Лісты ў рэдакцыю
Мяжа і дом
У дзень выбараў расейскай Думы выступаў у эфiры НТВ былы прэм’ер Кiрыенка. Адказваючы на пытаньне пра вайну ў Чачэнii, ён з удаванай рашучасьцю заяўляў, што для аднаўленьня прынiжанай расейскай «гордасьці» трэба «дабіць бандытаў у Чачэніі».
Як i каго дабiваюць расейскiя войскi, паказалi крывавыя падзеi ў Алхан-Юрце, дзе жорстка зьнiшчаныя дзясяткi мiрных жыхароў. Можна не сумнявацца, што ў Чачэнii такiх Алхан-Юртаў не адзiн i ня два. Выходзiць, што «гордасьць» патрабуе людзкой крывi.
Прырода годнасьцi беларусаў і людзей на Захад ад Беларусі iншая. Тут прадмет i падстава нацыянальнай годнасьцi — уласны катэдж, аўтамабiль, свая справа, якая дазваляе забясьпечыць дабрабыт сям’i, карацей, уласны ДОМ. Калi ўсё гэта ёсьць, дык у чалавека, натуральна, зьяўляецца нагода ганарыцца дзяржавай, якая стварыла ўмовы для заможнага жыцьця яе грамадзян. Нездарма перад многiмi дамамi ў Канадзе, Англii, ЗША лунаюць нацыянальныя сьцягi, а над уваходнымi дзьвярыма прымацаваныя нацыянальныя гербы.
Бяда Расеi ў тым, што такога ўтульнага ўласнага ДОМУ ў расейцаў няма. Таму замест упарадкавання ўласнай краiны, сiлы кiдаюцца на экспансiю.
Раней я часта езьдзiў у Маскву. Хаця афiцыйнай мяжы памiж Беларусяй i Расеяй не было, рэальна яна выяўлялася вельмi дакладна. Едзеш улетку цягнiком. Паабапал чыгункi трава скошаная, стаяць стагi — гэта Беларусь. Вакол чыгункi бур’ян ростам з чалавека — гэта Расея. Падворкi «пад шнур» агароджаныя акуратным штакетнiкам — яшчэ Беларусь. Платы зьлепленыя абы-як з розных па шырынi i вышынi дошак — пачынаецца Расея.
Яшчэ ўспамiнаецца, як у канцы 80-х, у гарбачоўскiя часы на адным са зьездаў дэпутат з Кастрамы цi з Разанi ўпiкаў прыбалтаў за iх iмкненьне да свабоды. Ён нiяк ня мог зразумець, чаго яны хочуць: «Мы тут у Расеі жывем шмат горш за вас і маўчым. Што вам не падабаецца?» А яны хацелi толькi аднаго — мець свой ДОМ, куды не заходзiў бы сусед з аўтаматам i не вучыў, як «правiльна» ставiць платы i абкошваць дарогi. З-за таго, што ў Расеi няма свайго ДОМУ, яны сёньня бураць чачэнскi ДОМ. Вiдаць, нездарма iх партыя «Наш дом — Расея» не набрала на апошнiх выбарах галасоў.
Валеры Палсьцюк, Менск
Ці пераступяць «Балтыйскія хвалі» праз палітычную ангажаванасьць?
Прачытаў у першым нумары “НН” артыкул “Папса” Аляксандра Ўрбановіча і падалося мне, што аўтар ня мае рацыі. Наезд на “Маладзёжны канал” (якім бы дрэнным той ні быў) не абгрунтаваны. Па-першае, чый канал? — расейскі! Таму й прапагандаваць ён будзе расейшчыну. (Дарэчы, сам чуў, як нейкі ды-джэй заклікаў беларусаў дасылаць туды кампакт-дыскі беларускіх камандаў.) Па-другое, аўтар піша, што кожны другі званок на “МК” — зь Беларусі. Маўляў, “бліжай, чым праз Маскву, ім, мабыць, неспадручна!..”
Няма тут ніякага “страмленія нашых народаў к ядзіненію”. Жывучы ў такім горадзе, як Баранавічы, ці якіх Ляхавічах, гэта выдатна разумееш. Паглядзіце на званкі — амаль няма зь Менску, усе яны зь невялікіх мястэчак і гарадоў. Бо няма ў нас сваіх FM-станцыяў, як у Менску ці якім Магілёве, Берасьці. У Расеі вакол кожнага абласнога гораду за эфір змагаюцца 2—4 станцыі. І моладзі зь якой Браншчыны тэлефанаваць у далёкую Маскву таксама няма сэнсу — сваё побач. Наша ж моладзь з правінцыі карыстаецца тым, што мае. А калі ігнаруе дзяржаўныя радыёстанцыі, ну дык...
Добра, што зьявіліся “Балтыйскія Хвалі”. Маю надзею, што здолеюць яны пераступіць праз палітычную заангажаванасьць і стварыць сапраўдную эўрапейскую станцыю, якая аб’яднае вакол сябе беларускую моладзь. Тады саўкі застануцца з расейскай папсой, а астатнія пачнуць слухаць беларускі й эўрапейскі рок — гэта й будзе дэмакратыяй і канкурэнцыяй.
Руслан Равяка, Баранавічы
Мар’іна Горка ня горшая за Сьветлагорск
У нумары ад 20 сьнежня мінулага году ў артыкуле «Мой сьветлы горад» была выказана думка, што Сьветлагорск «лепшы горад у Беларусі -- тут няма помніка Леніну». Сам я родам з Блоні (гэта каля Мар’інай Горкі). Дык вось жа, я сьцьвярджаю, што лепшы горад — гэта Мар’іна Горка. Тут помніка правадыру ўсясьветнай галайстры няма ўжо другое дзесяцігодзьдзе. Так! Каменную глыбу з нацысцкім ускідам рукі з пляцу паміж райвыканкамам і будынкам райкаму зьнесьлі ў сярэдзіне 80-х. Тады спатрэбілася рэканструяваць будынак раённага дому культуры, і абгаджаны нацыяналістычна настроенымі варонамі помнік некуды прыбралі. Відаць, каб не раздушыў яго які-небудзь бульдазэрыст, кіраваны голасам продкаў. І вось дзіва! Да сёньняшняга дня няма ў Мар’інай Горцы жалезабэтоннага клясыка марсізму-лунанізму. Можа таму тут такі моцны Малады Фронт.
Анатоль Грыхуцік, Менск
Не літоўска-беларуская, а беларуская
Яшчэ й дагэтуль ёсьць у нас гісторыкі, якія называюць ВКЛ Літоўска-Беларускай дзяржавай, маючы на ўвазе, што ВКЛ належала ў першую чаргу жамойтам, а не беларусам. Матыў зразумелы — жаданьне не пакрыўдзіць нашых суседзяў. А ў чым крыўда? Жамойты не былі гаспадарамі ВКЛ. Іхная культура ніяк не ўплывала на агульнае аблічча ВКЛ, і суб’екты іх нацыянальнага жыцьця не выходзілі далей гэтага жыцьця, не рабіліся агульнымі для ВКЛ.
Называючы ВКЛ беларускай дзяржавай, мы называем рэчы сваімі імёнамі. І гэта ніякая ня крыўда. Жамойты хочуць, каб іншыя іх паважалі і клапоцяцца пра свой маральны камфорт. Сумняваюся, што яны пры гэтым самі імкнуцца «нікога не пакрыўдзіць» і самі называюць ВКЛ Літоўска-Беларускай дзяржавай. Упэўнены, для іх ВКЛ — адназначна Летувіская дзяржава, а Беларусь — толькі правінцыя гэтай дзяржавы.
Лічу, што ВКЛ можна называць толькі «Беларуска-Літоўскай дзяржавай».
Віталь Станішэўскі, Менск
Калядныя ўспаміны пра бабулю Зоню
Койданаўскі Кальвінскі Збор аказаўся нетрывалы, як і ўся матэрыя. Напачатку тыя пабудовы былі і як храм, і як школа, і як асьветны цэнтар, і як крэпасьць. Ці праўда, ці не, але старыя койданаўцы кажуць, што яшчэ да вайны быў падземны пераход з Кальвіншчыны аж да Рубяжэвічаў (гэта кілямэтраў з дваццаць), куды набожныя бабкі хадзілі да касьцёлу. Пераход той асьвятляўся і вэнтыляваўся.
Ці хадзіла я па тэй Гаштольдавай гары, ці бачыла тыя равы ды замкі — ня памятаю... Мо й не ступала там мая нага, бо не адгукаецца родным болем у душы тая мясьціна, як, скажам, адгукаецца Востраў.
— О, да нас усе йшлі адусюль, бо ў хаце музыка была, і ўсе сьпявалі, — прыпомніць Бабуля Зоня даўнейшую вольніцу ў Востраве, калі мы зь Веранікай паехалі да яе ў адведкі на Каляды.
— А якая ў Вас музыка была?
— Усякая. І мандаліна, і гітара, і скрыпка, і гармошка.
— А якія Вы песьні сьпявалі?
— Усякія. І рэвалюцыйныя, і калядныя, і вельканоцныя.
Але і з Кальвінскага Збору не чуваць было нашых песень, бо гэта была спроба прышчапіць хоць і правільную, але чужую культуру для нашага Краю. Разбурыўся Кальвінскі Збор, бо вечныя толькі тыя пабудовы, якія будуюцца на вякі. Храм душы — вось тое вечнае збудаваньне, якое, як Максімаву «Пагоню», не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.
І ў нас, на нашай сустрэчы беларусаў-ліцьвіноў «Літва-99», была «Пагоня» зь вершнікам на белым кані. Па маёй просьбе Віталік вышыў яе з старых палітонаў, што назьбірала за сваё доўгае жыцьцё Бабуля Зоня. Лепшыя Ёгі — гэта мае бацькі, а найлепшы Ёг — Бабуля Зоня. Прызнаюся я тут сваім чытачам у гэтай ісьціне, хоць і была ня раз бітая сваімі блізкімі ўсяго толькі за тое, што імкнулася ўзаконіць тыя нормы маралі, па якіх яны папраўдзе жылі. Бабка Зоня змагла дажыць у гэтым вар’яцкім сьвеце аж да 88 гадоў, а галоўнае — захаваць і ясны розум, і ясную памяць толькі таму, што, дзякуючы галыцьбе й нястачы, напоўніцу мабілізавала свае нутраныя рэсурсы, так як гэта рабілі індыйскія Ёгі — нашыя далёкія прашчуры...
— Гэта ж такое Дабро! Дабро прападае! — казала яна на старыя, паедзеныя мольлю анучы, што гнілі ў ейным сутарэньні.
...Такой, мабыць, я й запомню яе... Прыехалі мы зь Міколкам ды Веранікай памагчы ёй дастаць тое дабро з сутарэньня. І Вось Бабуля сабрала апошнія сілы, бо ёй і па хаце хадзіць надта цяжка, і, нязграбна махаючы рукамі, нібы параненая птушка крыльлем, паляцела з трэцяга паверху ў вырай. І дасталі мы тое дабро. Пасьля, як наведвалі Бабулю, усё цягалі зь Менску ў Койданава тыя анучы, якія Бабуля кожную старанна перамыла, перадзьмухала, «каб не валачы цьвіль табе ў хату». А мой сын Віталік выштукаваў з тых анучаў раскошны палавік на нашую цэмэнтавую падлогу ў новы пакой і ўжо згаданы дыванок з Пагоняй. Ну й выдатна! Бо дзе ж тут набярэсься тых мільёнаў на крамныя чужыя дываны?! А тут жа — душа ўкладзена, а галоўнае — Бабуліна Праца не прапала. Яна нават памаладзела ад Радасьці, калі я сказала, якое прымяненьне я знайшла ейнаму дабру. Радасьць — гэта завершаны дах збудаванага Храму Душы. Такія вось носьбіты старых завершаных духаў, як Бабуля, патрэбныя дзеля Брацтва, таму Бог і даў ёй такі доўгі век на Зямлі, хоць такія патрэбныя й на Небе. Зрэшты, жывучы на Зямлі, яны ўжо супрацоўнічаюць з Космасам.
Заставалася яшчэ адна напаўразбураная будыніна з ансамблю Кальвінскага Збору на пачатку ХХ ст. Там зьбіраліся сацыял-дэмакраты — гэткія шумныя людзі, якія ўжо ведалі, што нешта трэба рабіць дзеля Агульнага Дабра. А з прыходам бальшавікоў і тую будыніну разабралі, расьцягалі. Пасьля, як расказвала мне Віталькава настаўніца Валерыя Антонаўна, і саму Гаштольдаву гару двойчы зразалі экскаватарамі: у 60-я і 80-я гады. Добра, што намаганьнямі Лявона Ліпеня паставілі памятную шыльдачку: «Міністэрства культуры БССР. Помнік археалёгіі Гарадзішча. Ахоўваецца дзяржавай». Хоць, здаецца мне, на момант устанаўленьня шыльды БССР ужо не існавала. Але ўсё ж добра, што паставілі знак, як вартаўніка ля вечных каштоўнасьцяў, бо дзе б мы страчаліся на Каляды з Адамам Міцкевічам? Лявон Ліпень, добра-ткі паўшчуваўшы мяне за маю ці то дзіцячую, ці то дзявочую легкадумнасьць, сказаў нарэшце, што ня варта шкадаваць камянёў Кальвінскага Збору. І я зь ім цалкам згодная, што ня варта шкадаваць, бо першасная ёсьць Думка. А ў душы ўсё ж шкадую тое каменьне Кальвіншчыны...
Ганна Матусэвіч, Койданава