Навіны

 

Галодныя зімы калгасу імя Мічурына

У калгасе імя Мічурына, што на Астравеччыне, у сховішчах засталося толькі 70 тон збожжа. А на патрэбы штомесяц неабходна пад 50 тон. Каб нашыя дзяды паўставалі з магілаў і пабачылі, як жыве Заходняя Беларусь праз 60 год савецкай улады!

Мар’ян Вянгроўскі

 

Турко — найлепшы балетнік

Учора позна ўвечары ў Вялікім тэатры абвесьцілі імя ляўрэата прэміі «Філіп Морыс» лепшым артыстам балету за 1999 год. Абралі зусім маладзенькага танцора — Аляксея Турко за партыю Тарэра ў «Кармэн-сюіце». Ён у тэатры толькі з 1998 году, а прыйшоў зь Менскае харэаграфічнае вучэльні. Атрымае ён 5000 даляраў, а пяць ягоных супернікаў — па суцяшальных 500 даляраў.

Алена Данэйка

 

Шарамеціха versus Шарамет

Сорак жанчынаў, мужы, сыны ці сваякі якіх пацярпелі ад перасьледу афіцыйных уладаў, стварылі «Жаночую ініцыятыву» — арганізацыю ўзаемадапамогі. У ініцыятыўную групу ўвайшлі Арына Вячорка, Тацяна Клімава, Любоў Шчукіна, Тамара Хашчавацкая, Люцыя Халіп, Людміла Шарамет, Сьвятлана Лявонава, Сьвятлана Лябедзька, Тацяна Статкевіч, Галіна Шарэцкая, Галіна Сіўчык. Жанчыны найперш прынялі заяву пратэсту супраць зьбіцьця ў вязьніцы Андрэя Клімава і заяву пра ганебнасьць беларуска-расейскага саюзу. Пад другою заяваю паставіла свой подпіс і Галіна Шарамет, маці славутага маскоўскага дыктара.

 

У Сібір, каб не пішчэлі

16 студзеня ў Барысаве 10 чалавек выйшлі на несанкцыяваны пікет на цэнтральны пляц гораду, каб выказаць пратэст супраць парушэньня правоў чалавека ў краіне і зьвярнуць увагу людзей на палітычны працэс над Чыгіром. Праз 26 хвілінаў пад’ехалі тры міліцэйскія машыны і забралі Анатоля Аскерку, Генадзя Гаўрусева, Аляксандра Абрамовіча і Аляксандру Ясюк. Усіх затрыманых завезьлі ў ГАУС, склалі пратаколы і праз паўтары гадзіны выпусьцілі. Складаў пратаколы і кіраваў затрыманьнем капітан Кірын. Ён хваліўся затрыманым, што ўдзельнічаў у штурме Грознага пад час першай чачэнскай вайны, абяцаў, што Пуцін з Лукашэнкам навядуць парадак, а Анатоля Аскерку, які ў пастарунку патрабаваў перакладчыка, пагражаў выслаць у Сібір.

 

БНФ гукае “Вясну—2000”

Сойм БНФ у суботу ўвагу скіраваў на падрыхтоўку масавых акцыяў увесну 2000 году, пачынаючы з акцыі прафсаюзаў у абарону прадпрымальнікаў, Дня Сьвятога Валянціна, акцыі беларускіх вэтэранаў вайны ў Аўганістане 15 лютага. Галоўнымі веснавымі акцыямі стануць Дзень Канстытуцыі, Дзень Волі і Чарнобыльскі Шлях, а таксама гадавіна антыбеларускага рэфэрэндуму 14 траўня. БНФ заклікае ўсіх далучацца.

Аляксей Шэін

 

Лявонаву далі 4 гады

Былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава судзьдзя Чартовіч прызнаў вінаватым у хабарніцтве й крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці й пакараў чатырма гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Прысуд Чартовіч зачытваў гадзіну. Па бальшыні абвінавачаньняў Лявонава апраўдалі, аднак рэшты аказалася дастаткова, каб адправіць былога міністра ў турму. Быццам бы Лявонаў атрымаў як хабар або скраў харчоў і рэчаў на 115 тыс. дэнамінаваных рублёў — каля 140 даляраў ЗША. Такая сума лічыцца асабліва буйной. Больш за два гады, якія Лявонаў правёў у сьледчым ізалятары, яму залічаныя. Такім чынам, былы міністар выйдзе на волю не пазьней за 11 лістапада 2001 году. А калі будзе добра паводзіцца ў калёніі, дык і на паўгады раней.

Калі беларуская савецкая намэнклятура і мае нейкі сымбаль, дык ім стаў Лявонаў, чалавек, які зрабіў бліскучую камуністычную кар’еру, які перамяніў погляды пад уплывам убачанага пад час працы ў Нямеччыне і прыйшоў да перакананьня ў вартасьцях беларускае незалежнасьці і рынкавай эканомікі. І трапіў у абцугі той самай сыстэмы, якую каваў і гартаваў.

Адказваючы пасьля суду на пытаньні журналістаў, ён сказаў, што за краты яго ўпёк асабіста Лукашэнка, але адмовіўся прызнацца, за што гэтая помста.

Барыс Тумар

 

Зь Вены

У Вене, дзе праходзіла штогадовае паседжаньне Сталага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе, разглядалася пытаньне Беларусі. Вярхоўны Савет РБ у палацы Гоўбург прадстаўлялі Сямён Шарэцкі і ягоны намесьнік Анатоль Лябедзька. Ад групы АБСЭ выступіў са справаздачай сп.Севярын, і адбылася дыскусія. Прадстаўнікі Расеі і Кіргістану выступілі ў абарону афіцыйнага Менску і прапанавалі даць слова Канаплёву, які таксама прыехаў у Вену. Аднак прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ спн.Дэйн адмовіла, патлумачыўшы, што гэта будзе супраць правілаў і працэдураў, прынятых у АБСЭ. Прадстаўнік жа Славаччыны выступіў з рэзкай крытыкай беларускіх уладаў і прапанаваў скасаваць у рэзалюцыі заклік да кампрамісу бакоў у справе падрыхтоўкі да выбараў. 50 на 50, сказаў прадстаўнік Славаччыны, гаворачы пра сытуацыю ў Беларусі, гэта ўсё роўна, як весьці перамовы перад газавай камэрай паміж катам і ахвярай, і казаць: вы абодва маеце рацыю напалову. Гэтая заява выклікала воплескі ў кіраўніка дэлегацыі Злучаных Штатаў Амэрыкі, віцэ-прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Стэйні Гоера. Анатоль Лябедзька даволі стрымана, але скептычна ацаніў вынік працы групы АБСЭ ў Менску. Ён адзначыў, што ўсе пагадненьні, пад якімі стаіць подпіс Аляксандра Лукашэнкі, так і так не выконваюцца. Лябедзька заклікаў прадстаўніка Расеі і ўсіх сяброў АБСЭ не штурхаць Беларусь у Эўропу праз Маскву, калі ёсьць шлях намнога больш кароткі — праз Буг.

Паводле Радыё Свабода

 

З новым горам

13 cтудзеня 2000 году Аляксандар Лукашэнка выступаў на прыёме з нагоды навагодніх і калядных сьвятаў і выклікаў сярод дыпляматаў шмат плётак. Як кажуць відавочцы-дыпляматы, Лукашэнка выглядаў вельмі стамлёным і нэрвовым. Было бачна, што ён не ў гуморы, што адчувае сябе кепска. Расейскія дыпляматы кажуць, што Ўладзімер Пуцін быццам бы забараніў Лукашэнку паездкі ў расейскія рэгіёны. Калі Лукашэнка прыяжджае ў расейскую губэрню ў рангу прэзыдэнта фармальна незалежнае краіны, дык ён тым самым уздымае мясцовага губэрнатара да свайго ўзроўню, што, як лічыць Пуцін, разбурае цэнтралізацыю ўлады ў Расеі. Зьвярнулі ўвагу і на тое, што Лукашэнка выйшаў на прыём у суправаджэньні аховы.

Найбольш гаварылі з Лукашэнкам пасол ЗША Спэкгард і кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі Вік. Падобна, ні да чаго не дагаварыліся.

Гары Куманецкі

 

зь беларускай Віленшчыны

Вэтэраны супраць аншлюсу

Амаль дзьве гадзіны доўжылася ў мінулую сераду ў Маладэчне акцыя мясцовай філіі Беларускага Дэмаб’яднаньня «Вэтэран». Дзесяць чалавек абступілі камень на Цэнтральнай плошчы, які ляжыць у памяць пакутнікаў за волю і незалежнасьць Беларусі, запаліўшы сьвечкі. Гэтым вэтэраны выказвалі свой пратэст супраць аншлюсу Беларусі.

Мар’ян Вянгроўскі

 

з Пушчанскага краю

Ваўкавыскія цеплавозы

У Ваўкавыску навучыліся ладзіць цеплавозы. Адразу знайшліся кліенты з Расеі. Плацяць страшныя грошы, абы паладзілі — інакш у Сібіры езьдзіць няма чым.

Іван Чапека

 

з Падняпроўя

Акцыянэраў не надурыш

Суполка Свабоднага прафсаюзу ў цяперашнім «сэрцы краіны», Шклоўскім раёне, выйграла два судовыя працэсы запар супраць кіраўніцтва закрытага акцыянэрнага таварыства «Прамень» (колішняя фабрыка надомнай працы).

Тут ужо працяглы час група работніц абвінавачвае дырэктара Сяргея Жалязоўскага ў злоўжываньні службовым становішчам, падтасоўцы дакумэнтаў, прыпісках. А ў прыватнасьці, у тым, што дырэктар прадаваў сваякам маёмасьць акцыянэраў, прычым па заніжаных коштах. Самых актыўных з бунтароў дырэктар проста звольніў. Цікава, што звольненыя, начальніцы цэхаў Алёна Гарунова і Аляўціна Пракапенка, — ранейшы і цяперашні старшыні Праўленьня акцыянэраў. Судзьдзі ж Тацяна Кашкіна і Георгі Дземідзенка спрэчку дырэктара з апазыцыйным прафсаюзам вырашылі на карысьць работнікаў. Супрацоўніцы вярнуліся на працу.

 

Лютаўскі страйк

Звыш 90% гандляроў з рэчавых рынкаў Магілёва падтрымаюць лютаўскі агульнанацыянальны страйк, які мяркуецца распачаць з 1 лютага. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня 1113 чалавек, што гандлююць на рынках Магілёва, — паведаміў лідэр прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Сяргей Фамін.

P.S. Між тым, напярэдадні агульнанацыянальнага страйку ўлады сталі ціснуць на некаторых сяброў прафаб’яднаньня гандляроў. Так, на менскім кірмашы «Дынама» затрымалі 35-гадовага актывіста Свабоднага прафзьвязу прадпрымальнікаў Ігара Намочанку. Яму сказалі, што ён незаконна распаўсюджвае антыпрэзыдэнцкую літаратуру — у прафсаюзным бюлетэні, які ён раздаваў, была карыкатура на чалавека, падобнага да Лукашэнкі.

 

Рэкет па-дражынску

На Магілёўшчыне ўжо практычна адноўленае колішняе сацыялістычнае спаборніцтва. У адрозьненьне ад старых часоў, цяпер улады вырашылі, што цяжар конкурсу больш разумна перакласьці на тых, сярод каго ён і праводзіцца — прынялі рашэньне аб стварэньні спэцыяльнага фонду, у які прадпрыемствы будуць уносіць адпаведныя сумы. Зь іх і пачастуюць пераможцаў на іх уласныя грошы.

 

«Флюгер» і Кася ў Бабруйску

Учора ў Бабруйску ў палацы заводу гуматэхнічных вырабаў сьпявалі Кася Камоцкая і тутэйшая група «Флюгер». Гледачы (каля 250 чалавек) і зь землякоў, і з «Цэпэлінаў» цешыліся. Кася прыехала ў Бабруйск з Познані, дзе выступала на спатканьні беларускай і польскай інтэлігенцыі.

Сымон Глазштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0