Менская кроніка

 

30 цудатворных абразоў

У Нацыянальным мастацкім музэі праходзіць выстава цудатворных і мясцовашанаваных абразоў Божае Маці: 30 абразоў з розных куткоў Беларусі. Праваслаўныя й каталіцкія абразы, створаныя ў XVI-XVIII ст., трапілі ў фонды музэю яшчэ за савецкім часам, але некаторыя і да цяпер не адрэстаўраваныя.

 

Партрэт зь літарак

Тамсама, у Мастацкім музэі, 13 студзеня адчынілася выстава каліграфіі й шрыфтавога дызайну «Літ-арт 2000». Тэрмін «літ-арт» прыдумаў у свой час паэт Алесь Разанаў. У гэтай, ужо трэцяй, выставе каліграфіі разам з мастакамі Паўлам Семчанкам, Вячаславам Паўлаўцом, Уладзімерам Васюком удзельнічаюць літаратары-авангардысты. Сярод экспанатаў — складзены зь літараў партрэт філёзафа Валянціна Акудовіча. Якога «няма».

 

Людзі граюць людзям

13 студзеня ў Слуцку пачаўся Рэспубліканскі фэстываль аматарскіх тэатраў. Прыехалі камэдыянты адусюль, ад Ваўкавыску да Лепля. Апроч самога Слуцку, народныя тэатры выступілі ў дзевяці навакольных вёсках. Сёньня ў Беларусі граюць больш за 200 аматарскіх тэатраў.

 

Анархісты — мянтам

12 студзеня дырэкцыя начнога клюбу «Магна» (былы «Акварыюм»), дзе таго вечара праходзіў канцэрт 10 рок-гуртоў, абвесьціла пра заснаваньне рок-клюбу. Але найбольш цікавая на гэтым тыдні тусоўка зьбіралася ў той жа дзень у клюбе «4 апэльсыны». Менскія анархісты з газэты «Навінкі» наладзілі традыцыйную вечарыну «Блакітны агеньчык», вытрыманую ў лепшым духу штампаў Беларускага тэлебачаньня. Гучалі заклікі змагацца з касмапалітызмам, не жаваць амэрыканскіх бабл-гамаў і ўвогуле пакараць Амэрыку эканамічнымі санкцыямі. А ўлюбёны лёзунг нашых анархістаў — «Дапамажы мянтам: пабі сябе сам!»

Юрась Барысевіч

 

Мірны ўзьлёт

Беларус Максім Мірны вырваўся на 13-ы радок у рэйтынгу найлепшых тэнісістаў сьвету. Не, ён ня выйграў у Сампраса і Агасі. Папросту АТП увяла новыя правілы падліку ачкоў, і кожны новы год усе тэнісісты будуць пачынаць «з нуля». Удала выступіўшы на першым жа турніры (Мірны дайшоў да чвэрцьфіналу), наш тэнісіст быў ускараскаўся на самую вяршыню рэйтынгу. А цяпер зноў папоўз назад. Прыроду не падманеш!

Аляксей Шыдлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0