СІЛА СТРАХУ

Перамовы з рэжымам у 2000 годзе

Якi ўжо год беларуская апазыцыя чакае ад уладаў РБ крокаў да прымірэньня і заклiкае да дыялёгу. Але выніку няма.

Чаму? Рэжым ня ведае iншае мовы, апроч мовы сiлы. Нязгодныя галасы ён звык лічыць не на выбарчых участках, а ў міліцэйскіх пастарунках. Нацыянальную элiту брутальна выпхнуў зь дзяржаўнага жыцьця. Усё гэта адбываецца таксама таму, што Захад зьвяртае ўвагу на Беларусь, толькі калі бачыць кроў на менскім бруку, а Масква пачынае сумнявацца ў Лукашэнку, толькі калі тут паляць расейскія трыкалёры.

 

Дзяржаўны паразытызм

Маральных стымулаў да кампрамісу рэжым не разумее, матэрыяльных -- не прадбачыць. Рэжым баіцца, што кампраміс з апазыцыяй, нават у найменшым, змусіць яго ў будучыні да саступак у большым, а ўмацаваньне апазыцыі дасьць ёй лепшы грунт для большых патрабаваньняў. А пасьля беззаконьняў 1994—1999 гадоў рэжым засьцерагаецца найбольш «эфэкту даміно» — які можа прывесьці з калідораў улады на лаву падсудных.

У палітыцы Лукашэнкі можна знайсьці лёгіку толькi пры ўмове, што Беларусь для яго — сродак дасягненьня нейкіх іншых, прыватных мэтаў. Пры гэткай стратэгіі «дзяржаўнага паразытызму» саступкі ў справе эканамiчных і палітычных свабодаў, лічаць ва ўладзе, паслабяць кантроль над краiнай, прымусяць лічыцца зь беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі. Калi Лукашэнка з камандай зьбiраюцца перабрацца ў Маскву, дык усё, што iмі робiцца, набывае сэнс — а саступаць камусьцi сапраўды не пасавала б для такiх мэтаў.

Вось адкуль нягнуткасьць афіцыйнай пазыцыі — маўляў, калі йдзе гандаль Беларусяй, дык нашто рабіць кампрамісы дзеля Беларусі?

З гледзішча апазыцыі першаснай падставай палітычнага кампрамісу маглі б стацца менавіта гарантыі захаваньня нацыянальнай дзяржаўнасьці — адмова ад стратэгіі «паўзучай інкарпарацыі» ў Расею. Пэўнасьць у тым, што рэжым сапраўды не зьбіраецца здаваць краіну Крамлю, пакінула б для апазыцыі істотна меней матываў «разгойдваць човен». Тады, даўшы гарантыі незалежнай нацыянальнай дзяржаўнасьці, Лукашэнка мог бы і сам чуцца больш упэўнена ў справе лібэралізацыі дзяржаўнага ладу — не засталося б прычынаў для «палітычнай помсты».

Але сувязь між верагоднымі крамлёўскімі марамі і палітычнай рэчаіснасьцю ў Менску не абавязкова такая простая. Бо крамлёўскія амбіцыі не вымагаюць гэткае зацятасьці, якую дэманструе рэжым. Адкуль такая зацятасьць? Навошта антаганізаваць супраць сябе ўсю беларускую палітычную супольнасьць? Выглядае, што па-за чыімісь стратэгічнымі мэтамі і марамі на шляху да пагадненьня створаная больш прынцыповая перашкода: рэжым сьвядома абраў такое поле «палітычнае гульні», кампрамiс на якім проста загадзя пазбаўляецца сэнсу.

 

Страх замест папулярнасьці

Перамовы з апазыцыяй мусілі прывесьці да справядлівых выбараў у органы ўлады, якія б мелі рэальныя паўнамоцтвы. Але навошта рэжыму такія выбары? Нашто яму iсьцi на саступкi i дзялiцца ўладай, калi альтэрнатыва кампрамiсу — страх — так танна яму каштуе?

Страх сярод бізнэсмэнаў падтрымлівае памяць пра Кудзінава і Клімава, страх сярод журналістаў — пра Шарамета, сярод пісьменьнікаў — пра Адамовіча, сярод моладзі — пра Лабковіча-Шыдлоўскага, сярод палітычных актывістаў — пра Захаранку й Ганчара, сярод рабочых — пра мэтрапалітэнаўцаў, сярод аграрнай эліты — пра Старавойтава... Любую палёгку апанэнту рэжым разглядае як страту для сябе. Любая ж саступка з супрацьлеглага боку (i сам факт перамоваў) разумеецца рэжымам як прыкмета слабасьцi апанэнтаў — i, значыць, сваёй сiлы.

Рэжым ня будзе гандлявацца з апазыцыяй, пакуль яму таньней будзе проста ўсё адбіраць. Рэжым ня будзе шукаць падтрымкi на выбарах, пакуль яму прасьцей будзе абапірацца на прымус.

 

Апошні рубеж апазыцыі

Апазыцыя ж падышла да мяжы, за якой ня можа быць кампрамiсаў, бо ўжо няма чаго саступаць. Гандлюючы з Лукашэнкам, частка апазыцыі прайшла спачатку праз такую «памяркоўнасьць», што была глупствам, потым праз «памяркоўнасьць», што была маладушнасьцю, цяпер засталася толькi такая, якая завецца «здрадай» — блаславеньне беззаконьня ўладаў. Далей адступаць няма куды.

Вось жа, пры любых раскладах, пры любой міжнароднай атмасфэры беларуская грамадзянская супольнасьць нiколi не адрачэцца свайго iмкненьня да павагі натуральных чалавечых правоў і інтэграцыі ў Эўропу. Гэтак жа, як нiколi не акцэптуе цэнзуру думкі і зьдзек з культурнай традыцыі.

 

Што далей?

Зыходзячы з сказанага, прадказаць разьвiцьцё «гульнi» няцяжка.

Пагадненьне па выбарах патрэбнае для Беларусі, і мы будзем цьвёрда дамагацца справядлівага вырашэньня гэтай праблемы. Але апанэнты рэжыму сьведамыя, што рэальны кампрамiс у Беларусі зьдзейсьніцца толькі тады, калі будзе пакладзены канец угрунтаваньню ўлады на рэпрэсіўнай сiле, калі гэтая сіла перастане быць палітычным сродкам. А так станецца толькі тады, калі рэжым упэўніцца, што апора на рэпрэсіі для яго рэальна даражэйшая за палiтычныя саступкi — напрыклад, дасьць пра сябе знаць унутраны грамадзкi супрацiў або ціск звонку. Пакуль рэжым ня верыць у магчымасьць пакаштаваць «бізуна», любыя «пернікі» будуць ім глытацца безь якогась станоўчага эфэкту. Але ўлада, што прызвычаiлася трывала карыстацца сілай i разумець адно мову сiлы, відавочна спараджае агульную небясьпеку — спыніць яе трэба да таго, як яна напаткае такi самы адказ.

Мікалай Пачкаеў, сябра дэлегацыі Партыі БНФ на перамовах


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0