ПАДЗЕІ

 

Альбом пра Лучанка

Дзяржаўнае аб’яднаньне «Белканцэрт» і фірма «Каўчэг» выдалі шыкоўны фотаальбом, прысьвечаны Ігару Лучанку. Народны артыст СССР Лучанок ніколі ня быў беларускім нацыяналістам, але заўсёды патрыётам Беларусі, і напісаў песьні «Мой родны кут», «Спадчына», «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», а таксама «Ave Maria» на словы Пазьняка. У альбоме надрукаваны ўрывак з кнігі «Басанож па зорках», якую напісаў пра кампазытара дзіцячы пісьменьнік Уладзімер Ліпскі.

 

Лукашэнка-сьвістун

У менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна праходзіць Рэспубліканская выстава народнай творчасьці. Майстры-самародкі з усяе Беларусі паказваюць традыцыйныя й асучасьненыя ручнікі, строі, посуд, лялькі, скарбонкі. Лепшы экспанат — сьвістулька, надта падобная да Лукашэнкі.

 

Midsummer Night’s Dream

У Купалаўскім адбылася прэм’ера спэктаклю паводле п’есы Шэксьпіра «Сон у чарадзейную ноч пасярэдзіне лета». Паставіў яго рэжысэр з Чарнігава Андрэй Бакіраў. У галоўных ролях выступаюць Зоя Белахвосьцік, Мікалай Кірычэнка і маладыя акторы Купалаўскага. Гэта першы для Нацыянальнага акадэмічнага тэатру і ўвогуле для Беларусі выпадак, калі для пастаноўкі ангажуецца замежны рэжысэр. Андрэй Бакіраў быццам бы мае атрымаць ганарар у 5 тысячаў даляраў: айчынным рэжысэрам столькі ня плацяць.

Юрась Барысевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0