету проста як Ідрысі, вялікі арабскі географ ХІІ ст. У сваёй працы «Забавы стомленага ў вандраваньнях па абласьцях» (з мапай) ён пісаў і пра беларускія землі.

Коратка пра Ідрысі і яго працу можна даведацца з «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі» і з больш падрабязнага артыкула Алеся Белага ў апошнім сшытку «Беларускага гістарычнага агляду». Цэльную карціну поглядаў Ідрысі на Ўсходнюю Эўропу прапануе ў сваёй манаграфіі маскоўская дасьледніца Ірына Канавалава.

Ідрысі ва Ўсходняй Эўропе, тым больш у Беларусі, ня быў. Пісаў з чужых словаў, успамінаў, аповедаў, шмат браў з ранейшых кніг. Ён ня быў і ў многіх краінах Заходняе Эўропы, Афрыкі, Азіі, а ўсё ж яго працу ўважаюць за вяршыню арабскай геаграфічнай навукі. Бо ён сабраў надзвычай багатыя зьвесткі, адкінуў фантастычныя і проста няпэўныя зь іх, узгадніў паміж сабою апавяданьні з розных крыніц. Не яго віна, што зьвесткі ў яго кнізе, прыкладам, пра Фінляндыю, багацейшыя за зьвесткі пра Беларусь. Так яму данесьлі вандроўнікі і гандляры. А тое, што ён расказвае пра нашыя землі, патрабуе яшчэ дэшыфроўкі.

Вывучаць Ідрысі як географа Беларусі пачаў яшчэ славуты Яўхім Лялевель, выкладчык Віленскага ўнівэрсытэту ў 1815—1824 гадах, пасьля палітычны эмігрант. Яго манумэнтальная «Геаграфія Сярэднявечча» ў 4-х тамах выйшла ў Брусэлі ў 1850—1852 гадах. З тае пары адносна пэўных зьвестак Ідрысі дасьледнікі прыйшлі да згоды, а ў інтэрпрэтацыі няпэўных адзінства няма.

Агромністае возера Тэрмі (Цірма) ляжыць недзе ў сярэдзіне Ўсходняе Эўропы: «Гэта вялікае возера, яго даўжыня з захаду на ўсход 300 міляў, а шырыня 100 міляў. Гэта вельмі вялікае возера, а ў сярэдзіне яго знаходзіцца гара, дзе жывуць знакамітыя дікія казлы, а таксама жывёла, празываная бабром. І большая частка гэтага возера з усходняга боку распасьціраецца да краіны Куманіі. Насупраць яго тыльнай часткі, пасярод лугоў і лясоў, знаходзяцца вытокі ракі Данабрыс (Дняпро), якая завецца там Балтас». Хто не пазнаў у апісаньні гэтага возера Прыпяцкія балоты? А вось І.Канавалава даводзіць, што гэта апісаньне Азоўскага мора, узятае Ідрысі з працаў папярэднікаў.

Сінубулі, «вялікі квітнеючы горад на рацэ Данабрыс, з заходняга боку», — гэта, безумоўна, Смаленск. На той жа рацэ Ідрысі адзначае горад Мунішка (Муніска). Шматлікія дасьледнікі атаесамляюць яго таксама са Смаленскам (проста Ідрысі браў інфармацыю ўжо зь іншай крыніцы), але ёсьць меркаваньне, што гэта Менеск. У такім выпадку гэта першая ў сьвеце выява нашае сталіцы на геаграфічнай мапе. Загадкавы ў Ідрысі горад Бармунія. Адны дасьледнікі бачылі ў ім зноў жа Смаленск, іншыя — Бэндэры, Церабоўлю, Белгарад-Днястроўскі альбо нашыя Рэчыцу, Тураў ці Берасьце. З апошнім горадам яшчэ ідэнтыфікуецца таямнічая Абрэза. Ёсьць у Ідрысі стары аповед з новымі падрабязнасьцямі пра так званыя тры цэнтры Русі, адзін з каторых, а менавіта Арсу, спрабавалі зьвязаць зь беларускай Воршай. Незразумела, чаму ў Ідрысі няма ніводнага ўспаміну пра такі значны горад Беларусі, як Полацак. Канечне, арабы лепш ведалі поўдзень Беларусі, але сярод інфарматараў Ідрысі былі і скандынавы, якія, напрыклад, шмат цікавага паведалі яму пра Фінляндыю (Фінмарк). Географ дазнаўся нават пра зямгальскі (што ў Латвіі) горад Мадсуна — цяпер гэта гарадзішча ля Мажотне. Літва арабаў не зацікавіла.

Шматлікасьць варыянтаў у пошуках прататыпаў назваў гарадоў у Ідрысі не павінна зьдзіўляць. Славуты географ карыстаўся інфармацыяй з многіх рук. Да таго, у арабскай мове няма многіх гукаў, якія былі ў гаворках тубыльцаў, адсюль непазьбежныя падмены ў напісаньні назваў (так, гук «п» замяняецца на «б»). Да таго, асаблівасьці арабскага пісьма дазваляюць прачытаць адну назву ў розных манерах. Да таго, гэтыя няўмекі-перапісчыкі моцна папсавалі рукапісы славутага Ідрысі. Так што маем вялікія цяжкасьці з расшыфроўкай інфармацыі несьмяротнага араба.

Дасюль няма добрага дакладнага перакладу Ідрысі на мовы, знаёмыя ў Беларусі. І.Канавалава абяцае ў недалёкай будучыні апублікаваць ня толькі арыгінальны тэкст працы географа, але й яе сучасны пераклад. Тады беларускія аматары разгадваць гістарычныя рэбусы атрымаюць поўную магчымасьць выявіць сваю эрудыцыю, умельства і знаходлівасьць.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0