пазытывы

Ратаваньне быдла

Пасольства Беларусі ў Чэхіі паведаміла, што наша Міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня аб’явіла тэндэр на закупку пшаніцы, ячменю і кукурузы на агульную суму 40 мільёнаў даляраў.

Больш як дзесяць беларускіх прадпрыемстваў зьвярнуліся ў Прагу па кантракты й былі гатовыя купіць там збожжа. Пакуль прадалі аднак толькі 140 тысячаў тон — дзьве партыі па 70 тысячаў — на 20 мільёнаў. Разьлічыцца за іх трэба за шэсьць месяцаў з моманту продажу — тэрмін пачаў адлічвацца ад сярэдзіны сьнежня.

Дэпутаты лукашэнкаўскага парлямэнту спрачаліся пра дзяржаўны бюджэт ды за сельскую гаспадарку зачапіліся, як п’яны за плот. І грошай ёй мала, і бяда ў яе, і злачынцаў трэба пасылаць у вёску на выхаваньне. Дапамагаюць, як умеюць.

Радасна паведамляюць пра шчодрую дапамогу плянава-аптымістычныя мэдыі: «Берасьцейская вобласьць пачала прымаць збожжа, прызначанае для нашай краіны. Адапаведна з урадавымі дамоўленасьцямі яго павінна паступіць 700 000 тон. Першыя цягнікі з пшаніцай ужо адпраўленыя зь Берасьця па прызначэньні».

700 000 тон збожжа ўратуюць ад галоднай сьмерці 40 000 БРЖ (калі хто ня ведае — буйная рагатая жывёла). Малаком і мясам аднаго зь яе відаў — Bos taurus primigenius Rutim (каровы) — ласавалася, напэўна, большасьць чытачоў.

Між іншым, каровы і людзі жывуць побач ужо восем тысячагодзьдзяў. Таму дзядзькі, што пасьвяць гавяду на выгане за вёскай, ці ў саванах і прэрыях, ці нават у самым Тыбэце, аднолькава крычаць на яе: «Го, го!»

Спрадвеку карова карміла беларуса. За тое прасіў ён у Бога, «каб была малочна, а не была ўрочна» і зычыў рагуліным ворагам «соль у вочы ды галаўню ў зубы». Тутэйшы спажывец зьядае за жыцьцё ня менш за 5 кароваў і 10 тонаў малака ды вырабаў зь яго.

Адпаведна, працэс падрыхтоўкі корму на зіму дзеля сваіх кароваў здаваўся да апошняга часу вельмі натуральным нават марксістам-мічурынцам кшталту Трафіма Лысенкі. Рэчаіснасьць пахіснула і гэтую замшэлую догму.

У 1990-м вытворчасьць малака была 727 літраў на чалавека, у 1994 — 532, сёлета — ці не 440 атрымаецца. Ды й тое, людзям паспалітым дзякуй.

Калгасы-дзяржгасы на 01.12.99 мелі кармоў на 30% меней, чым у той жа час у 1998 г., калі ў іх было кармоў на 15% меней, чым у 1997 г. і г.д. Каторы скажа — выключна дрэннае надвор’е — памыляецца. Вось на малюнку дзяржаўны і прыватны сэктары паасобку, а ваганьні надвор’я выключаныя праз разгляд г.зв. «згладжаных» сярэдніх лічбаў за кожныя пятнаццаць гадоў. Відаць, што калгасы вычарпалі свае магчымасьці яшчэ за часоў СССР, а прыватныя гаспадаркі не дайшлі да мяжы, абумоўленай узроўнем сваёй тэхналёгіі. На жаль, калі нічога ня зьменіцца, то й яны хутка пачнуць этап стагнацыі з-за архаічнасьці і малога доступу да спэцыялізаваных паслугаў аграсэрвісу, крэдытаў, ноў-хаў дый старэньня гаспадароў таксама. А праграмамі рэфармаваньня быдла ня ўкорміш.

І ніколі ўжо ня будзе чырвонага вечаровага сонца, што сьвяціла на сьпіны важных, як госьці, кароваў, як яны вярталіся па брукаванцы да сваіх хлявоў, а дзеткі беглі іх сустракаць, і гаспадыні выходзілі да брамак, на шэры цэмэнтавы ходнік, а потым, калі першыя кажаны няслышна сьлізгалі ў чорным ценю стогадовых клёнаў, малако было...

Не, малако павінна быць. Будзе. Абавязкова. Як скончыцца эпоха падрыхтовак да зімы зь візытамі на фэрмы на найвышэйшым узроўні і наступным выратаваньнем БРЖ ад наступстваў гэтых візытаў.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0