Чачэнцы перайшлі ў наступ

 

Не пасьпелі пасохнуць чарнілы на апошніх ельцынскіх загадах, не пасьпеў яшчэ Пуцін пагарцаваць у новай якасьці «выконваючага абавязкі», як Грозны разам з суседнімі аўламі Алхан-Кала ды Алхан-Юрт і горад Аргун ізноў цалкам перайшлі ў рукі чачэнскага войска. У расейскіх каляпалітычных і журналісцкіх колах ізноў загаварылі пра сцэнар 96-га году. Тады вялікая групоўка расейцаў была заблякаваная ў Грозным і зьнішчаная дазваньня...

Цяпер расклад сілаў усё ж іншы. Чачэнскіх жаўнераў значна менш, і ўся Чачэнія амаль зруйнаваная бомбамі. Аднак расейскі бліцкрыг не прайшоў. Чачэнцы прарвалі блякаду сваёй сталіцы. 3 і 5 студзеня прарывы адбыліся на ўсіх накірунках. У выніку перадавыя часткі расейскіх войскаў апынуліся зноў у аблозе. Толькі паводле афіцыйных зьвестак, перададзеных Інтэрфаксам, загінула 78 і паранена 155 расейцаў. Аднак нават самыя патрыятычныя агенцтвы Расеі ставяцца да гэтых лічбаў падазрона. Спалучаючы розныя зьвесткі, можна, аднак, зразумець тое, што страты з боку расейцаў узрастаюць удвая. Штодня гінуць і калечацца дзясяткі жаўнераў. Невыпадкова ў Маздок перакінуты сёньня й пераносны шпіталь «Скальпэль», створаны ў самалёце Іл-76. Зь ягонай дапамогаю, згодна з афіцыйнай расейскай вэрсіяй, вайскоўцы, якія атрымалі цяжкія раны, будуць апэратыўна дастаўляцца ў Расею. Але і раней параненых пасьпяхова звозілі авіяцыяй. А тут раптам «Скальпэль»...

Расейцы ды іхныя памагатыя на чале з крымінальнікам Гантэміравым, змушаныя адыйсьці на тыя пазыцыі, зь якіх да Калядаў, больш як тры тыдні таму, пачыналася аблога чачэнскай сталіцы. Больш за тое, чачэнскім сілам пашчасьціла прарвацца ў даўно «зачышчаныя» раёны. Напрыклад, узнавіліся жорсткія баі ў «спакойным» Старапрамыслоўскім раёне. Цяпер, атрымаўшы выйсьце з гораду, у раёне аула Каралы й станцыі Ярмолаўка, чачэнцы наўпрост злучыліся са сваім асноўным войскам у ваколіцах Урус-Мартана. Усёй гэтай пераможнай апэрацыяй кіравалі вядомыя камандзіры Арбі Бараеў і Шаміль Басаеў, пра якіх расейцы днямі абвясьцілі, што яны «забітыя»...

Пра выверты ваеннае прапаганды ўжо ня раз пісалі ў самой Расеі. Гэтак, рапарты пра перамогі ў Старапрамыслоўскім, Шалінскім і Нажай-Юртаўскім (на мяжы з Дагестанам) раёнах апынуліся папросту хлусьнёю. Райцэнтры там і большыя часткі саміх раёнаў ізноў цалкам кантралююць чачэнцы. Як кажуць расейскія вайскоўцы, толькі пры «спробе прарыву было забіта больш як 500 чалавек». Але ж месяц таму яны казалі, што чачэнскіх вайскоўцаў там блізу 2000!.. Расейская прэса й публіка пачынаюць раздражняцца.

Натуральна, казаць пра перамогу чачэнскіх вызвольных сілаў рана. Але, што пэўна, ніякія расейскія сьцягі ня будуць лунаць над гарамі Ічкерыі праз два месяцы, як гэта паабяцаў былы прэзыдэнт Расеі Ельцын у Ізраілі. Свайму спадкаемцу ён пакінуў цяжкую спадчыну і словамі ён яму ўжо не дапаможа. У чачэнцаў хапае моцы, каб прарваць суцэльнае кола блякады й біць расейцаў у тылах.

Што будзе далей? Гэтае пытаньне ўсё часьцей мільгаціць у расейскіх мэдыях. «У чаканьні Будзёнаўска», — гэтак назвалі свой артыкул апошія «Известия». У Расеі выбар невялікі. Альбо дарэшты спляжыць Грозны, разам з тысячамі мірных жыхароў, якія ня здолелі ці не схацелі пераходзіць, фактычна, у расейскі палон. Альбо перагрупаваць свае войскі, мірыцца са стратамі, узнавіць блякаднае кальцо і мэтадычна абстрэльваць горад, чакаючы, пакуль чачэнцы ня вымерхаюцца. Абодва варыянты рэалістычныя, але не рэальныя. Бо хто возьме на сябе адказнасьць за такія загады?

Чачэнскі бок, са словаў агенцтва «Каўказ-цэнтар», паведаміў учора, што за апошнія два дні йшлі цяжкія баі за паселішча Дуба-юрт. У выніку баёў загінула 150 расейцаў, спалена 5 адзінак бранятэхнікі. Захопленыя тры БМП. Расейцы змушаныя былі сыйсьці на ранейшыя пазыцыі ў ваколіцы вёскі Старыя Атагі...

Падобна, што Ельцын, сам падмануты сваімі «ваенпалітамі», пасьпяшаўся здаваць Пуціну справы, міжволі «падставіўшы» яго. Іхнымі праціўнікамі яшчэ не задзейнічаная пакуль «чачэнская карта», з «праваахоўнікамі», «салдацкімі маткамі», «свабодай слова» і г. д., чаго і варта цяпер чакаць. Дазнаемся багата. А да выбараў прэзыдэнта Расеі ўсяго тры месяцы...

Гары Куманецкі 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0