Віцебскі бунтар

Мастак, фатограф, мастацтвазнаўца, калекцыянэр, краязнавец, археоляг... Безь яго цяжка ўявіць беларускі Віцебск... Безь яго цяжка ўявіць нацыянальны асяродак Падзьвіньня... У «Нашай Ніве» друкаваліся ягоныя здымкі... Пры канцы лістапада ён, Алесь Мемус, разгарнуў у віцебскім мастацкім музэі вялікую выставу «Ўрокі акварэлі».

 

Пра род:

«Ішла вялікая кампанія перасяленьня народаў на Далёкі Ўсход, пад якую трапілі й мае бацькі. Мне ў той час было два гадкі. Мы ехалі да Ўладзівастоку больш за месяц. Сьледам за пасажырскім эшалёнам ішоў цягнік з жывёлаю й фуражом. З Уладзівастоку да Камчаткі праз два моры, акіянам плылі дзевяць сутак. Гэта была вясна 1941 году... Народ ехаў з мэтай палепшыць сваё жыцьцё. У параўнаньні з усёй краінай перасяленцы там атрымлівалі добрыя заробкі — 1,5—2 тысячы рублёў у месяц!

Дарэчы, беларусы былі першымі пасяленцамі ў адведзеным нам рэгіёне Камчаткі. Расейцы прыехалі толькі праз 10 гадоў пасьля нас. Усе тры навакольныя вёскі былі беларускія, і ўсё насельніцтва гукала тут на роднай мове. Такая маленькая Беларусь сярод вулканаў! Празь некалькі месяцаў нават мясцовыя абарыгены падхапілі нашу мову. А з мовы расейскіх перасяленцаў спачатку нават сьмяяліся, дзівіліся, што яны так гавораць. Рэальная русіфікацыя адбылася тады, калі пачалі ствараць школы, прыйшлі падручнікі на расейскай мове... Часам даходзіла да абсурду. Так настаўніца пачала мяне спраўляць: «Говори не «тата», а «папа»! Я прыбег дадому й спытаў у маці, дзе папа. На што маці вельмі зьдзівілася і перапытала: «Якая «папа?» Я засаромеўся настолькі, што пэўны час ніяк ня зваў свайго бацьку. Мая маці была з нараджэньня сялянка, але паходзіла са зьбяднелай шляхты. На ўсё жыцьцё яна засталася беларускамоўнаю. Пра мову яна не разважала, але ўся яе пастава да сьмерці выпраменьвала непахісную высакароднасьць.

Дый тыя людзі, што засталіся жыць у Прусах, здолелі захаваць сваю годнасьць і чысьціню мовы. У гэтым я ў чарговы раз пераканаўся, калі прыехаў на пахаваньне свайго бацькі, які памёр ужо на Радзіме. За памінальным сталом гучала толькі беларуская мова. Ад простых людзей я ня чуў ніводнага мацернага слова. Гэта чысты народ.

Бацькі мае пражылі на Далёкім Усходзе да самай пэнсіі, амаль 35 гадоў. Але заставацца там надалей бацька не схацеў. Спачатку пераехалі ў Новамаскоўск каля Днепрапятроўску ва Ўкраіне і пражылі там 8 гадоў. Калі мае заразьлівыя размовы пра Беларусь зрабіліся нясьцерпным начным болем, бацька вырашыў вярнуцца на Радзіму.»

 

Пра лёс:

«Адразу пасьля заканчэньня дзесяцігодкі я паступіў у мастацкую вучэльню ва Ўладзівастоку. У яе прымалі пасьля 7-гадовага навучаньня, і таму па ўзросьце я там быў ужо старэйшы. Усё навучаньне было скіраванае на мастацтва. Асаблівае задавальненьне прыносілі двухмесячныя пленэры, якія праходзілі ў славутай сярод мастакоў бухце Сідзімі (на мяжы з Карэяй). Мора, скалістыя горы, субтрапічная флёра, зьмеі, рыбацкія шхуны...

А ў Акадэмію прыехаў паступаць, калі мне ўжо было пад 30. За кампанію паехаў у Ленінград са сваім яраслаўскім сябрам Жэнем, які сабраўся падаваць дакумэнты ў Акадэмію мастацтваў на мастацтвазнаўчы факультэт. Я захапіў з сабой свае малюнкі, але больш думаў, як добра можна бавіць у паўночнай сталіцы Расеі час. Ды чамусьці я ня толькі паказаў свае працы, але й падаў дакумэнты. Хоць сам сабе лічыў усё гэта авантурай. Жэня, праваліўшыся на першым іспыце, кінуў і Ленінград, і мяне ў ім на самоце, якая нечакана перарасла ў маю ўдачу — у сьпісе прынятых у Акадэмію я з хваляваньнем убачыў сваё балтыйскае прозьвішча.

Спачатку я быў крыху расчараваны Акадэміяй. Пасьля Ўладзівастоцкай мастацкай вучэльні мяне зьдзівіла адсутнасьць тут вартага выкладчыцкага асяродку. Вучыліся самі ды адзін у аднаго, але ратаваньнем і асноўнаю школаю былі старадаўнія майстэрні графікі (афорту, літаграфіі, дрэварыту), шчодра тэхнічна абстаўленыя, не абмежаваныя для працы часам.»

 

Пра Бел:

«У мяне зь дзяцінства недзе ў глыбіні душы прабіваліся парасткі сьвядомасьці беларуса. Ужо ва Ўкраіне, куды езьдзіў да бацькоў, я востра адчуў адказнасьць за сваю нацыянальную прыналежнасьць. Хвароба русіфікацыі цьвіла і там, але ўпершыню ў размовах з падпітаю мастацкаю браціяй Днепрапятроўску я зразумеў, што духоўны супраціў ня толькі жыве тут, але і разгортвае крылы. У Ленінградзе мне зрэдку трапляліся беларусы, але ўжо яны былі бяз гэтага «гаючага» супраціву ў душы, які па-здрадніцку выціскаўся подлым скепсысам да свайго. Але аднойчы занесла мяне ў Доме Кнігі на Неўскім у аддзел «Літаратура на мовах народаў СССР». Крыўдна мне неяк стала, падумаў, наўрад ці тут будуць кнігі на беларускай мове. Зайшоў і ўбачыў беларускі куточак. І што мяне асабліва ўразіла — людзі тоўпяцца каля прылаўка й нават кніжкі купляюць. Я акрыяў. Набыў сабе кніжку Максіма Танка і стаў вучыцца мовы. За 30 гадоў адзіноты на чужой моўнай ніве ад яе засталося ў душы хіба толькі хвалюючае трымценьне. Маці была маім першым перакладчыкам. Потым пазнаёміўся зь піцерскімі беларусамі, здабыў сабе слоўнік. Такое багацьце на той час! Мне здавалася, што я набыў Радзіму. А потым стаў езьдзіць у Беларусь кожнае лета. З захапленьнем чытаў Янку Купалу. Нават аднойчы хацеў Акадэмію кінуць і ехаць жыць у Нясьвіж. Ён мне асабліва спадабаўся ў час адной з маіх вандровак. А калі Акадэмію скончыў, адразу заяўку падаў у Беларусь. І стаў ужо (сам з сабою) гукаць па-беларуску...»

 

Пра боль:

«У Віцебск і ў Беларусь я ўпершыню прыехаў у 1972 годзе. Выйшаў зь цягніка, і мовы ня чую. Гэта для мяне была сапраўдная траўма. Памятаю, я нема пераходзіў з трамваю ў трамвай, з аўтобуса ў аўтобус і ехаў бяз мэты, наставіўшы вушы, ловячы час ад часу да болю рэдкія рэшткі родных гукаў, у якіх была хіба яшчэ недабітая інэрцыя, але і знаку не было ўжо ні ратавальнае энэргіі, ні стваральнае волі. Была капітуляцыя, паўсюдная, ганебная, здрадніцкая, непапраўдна абразьлівая...

У час маёй вучобы ў Акадэміі там яшчэ выкладаў М.Керзін, якому было ўжо за 90 гадоў. Калі зачытвалі разьмеркаваньне і абвясьцілі, што Мемус едзе ў Віцебск, ён раптам ажывіўся, падышоў да мяне і, паціскаючы маю руку, у нейкім старэчым экстазе дадаў: «Вы шчасьлівы чалавек, што будзеце жыць у Віцебску. Мяне ж там кожны сабака ведае...» Віцебск быў першай радасьцю і першым болем, можа, таму яго і выбраў.

Віцебск уразіў мяне сваёй гістарычнай спустошанасьцю, маральным прыніжэньнем рэшткаў старасьвеччыны.»

 

Пра бунт:

«Кватэра ніяк ня мелася быць, інтэрнат, які мне прапанавалі як выкладчыку мастацка-геаграфічнага факультэту, падаўся ратункам. На факультэце найперш кінуўся ў вочы ненатуральны для мастацкага асяродку парадак, адсутнасьць бародаў, праяваў творчае волі ў адзеньні. Аказалася, дэкан «абразаў» парасткі такое волі на карані. Мяне папярэдзілі: давядзецца пагаліцца таксама. Але я ўпарта настойваў на сваіх правах. Гледзячы на мяне, і студэнты пачалі бунтаваць.

Мяне некалі бацька вучыў: у гэтым сьвеце трэба жыць «радавым» чалавекам. Ці за «лычкам» пагонісься, ці за «зорачкай» — лічы прапаў. Людзі становяцца нявольнікамі ўсяго гэтага. Я ж заўсёды імкнуўся быць незалежным ад пасадаў, званьняў, саюзаў, суполак... Дый у творчасьці не прытрымліваўся ніякіх стылістычных і тэхнічных межаў, увесь час мяняючы малюнак і пастэль на акварэль і наадварот.

Беларусь?.. На маім акварэльным аркушы «Белая жаробка», створаным у 1995 годзе, яна зь перабітымі ножкамі... Перад ёю завялыя кветкі... за ёю стаптаная гісторыя... Але жаробка скача!»

Запісаў Міхась Цыбульскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0