Паштовая скрынка

 

Пятру К. зь Берасьця. «Наша Свабода» зарэгістраваная, але, каб пачаць выходзіць, ім трэба знайсьці сабе «юрыдычны адрас». Тымчасам на Новы год у менскай рэстарацыі «Белая Вежа» праводзілі рэклямную акцыю «Нашай Свабоды»: сп.Харанека паднімаў 40-кіляграмовую бочку зь півам замест гіры. Узьняў ён яе 3150 разоў.

Барысу С. з Іскры. Пад «сатанінскімі знакамі» Вы, трэба думаць, разумееце тыя зорачкі, што абазначаюць пачатак вершаў на старонцы «Варштаты». Аднак жа, пяціканцовыя зорачкі ніяк нельга лічыць нейкім д’ябальскім знакам. Скажам, пяціканцовыя зоркі ёсьць у гербе Італіі, на зямлі якой стаіць Ватыкан, на сьцягу ЗША. Мяркуем, аднак, што сатанінства сядзіць у душах, а ня ў целах, і выяўляецца ўчынкамі, а ня сымбалямі.

Руслану Р. з Баранавічаў. Як для кароткага апавяданьня, замала дзеяньня, канфлікту, інтрыгі, нечаканасьці. Як для сагі ці казкі, задоўга і залітаратурна. Ад тэксту трэба адразаць усё, што нельга не адрэзаць.

Сяргею Г. зь Берасьця. «Нечакана поле скончылася». Гэтак не бывае. «Чысты і ідэальны юнак Міхась у войску сутыкаецца з чэрствасьцю і хамствам. Яго мучыць асілак-«дзед» Калян. Неяк пад раніцу Каляна знаходзяць у койцы з нажом у грудзях. Міхась уцякае і бяжыць полем і лесам», — вось кароткі зьмест Вашага апавяданьня. Усё тут правільна. А так не бывае.

Анатолю Г. зь Менску. Мы схіляем галовы перад тым, што Вы не баіцёся такія думкі сваім імем падпісваць.

Групе работнікаў гуты «Кастрычнік» зь Елізава. Абвінавачаньні, пра якія Вы пішаце, вельмі важкія — калі сапраўды скрадзена 20 кг плаціны. Расьсьледаваць гэткія абвінавачаньні мы можам толькі тады, калі ліст будзе не ананімным.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0